Каб не было пахмелля ад чужога вяселля

Чалавек істота слабая, асабліва калі гэта датычыцца яго шкодных звычак, унутраных асобасных комплексаў і фобій. Аднак, калі ў яго ёсць такія цяжкапераадольныя праблемы, як алкагалізм альбо наркаманія, — пакутуюць ён сам і ўсе, хто яго акружае: яго родныя і блізкія, наогул усё грамадства. Па-ранейшаму, даволі значная колькасць нашых грамадзян працягвае сыходзіць у нябыт ад атручвання алкагольнай прадукцыяй — за пяць месяцаў бягучага года памерла каля 600 чалавек. Найбольш пільная ўвага праваахоўнымі органамі цяпер надаецца барацьбе з распаўсюджваннем сурагатных алкагольных напояў: самагону, фальсіфікаванага алкаголю, усялякіх “замяняльнікаў”, што з’яўляюцца найбольш разбуральнымі адносна здароўя чалавека, сямейнага ладу жыцця, часта вядуць да смяротных зыходаў, поўнай ці частковай маральнай дэградацыі асобы.

Сувязь тут прамая: там, дзе існуе непамернае п’янства, безадказнасць, узнікаюць самыя розныя небяспечныя крымінальныя выпадкі (паводле статыстыкі, больш за 80 працэнтаў цяжкіх злачынстваў здзяйсняюцца пад алкагольным уплывам). Часта ў алкагольна-злачынную пастку трапляе моладзь.

Так, на 1 чэрвеня ў Беларусі ў стане алкагольнага ап’янення было ўчынена і адпаведна зарэгістравана амаль 34 тысячы злачынстваў.

Праблеме п’янства і алкагалізму насельніцтва ў нашай краіне надаецца асаблівая ўвага на самых розных узроўнях узаемадзеяння. Напрыклад, МУС стала выступае з ініцыятывамі аб абмежаванні і ўпарадкаванні гандлю алкагольнай прадукцыяй, вядзецца мэтанакіраваная прапаганда супраць п’янства Міністэрствам аховы здароўя, сацыяльнымі службамі, многімі іншымі дзяржаўнымі і грамадскімі структурамі. Пачынаючы з 2000 года ў Беларусі паспяхова рэалізуюцца і, галоўнае, даюць эфект дзяржаўныя праграмы па барацьбе з алкагалізмам.

Сёння ў грамадстве створана атмасфера вострай нецярпімасці да згаданых небяспечных праблем жыцця асобных грамадзян і пэўных асацыяльных груп людзей, якія злоўжываюць спіртным. Але многія з тых, хто пакутуе на алкаголь, не жадаюць агучваць і прызнаваць існуючую ўласную алкагольную залежнасць, не хочуць звяртацца ў спецыяльныя рэабілітацыйныя цэнтры па вельмі неабходную ў такіх выпадках комплексную дапамогу.

І ўсё ж вынікі ёсць, сітуацыя мяняецца да лепшага. Напрыклад, згодна са статыстыкай Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, грамадзяне Беларусі сталі значна менш скарыстоўваць алкагольных напояў: цяпер беларусы штогод на душу насельніцтва ўжываюць 11,2 літра алкаголю. Пагадзіцеся, і гэта лічба немаленькая. На тэрыторыі былога СССР самай пітушчай рэспублікай застаецца Малдова — з 15,2 літра спіртнога. Такім чынам, у адпаведнасці з сусветным рэйтынгам найбольш пітушчых дзяржаў мы з вамі значна палепшылі свае сацыяльна-побытавыя пазіцыі — з другога месца прасунуліся на 27-ю пазіцыю. 

Цікавы факт: згодна ранейшых звестак Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, у 2011 годзе ў Беларусі было выпіта 17,31 літра алкаголю на душу насельніцтва. У наступныя гады гэтая колькасць паступова змяншалася: 16,35 літра ў 2012-м, 14,66 — у 2013-м, 13,94 — у 2014-м. Прычым аўтарытэтная міжнародная арганізацыя працягвае папярэджваць: ужо больш за 8 літраў алкаголю ў год нясуць пагрозу здароўю чалавека, адмоўна ўплываюць на соцыум, працоўную актыўнасць людзей, на паўнавартаснае развіццё будучых пакаленняў.

На жаль, усе гэтыя станоўчыя фактары не даюць нам падставу для самазаспакоенасці, больш за 160 тысяч беларусаў маюць алкагольныя праблемы (сіндром залежнасці ад алкаголю). Да таго ж каля 90 тысяч грамадзян пакуль назіраюцца спецыялістамі з-за ўжывання алкаголю са шкоднымі наступствамі. Раней падобныя лічбы выглядалі яшчэ больш маштабнымі: 173—180 тысяч знаходзіліся на дыспансерным уліку, а тых, хто ўжываў спіртное са шкоднымі наступствамі, налічвалася 100—120 тысяч. 

Аднак пачынаючы з 2012-га смяротнасць і захворванне ад празмернага ўжывання алкаголю ў нашай краіне штогод зніжаецца на 5—7 працэнтаў. Будзем спадзявацца, што пазітыўная дынаміка ў гэтай найважнейшай сферы жыцця грамадства захаваецца. 

Вось такія навіны. Сустрэнемся...

sav@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter