Каб хлеб у доме не зводзіўся

На працягу сямітыднёвага посту ў цэнтры ўвагі шматразова аказвалася хлебная дзяжа. Так, на Палессі ў першую суботу посту дзяжу трэба было вымыць, абкурыць ядлоўцам, пакласці на дно вугельчык і накрыць чыстым ручніком. Казалі, што ў гэты дзень адбываецца “споведзь дзежкі”, таму трэба, каб яна была “прыбраная”. Расчыняць у гэты дзень хлеб забаранялася. На Піншчыне дзяжу трэба было вымыць у суботу на Пахвальным (пятым) тыдні посту. Ваду, пасля таго як вымылі дзяжу, трэба было абавязкова выліць на сцяну хаты.

Асаблівую ўвагу прыладам, з дапамогай якіх будзе выпечаны “велікодны хлеб” — дзяжы і хлебнай лапаце, — удзялялі ў сераду перад Вялікаднем. У некаторых мясцовасцях існаваў рытуал ачышчэння дзяжы, які праводзіўся ў чацвер на Перадвелікодным тыдні і яшчэ ў некаторыя святочныя або перадсвяточныя дні: у сераду ці пятніцу на Перадвелікодным тыдні, напярэдадні Раства Хрыстова, у дзень Увядзення Багародзіцы ў храм. Дзяжу старанна скрэблі нажом, церлі соллю, цыбуляй, часнаком, абкурвалі грамнічнай свечкай, засушаным верасам, каб яна была заўсёды “чыстай” і “ўдалай”, г.зн., каб у ёй заўсёды добра расла рошчына. Затым дзяжу ўпрыгожвалі, як паненку: перавязвалі чырвоным жаночым поясам, накрывалі ручніком, белым абрусам і г.д. Пасля гэтага выносілі на двор і ставілі на слупе варот, якія вялі на гаспадарчы двор. Раніцай з першымі промнямі сонца дзяжу ўрачыста неслі ў хату. Сэнс абраду заключаўся ў тым, каб “асвяціць” дзяжу, атрымаць падтрымку нябёсаў, далучыць яе да моцы веснавога сонца.
У культуры ўсходніх славян дзяжа надзялялася прадуцыравальнай магіяй і стала сімвалам багацця, дабрабыту і здароўя, а таксама працягу жыцця на зямлі. У час улазін першым у хату пускалі кошку, пеўня, а потым уносілі дзяжу. Гаспадар нёс дзяжу з рашчынай і прасіў Нябёсы, каб у новай хаце ніколі не зводзіўся хлеб.
Дзяжа, якая лічылася асноўным атрыбутам-спадарожнікам жанчыны, была надзелена рысамі чалавека, стала “жывой” рэччу ў хаце. Згодна з павер’ямі, яна любіць цёплае месца, не церпіць шуму, мітусні, па ёй нельга стукаць, ставіць на зямлю, яна баіцца “ліхога” вока, таму яе, як, дарэчы, і даёнку з малаком, старанна хавалі ад чужых вачэй. У адваротным выпадку цеста не вырасце і хлеб не атрымаецца.
Сярод усходніх славян было не прынята пазычаць дзяжу. Казалі, што “дзяжа не паважае чужыя парогі”. Лічылася: той, хто дасць сваю дзяжу, назаўсёды развітаецца з сямейным шчасцем, прыбыткам, дабрабытам, яго дочкі не выйдуць замуж, а сыны не ажэняцца. Дзяжу не мылі, а скрэблі, каб у яе шчылінах заўсёды заставалася крыху цеста. Гэта рабілі наўмысна, каб хлеб у доме ніколі не пераводзіўся.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter