Медицинская помощь, социальная защита, материальная поддержка: как государство заботится о пожилых

Каб старасць была ў радасць

Падтрымка i сацыяльная абарона пажылых людзей — адзiн з асноўных прыярытэтаў дзяржаўнай сацыяльнай палiтыкi нашай краiны. Ва ўзросце 65 i больш гадоў знаходзiцца 16 працэнтаў насельнiцтва Беларусi — гэта амаль паўтара мiльёна чалавек. Зразумела, такую колькасць грамадзян нельга пакiнуць без дапамогi i падтрымкi, бо гэта нашы блiзкiя, носьбiты вялiзнага вопыту i жыццёвай мудрасцi.

У краіне створаны ўмовы для актыўнага даўгалецця.

— Для падтрымкi пажылых людзей створана сетка з 146 тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельнiцтва, — расказала Таццяна Фёдарава, начальнiк Галоўнага ўпраўлення сацыяльнага абслугоўвання i сацыяльнай дапамогi Мiнiстэрства працы i сацыяльнай абароны. — Вельмi папулярныя цяпер 155 аддзяленняў дзённага знаходжання, iх наведваюць амаль 13 тысяч чалавек. Там бабулi i дзядулi могуць займацца творчасцю, фiзiчнымi практыкаваннямi, танцамi, засваеннем камп’ютарнай пiсьменнасцi i многiм iншым. 

Пры аказаннi сацыяльнай падтрымкi пажылым людзям асаблiвая ўвага надаецца ветэранам Вялiкай Айчыннай вайны i асобам, якiя пацярпелi ад наступстваў вайны, а таксама адзiнокiм пажылым людзям. Штогод умовы iх жыцця абследуюцца тэрытарыяльнымi цэнтрамi з тым каб вызначыць, якiя праблемы ў iх ёсць, i аказаць дапамогу.

— Падчас такiх абследаванняў сёлета выяўлена амаль 20,5 тысячы адзiнокiх людзей, якiя маюць патрэбу ў падтрымцы, — паведамiла Таццяна Фёдарава. — 90 працэнтаў заявак, якiя паступiлi, ужо выканана, астатнiя працягваюць выконвацца ў планавым парадку.

Акрамя таго, камiсii прыходзяць да адзiнокiх пажылых людзей i тых, хто пражывае адзiнока, каб вызначыць, наколькi бяспечнае iх жыллё з пункта гледжання пажарнай бяспекi. Пры неабходнасцi дапамагаюць ва ўстаноўцы аўтаномных пажарных апавяшчальнiкаў, рамонце печаў, замене электраправодкi. Такую падтрымку атрымалi больш за шэсць тысяч пажылых людзей на агульную суму 300 тысяч рублёў.

За тымi, хто мае патрэбу ў дапамозе, замацаваны прадпрыемствы, установы адукацыi. Iх прадстаўнiкi дапамагаюць бабулям i дзядулям прыбраць двары i прысядзiбныя ўчасткi, нарыхтаваць на зiму гароднiну i дровы.

— У адпаведнасцi з указам Прэзiдэнта штогод з 2022 года ветэранам Вялiкай Айчыннай вайны i асобам, якiя пацярпелi ад яе наступстваў, будзе выплачвацца да Дня Перамогi матэрыяльная дапамога, — нагадала Таццяна Мiкалаеўна. — Памер яе i парадак выплаты будуць штогод вызначацца ўрадам у першым квартале.

Пры ўзнiкненнi ў пажылых людзей цяжкай жыццёвай сiтуацыi, якая патрабуе матэрыяльнай падтрымкi, яны могуць яе атрымаць дзякуючы сiстэме дзяржаўнай сацыяльнай адраснай дапамогi. У гэтым годзе такая дапамога аказана больш чым 83 тысячам непрацаздольных грамадзян, затрачана на яе 33 млн рублёў.

Людмiла Жылевiч, кiраўнiк рэспублiканскага геранталагiчнага цэнтра (актыўнага даўгалецця), адзначыла: асаблiвасць клопату аб пажылых людзях у тым, што першасная медыцынская дапамога iм цесна пераплятаецца з медыка-сацыяльнай.

Многiя людзi шаноўнага ўзросту жывуць у сельскай мясцовасцi. Для своечасовага аказання iм медыцынскай дапамогi створаны перасоўныя мабiльныя брыгады, павялiчана колькасць машын хуткай дапамогi. Практыкуюцца кансультаванне па тэлефоне, з дапамогай iнтэрнэту. Тэлемедыцынскiя тэхналогii, падключаныя ў 262 арганiзацыях аховы здароўя, дазваляюць урачу агульнай практыкi з рэгiёна хутка атрымаць савет спецыялiста любога ўзроўню.

Ксенiя ЯЎГЕНIЧ.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter