Каб панавала шчасце...

У Дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту прайшла лірыка-гумарыстычная праграма «Кахаем па-беларуску», якая расказала пра стаўленне беларусаў да шлюбу і сям’і.

— Мы паказалі эпізод абраду «Сустрэча маладых», варажылі разам з музейнымі Заляркамі, вывучалі вясельныя забабоны, частавалі гарачай гарбатай з купальскіх зёлак, — удакладніла карэспандэнту «БН» загадчык аддзела маркетынгу Ірына Марчанка. — Свята гэтае ладзім ужо трэці год запар. І таму чакалі ў госці ў тым ліку маладыя пары, якія некалі тут і пазнаёміліся. Некаторыя абяцалі прыехаць нават са сваімі дзеткамі — усяго гэта больш за паўсотні чалавек.

Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту прадставіў адзін новы абрад «Злом навалы і напасці, каб панавала ў сям’і шчасце».

Дарэчы, прагнозы сіноптыкаў арганізатараў не спужалі. Ірына Марчанка падзялілася: свята, сагрэтае цеплынёй сэрцаў закаханых, не сарваў нават мароз.

Таццяна УСКОВА, «БН»

НА ЗДЫМКУ: імгненні свята ў Дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту.

Фота з архіва музея

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter