Каб людзi табе паверылi

Цi належнае месца ў сучасным грамадстве займаюць мясцовыя Саветы дэпутатаў, каб стаць дзейсным iнструментам ва ўмацаваннi сувязi ўлады з  насельнiцтвам?

Цi належнае месца ў сучасным грамадстве займаюць мясцовыя Саветы дэпутатаў, каб стаць дзейсным iнструментам ва ўмацаваннi сувязi ўлады з  насельнiцтвам,  трывалай асновай у справе дзяржаўнага будаўнiцтва? Пытанне, якому раней пастаянна надавалася ўвага кiраўнiцтва дзяржавы, з асаблiвай вастрынёй паўстала пасля наведвання Прэзiдэнтам краiны Шклоўскага раёна Магiлёўскай вобласцi. Якое практычнае ўвасабленне ў дзейнасцi Саветаў знаходзяць крытычныя заўвагi i прынцыповыя ацэнкi кiраўнiка краiны, зробленыя пасля вiзiту, якiмi клопатамi жывуць сёння органы ўлады i кiравання непасрэдна ў вёсцы i гарадскiм пасёлку? Аб гэтым i iншым разважае старшыня Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў Валерый СялiцкI.

— Адзначаючы нiзкую эфектыўнасць работы мясцовых Саветаў i структур тэрытарыяльнага грамадскага самакiравання, кiраўнiк дзяржавы, несумненна, меў на тое падставы. I адна з вiдавочных прычын таго, што пры наяўнасцi  дастатковай нарматыўнай базы мясцовая ўлада пакуль не ў стане рэальна наблiзiцца да надзённых запатрабаванняў насель­нiцтва адпаведнай тэрыторыi, крыецца ў недастатковай асабiстай аўтарытэтнасцi, а часам – банальнай безынi­цыятыўнасцi старшынь Саветаў. Каля чвэрцi iх (у вобласцi налiчваецца 275 сельскiх i пасялковых Саветаў) сёння не маюць вышэйшай адукацыi. Асобныя з iх ужо страцiлi маральнае права прадстаўляць структуры ўлады на пярвiчным узроўнi. На слыху – крымiнальная справа, узбуджаная ў адносiнах да старшынi  Церахоўскага пасялковага Савета Добрушскага раёна, якi за са­дзейнiчанне ў атрыманнi нарада на нарыхтоўку лесу прыняў ад аднаго з грамадзян хабар у 500 долараў ЗША. Парадокс, але названая службовая асоба да ўсяго з’яўлялася i старшынёй камiсii па заканадаўству  раённага Савета дэпутатаў. Вiдавочна, што адной з першачарговых задач згодна з даручэннямi Прэзiдэнта з’яўляецца абнаўленне саставу кiраўнiкоў органаў улады на месцах. Хочам таго цi не, але ў адпаведнасцi з сучаснымi патрабаваннямi кiраўнiк  Савета ўяўляе сабой ключавое звяно працы з насельнiцтвам. А гэта азначае, што на такой пасадзе павiнен быць чалавек высокаадукаваны, кампетэнтны, здольны паглыбляцца ў праблемы людзей i разам з дэпутатамi розных узроўняў вырашаць iх. Побач з акрэсленай  i праблема слабай матэрыяльна-тэхнiчнай базы нiзавых звенняў улады, што не лепшым чынам уплывае на работу Саветаў. Значная частка iх размешчана ў непрыстасаваных памяшканнях, як правiла, канторах мясцовых гаспадарак, дзе ёсць праблемы з ацяпленнем, гадамi не рабiлiся рамонты. Пра забеспячэнне работнiкаў Саветаў камп’ютэрнай, размнажальнай тэхнiкай, аўтатранспартам – размова асобная. Да прыкладу, у Хойнiцкiм раёне нашай вобласцi з 8 аўтамабiляў, што значацца на балансе Саветаў, сёння 7 няспраўных. Але ж гранiцы сельскiх Саветаў iншы раз працягнуты на 25—30 кiламетраў! Веласiпед тут не лепшы памочнiк. Ёсць спа­дзяванне, што справы ў гэтым накiрунку палепшацца. Тым больш што кiраўнiк краiны даў канкрэтныя даручэннi вырашыць да лютага наступнага года надзённыя праблемы матэрыяльнага забеспячэння  Саветаў. 

Нi для каго не сакрэт, што менавiта тут, у нiзавым звяне, адбылося практычнае злiццё прадстаўнiчай i выканаўчай улад. Таму сельскiя Саветы дэ-факта знаходзяцца ва ўмовах, так бы мовiць, двайнога падпарадкавання. У сувязi з чым вельмi актуальнай для работнiкаў Саветаў (чытай, сельвыканкомаў), якiя маюць невялiкi штат (як правiла, 3—4 чалавекi), застаецца праблема фiзiчных i маральных перагрузак.  Райвыканкомы, праваахоўныя органы, установы кiравання  запатрабуюць ад Саветаў вялiкую колькасць справаздач i  даведак. Iх колькасць значна ўзрасла з увядзеннем прынцыпу «аднаго акна» ў дзяржустановах i арганiзацыях. У Саветах вядуцца таўшчэзныя 20-кiла­грамовыя «талмуды», так званыя пагаспадарчыя кнiгi, дзе збiраецца разнастайная статыстычная iнфармацыя, уключаючы своеасаблiвыя пашпарты прыватных падвор’яў. З яе запаўненнем часам узнiкаюць вялiкiя цяжкасцi. 

Часам даходзiць да абсурду. Вось не так даўно ў Саветы паступiлi «цыркуляры»-заданнi: пералiчыць наяўных катоў i сабак, што ўтрым­лiваюцца на падпарадкаванай тэрыторыi, а таксама праiнфармаваць эколагаў, колькi адходаў вывозiцца на мясцовыя звалкi!!! Валодаючы iнфармацыяй аб падобных фактах, кiраўнiк дзяржавы сёння iнiцыiруе прадметныя захады па хутчэйшай дэбюракратызацыi мясцовых органаў улады, у тым лiку iх пяр­вiчнага звяна. Вiдавочна, што Саветам на месцах неабходна актыўней праводзiць растлумачальную работу з насельнiцтвам, асаблiва ў пытаннях заканадаўства. На практыцы кiраўнiкi iх нярэдка дапускаюць вялiкую памылку, сканцэнтраваўшы гэтую функ­цыю толькi на сабе. Хаця больш кампетэнтна i правiль­на было б прыцягваць да такой працы з людзьмi юрыстаў, спецыялiстаў розных сфер, службовых асоб рознага ўзроўню. Нельга абы­ходзiць i прадстаўнiкоў дэпутацкага корпуса – ад раённага Савета да Нацыянальнага сходу, якiя па сваiм статусе абавязаны сустракацца з жыхарамi, дапамагаць лю­дзям у вырашэннi iх праблем. Немалаважную ролю ў шматграннай дзейнасцi пярвiчнага звяна ўлады павiнен адыгрываць  мясцовы актыў з лiку аўтарытэтных настаўнiкаў, кiраўнiкоў, святароў, дасканалым падборам такiх  памоч­нiкаў Саветы павiнны пастаянна займацца. 

Сёння на ўзроўнi рэспублiкi распрацоўваюцца механiзмы стварэння бюджэту мясцовых Саветаў, без чаго складана ўявiць сабе iх эфектыўную работу. Пагодзiмся: якi  можа быць аўтарытэт у органа ўлады, якi не мае магчымасцей набыць для працы элементарныя паперу ды алоўкi?! Разам з тым, на мой погляд, патрэбна спаўна выкарыстоўваць для самафiнансавання Саветаў i наяўныя рэзервы. Да прыкладу, адным з законных шляхоў папаўнення сродкаў, што знаходзяцца ў распараджэннi органаў улады, мог бы стаць продаж насельнiцтву i арганiзацыям – на будматэрыялы або дровы – старых невыкарыстоўваемых дамоў i пабудоў. Iх у вобласцi налiчваецца больш за 10 тысяч. А цi часта Саветы выкарыстоўваюць для арга­нiзацыi самаакупляемых праектаў банкаўскiя крэдыты (такая магчымасць iм таксама прадастаўлена законам)? Фактычна не прыжываюцца ў практыцы дзейнасцi Саветаў сiстэмы ўвядзення мясцовых збораў, да прыкладу, на тых жа ўладальнiкаў прыватнай аўтатрактарнай тэхнiкi. Часцей трэба скарыстоўваць i такiя формы вырашэння праблем тэрыторый, як звароты да землякоў, якiя могуць дапамагчы ў фiнансаваннi добраўпарадкавання тэрыторый. У прыцягненнi дарослых i дзяцей да вырашэння мясцовых задач магла б шырэй дапамагчы i такая форма работы, як даручэнне Савета. Гэта яскрава пацвярджаюць прыклады з практыкi асобных Саветаў Веткаўскага, Петрыкаўскага i iншых раёнаў. Словам, поле для iнiцыятывы Саветаў даволi значнае, неабходна толькi праявiць творчы падыход i весцi пастаянны пошук шляхоў ўзаемадзеяння, якiя знаходзяць падтрымку людзей. Праявiць такi падыход спаўна i заклiканы работнiкi мясцовых органаў улады. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter