«Каб любiць Беларусь нашу мiлую…»

Споўнiлася 20 гадоў Беларускаму таварыству ў Санкт-Пецярбургу

Што самае дарагое i святое для нашых землякоў, якiя жывуць у Санкт-Пецярбургу

Поклiч Радзiмы

Споўнiлася 20 гадоў з дня заснавання Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Санкт-Пецярбургу. Намеснiк яго старшынi Аляксандр Станкевiч (на здымку) прыехаў з паўночнай сталiцы Расii ў рэдакцыю нашай газеты, з iм i гутарка.

— Аляксандр Антонавiч, чым было выклiкана стварэнне таварыства, якiя галоўныя задачы яно ставiць у сваёй дзейнасцi?

— Радзiма даражэй за ўсё на свеце, у кожнага чалавека яна толькi адна. Любоў i iмкненне да яе неадольныя, добра ведаю гэта па сабе, — распавядае ён. – Я нарадзiўся ў Мядзельскiм раёне, лёс склаўся так, што даўно жыву i працую ў горадзе над Нявой, а сэрца — з роднай Беларуссю, з яе слаўным мiнулым i прыгожым сённяшнiм, з цудоўнай прыродай, з маiмi землякамi. Такiя пачуццi ўласцiвы многiм тысячам беларусаў Санкт-Пецярбурга, i гэта натуральна, вельмi добра i надзвычай важна. Менавiта такое памкненне i жаданне – быць разам з Беларуссю, не страцiць яе, не страцiць тое важнае i каштоўнае, што мы мелi ў СССР, — i стала галоўным сэнсам i задачай стварэння нашага таварыства. Яно было першай пасляваеннай грамадскай арганiзацыяй у паўночнай расiйскай сталiцы. Шмат хто з пецярбуржцаў намагаўся раней, робiць цяпер спробы падтрымлiваць сувязi з Бацькаўшчынай праз грамадскiя арганiзацыi, для iншых беларуская суполка – гэта спосаб захаваць сваю аўтэнтычнасць у шматнацыянальным асяроддзi мегаполiса. Наша згуртаванне стварае для гэтага неабходныя ўмовы, мы вельмi даражым iм, бо маем добрыя магчымасцi тут, на берагах Нявы, зберагаць i памнажаць самае дарагое i важнае, што звязвае нас з Радзiмай.

Мiнiстр Павел Латушка: «Прымiце словы падзякi»

Высокую ацэнку дзейнасцi таварыства з нагоды юбiлею даў мiнiстр культуры нашай рэспублiкi Павел Латушка. «Прымiце словы падзякi, — гаворыцца ў вiншавальным лiсце, — за ўклад, якi вы ўно-сiце ў справу зберажэння духоўных каштоўнасцей беларускага народа, папулярызацыю беларускай культуры i мастацтва. Паслядоўная i мэтанакiраваная культурна-выхаваўчая дзейнасць беларусаў Санкт-Пецярбурга, беражлiвае захаванне культурнай спадчыны i лепшых традыцый беларускага этнасу спрыяюць павышэнню аўтарытэту беларускай нацыi не толькi ў гэтым цудоўным горадзе, але i далёка за яго межамi». Мiнiстр перакананы, што мерапрыемствы, якiя прайшлi з нагоды юбiлею ў паўночнай расiйскай сталiцы, ствараюць добрую платформу для развiцця дыялога i далейшага супрацоўнiцтва памiж гiстарычнай радзiмай i беларусамi замежжа. Ён упэўнены, што нашы культурныя сувязi будуць пашырацца i мацнець, забяспечваючы тым самым падтрымку новых iнiцыятыў, выхаванне творчай моладзi i гэтак далей.

Сапраўдны, справядлiвы Саюз Беларусi i Расii можа быць жыццяздольным толькi тады, калi яго суб’екты цесна i плённа супрацоўнiчаюць i на глебе эканомiкi, i ў галiне культуры. Калi беларуская культура будзе зразумела ў Расii так, як расiйская – у Беларусi. У гэтым перакананы кiраўнiкi i члены БГКТ, i мы поўнасцю згодны з iмi.

Апантаны Валянцiн Грыцкевiч

Ад пачатку i па сённяшнi дзень паспяхова ўзначальвае таварыства Валянцiн Грыцкевiч, шырока вызначаны ў свеце дзеяч беларускай навукi i культуры. Ён нарадзiўся ў сям’i настаўнiка i ўрача, у 1950 годзе скончыў мiнскую сярэднюю школу № 42. Дарэчы, яе выпускнiк i наш знакамiты зямляк, сусветна вядомы вучоны, лаўрэат Нобелеўскай прэмii Жарэс Алфёраў. Дык вось Грыцкевiч, карыстаючыся наяўнасцю розных форм вышэйшай адукацыi – дзённай, вячэрняй i завочнай, — паступiў адразу ў тры вышэйшыя навучальныя ўстановы. I ўсе тры паспяхова скончыў: Iнстытут замежных моў (1955), Мiнскi медыцынскi iнстытут (1956) i гiстарычны факультэт Белдзяржунiверсiтэта (1957).

Дзейнасць Валянцiна Пятровiча здзiўляюча шырокая i мнагапланавая, ён проста апантаны. Выдатны вучоны-энцыклапедыст, гiсторык, музеязнаўца, урач, грамадскi дзеяч i педагог, доктар культуралогii i кандыдат меды-цынскiх навук, прафесар. Памеры газетнага артыкула не дазваляюць нават пералiчыць усе яго навукова-даследчыя работы, так iх многа. Назаву хаця б тыя, што маюць непасрэдныя адносiны да Беларусi: «Падарожжы нашых землякоў», «Дзесяць шляхоў з Вiльнi», «Нашы славутыя землякi», «Ад Нёмана да берагоў Цiхага акiяна», «Эдуард Пякарскi» (сумесна з А. Мальдзiсам). Выдаў падручнiк па музейнай справе ў свеце, пераклаў на беларускую лiтаратурныя творы з рускай i англiйскай моў.

Нашы на берагах Нявы

Сярод удзельнiкаў суполкi – вядомы навуковец, гiсторык лiтаратуры i кнiгазнавец, доктар фiлалагiчных навук Мiкалай Нiкалаеў. З iм аўтар гэтых радкоў знаёмы асабiста, i хачу прыгадаць некалькi эпiзодаў, якiя добра сведчаць пра творчую неўтаймаванасць, самаадданасць, высокi талент i выключную працавiтасць нашага земляка. Летась дэлегацыя ветэранаў з Беларусi ездзiла ў Санкт-Пецярбург, каб абмеркаваць планы i задумы далейшага супрацоўнiцтва са сваiмi калегамi. I вось Нiкалаеў запрасiў нас наведаць знакамiтую на ўвесь свет Расiйскую нацыянальную бiблiятэку, дзе ён працуе загадчыкам аддзела рэдкай кнiгi. Заўважу: пасада надзвычай адказная i цiкавая, прычым у бiблiятэцы расiйскай, i такую важную справу даручылi беларусу. Ужо гэты факт гаворыць пра многае.

Тое, што расказаў i паказаў Мiкалай Вiктаравiч, незвычайна захапiла нас. Нават ветэраны вайны, якiм ужо за 80 i якiя, скажам шчыра, далёкiя ад кнiжных iнтарэсаў, былi здзiўлены. Пад наглядам Нiкалаева скарбы, якiм няма цаны. Перш за ўсё я маю на ўвазе велiзарную колькасць друкаваных, надзвычай каштоўных работ пра Беларусь. Менавiта тут, дзякуй Богу i самаадданым людзям, захавалiся да нашага часу практычна ўсе сачыненнi на замежных мовах, прысвечаныя нашай Радзiме. Яны займаюць дастойнае месца сярод 38 мiльёнаў назваў розных крынiц бiблiятэкi.

— Я i сам кожны раз здзiўляюся i ўзрушаны, калi бачу, якi скарб тут ёсць, — распавядаў Мiкалай Вiктаравiч. – Тыя ж кiрылiчныя кнiгi, надрукаваныя ў Вялiкiм княстве Лiтоўскiм – у часы Францыска Скарыны i Iвана Фёдарава. Лепшая ў свеце калекцыя. Выданнi, якiм па 300—200 гадоў. Унiкальная Радзiвiлаўская (Брэсцкая) Бiблiя, выдадзеная яшчэ ў 1563 годзе, — на яе нават глядзець нельга без хвалявання…

Далей. У час тае паездкi нас прымалi кiраўнiкi самага цiкавага раёна паўночнай расiйскай сталiцы – Петраградскага. Мiкалай Вiктаравiч вось як скарыстаў гэты спрыяльны момант.

— Петраградскiя мясцiны ў многiм знакавыя для беларускай культуры, — сказаў ён, звяртаючыся да гаспадароў. – Калiсьцi тут, на Васiльеўскiм востраве, жыў наш незабыўны Янка Купала, займаўся на курсах Чарняева. Памяшканне, дзе знаходзiлiся курсы, захавалася да нашага часу. Гэта ў Татарскiм завулку, побач з Петрапаўлаўскай крэпасцю. Добра было б устанавiць на iм мемарыяльную дошку ў памяць пра Купалу.

Кiраўнiк раёна падтрымаў просьбу Нiкалаева, падкрэслiўшы, што неабходна зрабiць усё, каб памяць пра славутага беларускага паэта абавязкова жыла на берагах Нявы.

I яшчэ адзiн выключны момант. Сёлета на чарговым з’ездзе беларусаў свету ў Мiнску адбылася прэзентацыя кнiгi «Беларускi Пецярбург». Аўтар яе – Мiкалай Нiкалаеў, ён дае шырокую панараму жыцця i дзейнасцi выхадцаў з Беларусi ў Санкт-Пецярбургу на працягу яго 300-гадовай гiсторыi. Колькi тут знакамiтых iмёнаў, якiмi мы па праву можам ганарыцца! Усяго – звыш 2 тысяч персанажаў. Шэсць гадоў працаваў над кнiгай неўтаймаваны беларус, i вырашана, што яе бясплатна атрымаюць бiблiятэкi тых нашых населеных пунктаў, дзе нарадзiлiся людзi, пра якiх аповяд.

Адчуць роднае, святое

З таварыствам плённа працуюць людзi, чые прафесii непасрэдна не маюць дачынення да культуры. Значыць, такое iх жаданне – поклiч душы, Радзiмы. Мiхась Прахорчык – ураджэнец вёскi Зажэвiчы Салiгорскага раёна, капiтан 2-га рангу. Пасля заканчэння Севастопальскага вышэйшага iнжынернага вучылiшча 9 гадоў праслужыў на Паўночным флоце, плаваў на атамных падводных лодках. Дзевяць аўтаномных паходаў па тры месяцы кожны, значыць, 27 месяцаў Мiхаiл Мiкалаевiч жыў i працаваў на субмарыне, не бачачы божага свету. Падчас службы атрымаў званне ветэрана падраздзялення асаблi-вай рызыкi – такое званне давалася за лiквiдацыю аварыi на рэактары.

Цi Леанiд Сланеўскi. Нарадзiўся на трэцi дзень вайны – 24 чэрвеня 1941 года ў Гродне, генерал. У 1985 годзе заняў высокую пасаду зменнага намеснiка начальнiка аэрапорта Пулкава. Выдатнiк «Аэрафлоту» i Балгарскай грамадзянскай авiяцыi, ганаровы работнiк транспарту Расiйскай Федэрацыi, ён i сёння застаецца верным абранай прафесii. Адзiн з яго шматлiкiх абавязкаў ганаровы: у час свайго дзяжурства Леанiд Iгнатавiч асабiста сустракае i праводзiць рэйсы, якiмi ляцяць кiраўнiкi Расii i Пецярбурга.

I ў сябра нашай газеты, палкоўнiка Аляксандра Станкевiча багаты i цiкавы жыццёвы шлях. Больш за 30 гадоў служыў на камандных пасадах ва ўнутраных войсках, выкладаў у Ваенным iнстытуце i на ваеннай кафедры Санкт-Пецярбургскага унiверсi-тэта МУС. Пасля дэмабiлiзацыi Аляксандр Антонавiч прайшоў курс навучання ў Стакгольме i Парыжы, у рамках Дзяржаўнай праграмы РФ «Здароўе нацыi». Унук матроса-балтыйца Захара Станкевiча, недалёка ад Ладажскага возера пабудаваў дачу i пасадзiў сад. Выгадаваў двух сыноў. Аляксандр Антонавiч – выдатны арганiзатар i чалавек з добрай душой, надзвычай сумленны i адказны. Ён адзiн з найбольш вядомых i паважаных дзеячаў беларускага руху ў Санкт-Пецярбургу. Часта бывае ў Мiнску, мы з iм сустракаемся. Аднойчы запытаўся ў яго, што найбольш дарагое i хвалюючае на Радзiме. «Усё тое, што звязана з маiм вясковым дзяцiнствам, — адказаў. – Прайсцiся па родных Крывiчах, пагутарыць з людзьмi, павучыцца ў iх жыццёвай мудрасцi. Выйсцi за ваколiцу, падыхаць чыстым паветрам, поўнасцю адчуць роднае i святое беларускае, быццам прасвятлiцца душою…»

Гэтая суполка працуе надзвычай плённа, цiкава i творча. На яе пасяджэннях – лекцыi i дыскусii на тэмы гiсторыi, культуры, лiтаратуры i мастацтва Беларусi i нашай культуры ў Санкт-Пецярбургу. Вечары нашай паэзii i кiно. Сустрэчы з выдатнымi дзеячамi беларускай культуры. На бiс прайшоў канцэрт цудоўнага фальклорнага ансамбля «Калыханка». Мастакi-беларусы рэгулярна ладзяць свае выставы як у Санкт-Пецярбургу, так i ў нашай рэспублiцы. Фалькларысты праводзяць экспедыцыйныя даследаваннi ў Беларусi, а таксама на Смаленшчыне, Пскоўшчыне, Вiленшчыне, Беласточчыне. Кампазiтары не толькi ствараюць песнi, але i актыўна ўдзельнiчаюць у журы мiжнародных фестываляў духоўнай музыкi ў Магiлёве, Мiнску, Гайнаўцы (Польшча).

Сёлета ў днi святкавання 65-годдзя вызвалення Беларусi ад нямецка-фашысцкiх захопнiкаў па нашай рэспублiцы зрабiў турнэ вядомы ансамбль «Рэтра-Хiт», якi звыш 15 гадоў прапагандуе ў Санкт-Пецярбургу беларускую песню. Дарэчы, яго кiраўнiк – ураджэнец Рэчыцы Вiктар Каваленка.

Проста немагчыма расказаць, чым жыве суполка. У папулярнай песнi пяецца: «Каб любiць Беларусь нашу мiлую, трэба ў розных краях пабываць». Такое святое пачуццё не пакiдае нашых землякоў i ў горадзе над Нявой…

Фота: Валерый ХАРЧАНКА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter