Каб пал не перайшоў у вал

Пал сухой травы знiшчыў у вёсцы два нежылыя дамы i хлеў

Больш за гадзiну спатрэбiлася выратавальнiкам, каб утаймаваць раз’юшанае полымя ў вёсцы Гдзень Камарынскага раёна. Полымя ахапiла i знiшчыла два нежылыя дамы i хлеў. Па папярэднiх звестках, прычынай пажару стаў пал сухой травы. Падобныя выпадкi зафiксаваны ў Лоеўскiм i Гомельскiм раёнах. Увогуле ж толькi за адзiн з мiнулых дзён на Гомельшчыне зарэгiстравана сем травяных пажараў – агонь гаспадарыў на плошчы каля трох гектараў.

– I гэта толькi афiцыйна засведчаныя палы, – патлумачыў сiтуацыю прэс-сакратар Гомельскага абласнога ўпраўлення МНС Руслан Габрылёў. – На справе ж такiх выпадкаў значна больш.

Парадокс у тым, што калi яшчэ нядаўна супрацоўнiкi МНС рэгiёна канцэнтравалi сiлы i сродкi для барацьбы з наступствамi веснавой паводкi, то сёння з мэтай прадухiлення тарфяных пажараў даводзiцца, насупраць, затрымлiваць ваду ў мелiярацыйных каналах на асушаных тарфянiках. На шчасце, палы пакуль не прывялi да чалавечых ахвяр.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter