“Каб ніколі не пакінула дзіва...”

Свае першыя вершы яна  прамаўляла маці, калі яшчэ не ўмела чытаць і пісаць. Сёння 24-гадовая  дзяўчына — кінадраматург, магістр мастацтвазнаўства, аўтар трох літаратурных зборнікаў (“Кроў Сусвету” (1996), “Каб неба сагрэць...” (2004), “Тамсама” (2006)) і трох рэкордаў у гісторыі беларускай літаратуры, супрацоўнічае з папулярнымі беларускімі выканаўцамі і  піша кандыдацкую дысертацыю. “Дзеці індыга” — так, напэўна, называюць хлопцаў і дзяўчат, якія жывуць у век высокіх тэхналогій, — руплівых, творчых, таленавітых, якія амаль цалкам адбыліся ўжо тады, калі многія іх аднагодкі яшчэ не могуць адказаць на пытанне: “Хто я? Дзеля чаго жыву?”...

Свае першыя вершы яна  прамаўляла маці, калі яшчэ не ўмела чытаць і пісаць. Сёння 24-гадовая  дзяўчына — кінадраматург, магістр мастацтвазнаўства, аўтар трох літаратурных зборнікаў (“Кроў Сусвету” (1996), “Каб неба сагрэць...” (2004), “Тамсама” (2006)) і трох рэкордаў у гісторыі беларускай літаратуры, супрацоўнічае з папулярнымі беларускімі выканаўцамі і  піша кандыдацкую дысертацыю. “Дзеці індыга” — так, напэўна, называюць хлопцаў і дзяўчат, якія жывуць у век высокіх тэхналогій, — руплівых, творчых, таленавітых, якія амаль цалкам адбыліся ўжо тады, калі многія іх аднагодкі яшчэ не могуць адказаць на пытанне: “Хто я? Дзеля чаго жыву?”...

Валерыя ўспамінае: род яе маці, Зосі Іванаўны, мае самабытную гісторыю. шляхціцы Казлоўскія былі вядомы яшчэ ў XVI стагоддзі. Прапрабабуля Валерыі размаўляла на беларускай мове, прабабуля таксама, нават бабуля, выкладчыца рускай мовы і літаратуры, сваім дзецям і вучням прывівала любоў да роднага, матчынага слова.
— У нашай сям’і заўсёды было прынята выхоўваць дзяцей, абапіраючыся перш за ўсё на каштоўнасці духоўныя. Матуля  прачытала мне шмат літаратуры, пакуль я яшчэ знаходзілася ў лоне яе, а потым, у маленстве, яна знаёміла мяне з кнігамі ўсёй праграмы філалагічнага факультэта, дзе яна вучылася, — расказвае Валерыя. — Дарэчы, чытаць я навучылася толькі ў чацвёртым класе. Усе творы школьнай праграмы ведала на памяць. Калі мы з маім малодшым братам Алесем былі дзецьмі, заўсёды наведвалі тэатры, выставы, разнастайныя літаратурныя вечарыны. Акрамя таго, бабуля штовечар выводзіла нас, малых, на ганак і вучыла гля-дзець на неба. Яна вучыла нас браць у неба энергію, сілкавацца ўзвышаным, каб быць чалавекам добрым, адкрытым, каб мець што даць іншым. Многія кажуць, што для іх натхненне — гэта нешта светлае, празрыстае. Для мяне гэта была проста шалёная пакута. Сярод ночы падымала нейкая сіла, і пакуль я не прамоўлю свае сны-мроі, не выкажу іх, пакуль  не  разбу-джу бацькоў і не прымушу іх занатаваць гэта — яна мяне проста не адпускала, я не магла заснуць, вобразы і галасы праследавалі мяне.
— Ведаю, што першыя твае вершы былі  надрукаваны, калі табе споўнілася сем гадоў...
— Прыблізна так, я тады вучылася  ў першым класе. Маімі настольнымі кнігамі, якія прасіла бацькоў чытаць мне замест казак, доўгі час былі “Шлях-360” і “Вастрыё стралы” Алеся Разанава (на жаль, ён больш вядомы ў Еўропе, чым на радзіме). Мае першыя творы аддалі на рэцэнзію менавіта яму. Праз тыдзень Алесь Сцяпанавіч прынёс цэлую прадмову. І неўзабаве вершы былі надрукаваны — філасофскія прамовы да Бога, развагі на тэму дачынення чалавека да космасу, пазасвецця... На сённяшні дзень рыхтуецца да друку ўжо чацвёрты мой зборнік. Пішу таксама п’есы. Але галоўнае ў маёй творчасці аддадзена паэзіі. Астатнее, мабыць, чакае свайго часу.
— Ці згодна ты з меркаваннем,  што паэт у век камп’ютэрнага прагрэсу і тэхнічнай рэвалюцыі болей чым паэт?
— Маеш на ўвазе, што сёння  гуманітарныя прафесіі не каціруюцца на рынку працы, а літаратару і ўвогуле цяжка знайсці “цёплае месца”? Сапраўды так. Але я ніколі не выбірала лёгкіх шляхоў. Мне даспадобы выказванне, што паэт — гэта той, каго зразумеюць потым. Мой знаёмы драматург кажа: “Усё будзе добра, праз сто гадоў я стану класікам”. А яго жонка не згаджаецца: “Дзяцей мне трэба карміць цяпер!” Я не ганюся за нейкім званнем ці пасадай, мне проста іншым не выпадае жыць. Лёгкі шлях паэта — гэта дзіўна, нязвыкла і, мабыць, нават ненатуральна.
— Сёння вучні школ і студэнты універсітэтаў 90 працэнтаў твораў чытаюць на рускай ці нават замежнай мовах. Калі заходзіць гутарка пра беларускую літаратуру, выпускнікі цяжка ўздыхваюць: усё, што яны вынеслі з альма-матэр — гэта “На ростанях”, “Каласы пад сярпом тваім”, паэма “Новая зямля”, проза Васіля Быкава. Цудоўная класіка, але ніводнага сучаснага твора. Дзе кнігі пра жыццё пакалення 80—90-х? Дзе вершы на злобу сённяшняга дня? Калі параўнаць з рускай літаратурай, то тут ёсць Галіна Шчарбакова, Вікторыя Токарава, Людміла Уліцкая, Ларыса Васільева, Барыс Акунін, Уладзімір Сарокін, Юрый Панчанка і нават — чаму не? — “рублёўская” пісьменніца Аксана Робскі і вядомая ўсім “сабачніца” Дар’я Данцова. А што маем мы? Нядзіўна, што большасць маладых лічыць: сучаснай беларускай літаратуры проста няма...
— На вялікі жаль, не я складаю школьную праграму па беларускай літаратуры, хаця люблю творы і Караткевіча, і Быкава, і Купалы. Шкада, што большасць моладзі не ў курсе таго, што адбываецца сёння на ніве айчыннай прозы і паэзіі. Хаця, шчыра кажучы, я гэтага не адчуваю. Напэўна, мне пашанцавала, бо часта даводзіцца выступаць у школах ды універсітэтах. Там я бачу жывую, непадробную цікавасць да стану беларускай літаратуры, і паэзіі ў прыватнасці, а да саміх літаратараў - тым больш. Гэта настолькі стэрэатыпнае і састарэлае  меркаванне, што беларуская літаратура — гэта пра панскі прыгнёт ды змаганне за зямлю! Заклікаю ўсіх хадзіць на літаратурныя вечарыны з удзелам маладых літаратараў, сваіх аднагодкащ. Вы ўбачыце, што творы 20—30-гадовых пісьменнікаў — гэта тая літаратура, якая здольная і захапіць, і зацікавіць. Мяркую, калі б горача любімы мной Уладзімір Караткевіч прачытаў некалькі кніг пісьменнікаў майго пакалення, то вельмі радаваўся б! Сённяшняя беларуская літаратура — разнастайная, яркая, у нечым шалёна-цынічная, у нечым па-добраму злая. І зусім непадобная да літаратуры пачатку мінулага стагоддзя, якая ў сваёй пакутнай большасці  так адпрэчыла школьнікаў. Яна была надзвычай актуальная для свайго часу, дый цяпер многія творы не страцілі вастрыні, але сёння варта знаёміць дзяцей і дарослых і з сучаснымі творамі таксама. Даваць магчымасць чытаць не пра зямлю-матухну, калектывізацыю і пасяўную, а пра “Беларускі “Тытанік”, пра “бульбоўнік кахання”, пра “Астатняе танга ў Менску”. Іронія, эротыка, гумар - усё гэта ёсць у сённяшніх беларускіх творах. Задача — давесці іх да чытача, зацікавіць імі, каб чытач змог рушыць далей, глыбей ды існей. Каб не быць пустаслоўнай, прапаную наведаць мой блог у Інтэрнэце: http://valjaryna.livejournal.com/profile, на старонках якога можна знайсці рэгулярныя аб’явы пра цікавыя музычныя ды літаратурныя імпрэзы з удзелам сучасных літаратараў, якіх можна будзе і пабачыць, і паслухаць, і памацаць, і кнігі падпісаць, і парады запытацца, дый проста пагутарыць пра набалелае, а таксама справаздачы з іх. Прыходзьце і выбірайце сваіх любімцаў самі, а за намі не стане.
— Што ты ўкладваеш у паняцці “шчасце”, “каханне”? Памятаеш, як разважалі на  вечныя тэмы Купала, Колас, Пімен Панчанка, Багдановіч? Але гэта было сто гадоў таму... 
— Мне заўсёды здавалася, што сапраўднае  шчасце — гэта шлях да яго. Калі штосьці ўжо дасягнута, то прысутнічае нават нейкая спустошанасць. Немажліва асэнсаваць і адчуць радасць, калі яна дадзена беспакутна. Яна не такая салодкая, не такая напоўненая. Я, зразумела, не кажу пра тую радасць ад лісця ў лужыне — гэта шчасце, што ты жывеш. А вось здабытае шчасце — яно і больш моцнае, і больш каштоўнае. Што датычыцца кахання... Гэта ўсё вельмі асабістае. У кожнага свой лёс, сваё каханне. Раней мне вельмі падабаліся паэты. Але потым, ведаеш, я зразумела, што асобы з паэтычнымі схільнасцямі і кранальнымі светапрасторамі цяжка ўжываюцца адно з адным... І з’явілася ў мяне такая жартаўлівая выснова: лепш інжынер на кухні, чым паэт на шыі. З літаратарамі лепей адпрацоўваць культуру паэтычных паводзін. Вельмі часта гэта — гульня, шматсэнсоўныя фразы, іронія. Але ці той гэта шлях да стабільнага жыцця ў адной хатняй прасторы? Не ведаю... Сёння гэта амаль што норма: юнакі і дзяўчаты атрымліваюць некалькі адукацый, робяць кар’еру. Але бацькі час ад часу пытаюцца ў іх: чаму не выходзяць замуж, не раджаюць дзяцей? Я разважаю так: можна завесці сям’ю ў 20 гадоў, і ўсё будзе добра. А можна і ў 30 — і ўсё таксама будзе цудоўна. Справа ў тым, што пабрацца шлюбам толькі дзеля таго, каб “там” пабываць, — гэта не пра мяне. Проста не знайшоўся яшчэ той чалавек... А мо я проста не магу яго разгледзець сярод тых, хто побач. Можа быць, я сустрэну яго заўтра на прыпынку аўтобуса. А можа, і праз год, праз два. Галоўнае, каб “торкнула”, каб я зразумела, што вось гэта — ён!
— Якой Валерыя Кустава бачыць сябе праз 30 гадоў ?
— З хаткай на беразе мора, дзе я мела б магчымасць сустрэць  пенсію... Гэта жарт! На самай справе бачу сябе разам са сваёй сям’ёй — каханы муж, дзеці, бацькі — дай ім Божа пражыць як мага больш. А яшчэ вельмі важна, каб мяне ніколі не пакінула дзіва — у асабістым жыцці і ў творчасці. Каб жаданне пісаць вершы, расці і лётаць заўсёды заставалася са мной...

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter