У гэтым годзе ўдзельнікамі самай памятнай навагодняй акцыі — галоўнай ёлкі краіны, якая традыцыйна праходзіць з удзелам кіраўніка нашай дзяржавы, стануць 2370 дзяцей ва ўзросце ад 8 да 14 гадоў.

Мерапрыемствы, распавяла начальнік упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Мінадукацыі Марыя Саротнік, запланаваны на 23—24 снежня. У першы дзень хлопцы і дзяўчаты з усіх рэгіёнаў краіны прыедуць у Мінск, дзе зноў жа па даўняй добрай традыцыі іх чакае прадстаўленне ў Мінскім цырку. А 24 снежня ў Палацы Рэспублікі яны стануць удзельнікамі галоўнага свята. «Прадстаўленне будзе вельмі цікавым, — прыадкрывае тайну Марыя Саротнік. — Іх чакае ў пэўным сэнсе віртуальны Новы год, бо сённяшнія школьнікі любяць камп’ютарныя гульні. Усе камп’ютарныя інтрыганы, вірусы не змогуць перамагчы Снягурку, Дзеда Мароза і ўсіх станоўчых герояў. Так што дабро, як яно і павінна быць, зноў пераможа зло».
Але і гэта не ўсё. Паводле слоў спецыяліста, спектакль завершыць выстава «Калядная зорка», дзе дзеці змогуць пазнаёміцца з работамі пераможцаў аднайменнага конкурсу, які пачынаецца ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі 17 снежня. «Работы будуць вельмі цікавыя, — пераканана Марыя Саротнік. — Мы зможам убачыць тут нават так званыя тэхнаёлкі». Акрамя таго, на свяце будуць працаваць аніматары, так што сумаваць не давядзецца. І самі хлопцы і дзяўчаты не прыйдуць з пустымі рукамі — яны рыхтуюць сюрпрыз для кіраўніка дзяржавы.
Удзельнікамі навагодніх мерапрыемстваў у рэгіёнах стануць лепшыя з лепшых — пераможцы рэспубліканскіх, рэгіянальных алімпіяд, лепшыя спартсмены, вучні і актывісты. І, вядома, дзеці-сіроты і тыя, хто застаўся без апекі бацькоў. Прычым у кожным рэгіёне ў ходзе дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці» будуць свае мерапрыемствы з іскрынкай. Напрыклад, у Мінску 23 снежня пройдзе сяброўскі футбольны матч з удзелам лепшых футбалістаў краіны і 4 каманд дзіцячых дамоў. Зараз хлопцы актыўна трэніруюцца. Магілёўшчына, а менавіта Клічаўскі і Крычаўскі раёны, таксама рыхтуе падарункі для хлопчыкаў і дзяўчынак, якія знаходзяцца ў інтэрнатах або сацыяльна-педагагічных цэнтрах. Тут адкрыюцца два новыя дзіцячыя дамы сямейнага тыпу, так што многія сіроты змогуць Новы год сустрэць у сем’ях.
Цяперашняя акцыя «Нашы дзеці» — 20-я па ліку, так што ўсе аргпытанні, па словах Марыі Саротнік, вырашаны і накладак за гэтыя гады не было і не будзе. Вядома, хто адказвае за дастаўку дзяцей на галоўную ёлку краіны, іх суправаджэнне, хто традыцыйна рыхтуе ім салодкія падарункі. Па шматгадовай традыцыі ў акцыі ўдзельнічаюць усе міністэрствы і ведамствы краіны. «Як правіла, гэта ўжо даўнія шэфскія сувязі паміж ведамствамі і падшэфнымі, — кажа Марыя Саротнік. — І ўстановам дапамагаюць з года ў год, і не толькі ў рамках акцыі. У мінулым годзе на гэтыя мэты было выдзелена каля 5,5 мільярда рублёў, у папярэднім — больш за 4 мільярды. Зараз удзельнікамі акцыі на рэспубліканскім узроўні стануць звыш 12 тысяч хлопчыкаў і дзяўчынак».
Але дапамагчы дзецям можа кожны жадаючы. Напрыклад, у мінулым годзе калектыў упраўлення эканомікі Гомельскага аблвыканкама падарыў дзяўчынцы Насці прафесійны набор цырульніка. Цяпер яна навучаецца ў каледжы бытавога абслугоўвання, і гэты падарунак дапамагае ёй у вучобе.
«Сёння ў краіне больш за 22 тысячы дзяцей-сірот або тых, хто застаўся без апекі бацькоў, 4389 з іх пражываюць у інтэрнатах, астатнія — у апякунскіх, прыёмных сем’ях, — кажа спецыяліст. — Мы практыкуем такую форму дапамогі, як «Казачная ёлка», дзе на кожнай з цацак дзіця можа напісаць сваё пажаданне. Праз такі зварот любая арганізацыя можа зрабіць яму доўгачаканы падарунак».
veraart14@mail.ru