Каб не застацца без набытага аўтамабіля

На пытанне адказвае начальнік упраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязей МУС Канстанцін ШАЛЬКЕВІЧ
Шалькевич КонстантинНа пытанне адказвае начальнік упраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязей МУС Канстанцін ШАЛЬКЕВІЧ

Усе мае знаёмыя кінуліся купляць у Расіі сабе легкавыя машыны. У сувязі са зніжэннем курса расійскага рубля гэта стала выгадным заняткам. Ці няма падводных камянёў у гэтым «бізнесе»?
Станіслаў ЛЯХОВІЧ, г. Віцебск

АДКАЗ. У апошні час павялічыўся паток аўтатранспарту, набытага грамадзянамі нашай краіны ў Расіі, што ўскладніла крымінагеннае становішча ў сферы аўтабізнесу. У другім паўгоддзі ўзрасла колькасць заяў у органы ўнутраных спраў ад грамадзян Беларусі, якія пацярпелі ад дзеянняў нядобрасумленных прадаўцоў з Расіі. Звязана гэта перш за ўсё з набыццём машын, якія знаходзяцца ў вышуку, з пераробленымі ўлікова-рэгістрацыйнымі дакументамі і нумарамі асноўных агрэгатаў, якія арыштаваны па рашэнні суда, заложаны ў выглядзе абавязацельстваў. За 11 месяцаў бягучага года ў Расійскай Федэрацыі знаходзілася ў вышуку больш за 100 тысяч транспартных сродкаў. З улікам адкрытасці мяжы, спрошчанай працэдуры куплі-продажу і ўзрослага попыту на расійскія аўтамабілі ёсць вялікая верагоднасць таго, што частка машын, якія маюць крымінальнае мінулае, можа  быць  рэалізавана  нашым грамадзянам  пад  выглядам  легальнага транспарту.

У рэгістрацыйных падраздзяленнях ДАІ краіны штодня ставіцца на ўлік звыш 500 аўтамашын, увезеных з Расійскай Федэрацыі, амаль кожная другая з іх рэгіструецца ў Мінску. Сярэдні кошт аўтамашын — 20—25 тысяч долараў. Варта адзначыць, што рэгістрацыя некаторых транспартных сродкаў з’яўляецца спосабам легалізацыі выкрадзеных у Расіі аўтамабіляў. На практыцы гэта атрыманне легальных рэгістрацыйных дакументаў у Беларусі з наступным выбыццём у Расійскую Федэрацыю і, як вынік, з’яўленне аўтамабіляў-двайнікоў.

Вось канкрэтныя прыклады. Жыхаркай Віцебска для рэгістрацыі быў прадстаўлены аўтамабіль «Лексус RX300» 2005 года выпуску, набыты ў Смаленску. Пасля накіравання запыту расійскім калегам высветлілася, што гэты аўтамабіль з уліку не знімаўся і працягвае «калясіць» па прасторах Расійскай Федэрацыі. Іншамарка канфіскавана да заканчэння праверкі.

Уладальнік «Ленд Ровера» 2013 года выпуску толькі пры пастаноўцы на ўлік у ДАІ даведаўся, што пасведчанне аб рэгістрацыі на іншамарку выраблена не на прадпрыемстве, якое ажыццяўляе выпуск прадукцыі гэтага тыпу. Прасцей кажучы, пячаткі на дакументах, атрыманых ад расійскага прадаўца, аказаліся падробленымі. Адказы з Санкт-Пецярбурга пацвердзілі: машына знаходзіцца ў вышуку.

У аналагічнай сітуацыі апынуліся сямёра жыхароў Гомельшчыны, якія набылі ў Расіі новыя аўтамабілі «Таёта», «Ленд Ровер» і «Міцубісі». Па інфармацыі супрацоўнікаў праваахоўных органаў Бранскай вобласці, гэтыя транспартныя сродкі з ідэнтычнымі ідэнтыфікацыйнымі нумарамі кузаваў зарэгістраваны ў Санкт-Пецярбургу і Ленінградскай вобласці.

Як паведаміў начальнік аддзела па арганізацыі раскрыцця злачынстваў у сферы аўтабізнесу галоўнага ўпраўлення крымiнальнага вышуку МУС Беларусі падпалкоўнік міліцыі А. Малахаў, падраздзяленнямі крымінальнага вышуку праводзіцца праверка па 110 аўтамашынах, увезеных у кастрычніку—лістападзе бягучага года з тэрыторыі Расійскай Федэрацыі. Прычына: узніклі сумненні ў сапраўднасці дакументаў і нумароў на агрэгатах альбо аўто знаходзяцца ў вышуку. Нашых грамадзян прыцягвае цана рэспектабельнай, дарагой іншамаркі. Вынік — набыццё аўто з крымінальным мінулым. Усе без выключэння праблемныя машыны будуць адбірацца ва ўладальнікаў да заканчэння праверкі. І не факт, што грамадзянін, які набыў аўтамабіль, атрымае яго назад. Аўто можа вярнуцца ў Расiю да ранейшага ўладальніка. І такія прыклады ўжо ёсць.

Каб пазбегнуць легалізацыі машын з крымінальным мінулым, узмоцнены кантроль і з боку рэгістрацыйных падраздзяленняў ДАІ краіны. Па ўсіх транспартных сродках, увезеных з Расійскай Федэрацыі, накіроўваецца запыт па месцы іх папярэдняй рэгістрацыі. Да атрымання адказу ўладальнік не можа ні зняць з уліку сваю машыну, ні прадаць яе. Калі па заканчэнні трох месяцаў адказ з Расіі не прыйшоў, запыт накіроўваецца паўторна, а рэгістрацыйныя дакументы перадаюцца ў органы Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз для правядзення экспертызы. Нярэдка бываюць выпадкі, калі працэдура пацвярджэння з Расійскай Федэрацыі доўжыцца больш за 6 месяцаў, дастаўляючы новаму ўладальніку не радасць ад пакупкі, а доўгае чаканне магчымасці распараджацца набытай маёмасцю.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter