Каб i старасць у радасць

Ва ўсiм свеце назiраецца iмклiвае старэнне насельнiцтва. Не выключэнне i наша краiна. У прыватнасцi, кожны чацвёрты жыхар Рэспублiкi Беларусь — пенсiянер, у горадзе — кожны пяты, у вёсцы — кожны трэцi

Ва ўсiм свеце назiраецца iмклiвае старэнне насельнiцтва. Не выключэнне i наша краiна. У прыватнасцi, кожны чацвёрты жыхар Рэспублiкi Беларусь — пенсiянер, у горадзе — кожны пяты, у вёсцы — кожны трэцi.

Як жывецца-можацца людзям пажылога ўзросту? I што ўяўляе сабой, калi так можна выказацца, Вiцебшчына пажылая? 

Трывожыць, што ў краi блакiтных азёр павялiчваецца колькасць адзiнокiх людзей. Такiх у вобласцi афiцыйна звыш 25 тысяч, трэцяя частка з iх – вяскоўцы. Ёсць прагноз, што праз пяць гадоў насельнiцтва вобласцi зменшыцца яшчэ на 70 тысяч грамадзян. 

Дзяржава i мясцовая ўлада на ўсiх узроўнях  прымаюць меры па сацыяльнай абароне ўсiх слаёў насельнiцтва. Пры гэтым рана цi позна кожны наблiжаецца да таго ўзроставага парога, за якiм пачынаецца старасць. Вельмi хочацца, каб яна была спакойная i забяспечаная. У гэтым сэнсе найбольш яскравым паказчыкам узроўню жыцця лiчыцца пенсiённае забеспячэнне.  Якое яно на Вiцебшчыне? 

Калi прытрымлiвацца  iн­фар­мацыi на верасень 2006 года, то ў органах па працы i сацыяльнай абароне насель­нiцтва пенсii атрым­лiваюць 339 908 грамадзян. Сярэдняя велiчыня яе складае 250 840 рублёў. Нават па меркаваннi незалежных экспертаў, у Беларусi пенсii самыя вы­сокiя на постсавецкай прасторы. А ў 1585 iн­валiдаў вайны сярэдняя велiчыня пенсii дасягае  463 957 рублёў. Агульныя расходы на iх выплату штомесяц складаюць 865 мiль­яр­даў рублёў. 

Вядома, названыя лiчбы не статычныя, а пастаянна знаходзяцца ў пазiтыўнай дынамiцы. Урад шукае спосабы павелiчэння пенсiённага забеспячэння для ўсiх катэгорый насельнiцтва. Адначасова ўзнiкаюць iншыя праблемы. Раней дагляданне пажылых людзей лажылася на плечы дзяцей, унукаў цi блiзкiх родзiчаў. Але пры цяперашняй дэмаграфiчнай сiтуацыi  за старымi часта  няма каму наглядаць. Усё больш i гэта функ­цыя “нянечкi” перакладваецца на дзяржаву. 

Нехта можа не пагадзiцца. Што гэта за фантазii ў аўтара пра “дзяржаву-нянечку”?  А хiба служба сацыяльнай дапамогi на даму не адпавядае такому прызначэнню? А ўзяць такiя сацыяльныя ўстановы, як дамы-iнтэрнаты, аддзяленнi кругласутачнага даглядання для састарэлых i iнвалiдаў. Ужо цяпер у Вiцебскай вобласцi  на ўлiку ў цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання насельнiцтва знахо­дзяцца 260 тысяч грама­дзян. Але не спяшайцеся “зганяць” усiх у адзiн “гурт”. Найбольш патрабуюць клопату  25 тысяч адзiнокiх i 115 тысяч адзiнока пражываючых пажылых людзей. 

Чаму так? А давайце ўспомнiм крылаты выраз: самае страшнае пакаранне для чалавека – пакаранне адзi­ноцтвам. Нават у турмах. А заставацца адзiнокiмi ў акружэннi людзей увогуле анамальная з’ява. 

Вось чаму ў Вiцебскай вобласцi ўпершыню ў краiне  праходзiць абкатку незвычайны эксперымент, пад асабiстым кантролем старшынi камiтэта па працы i сацыяльнай абароне насельнiцтва Вiцебскага аблвыканкома Мiхаiла Ляшчынскага. Пачаўся эксперымент з высновы, што класiчныя дамы-iнтэрнаты не адпавядаюць сучасным рэалiям. I таму на Вiцебшчыне ўпершыню ў краiне з’явiлася i адпрацоўваецца мадэль так званых аддзяленняў кругласутачнага ўтрымання. Гэта больш гуманная мадэль сацыяльнай абароны адзiнокiх i састарэлых у параўнаннi з казённай — “сацыяльным ложкам”. 

Галоўная перавага ў тым, што там не адчуваецца адзi­ноты. Нават iнтэр’ер у аддзяленнях кругласутачнага тыпу наблiжаны да дамашняга. Дзядулям i бабулям, якiя не могуць самастойна прапа-палiць у печы, прынесцi вады з калодзежа, схадзiць у магазiн, дазваляецца ўзяць з сабою любiмыя рэчы i прадметы. Iх пасяляюць па два-тры чалавекi ў пакоi. Пры гэтым улiчваюць не толькi ўзрост, а i псiхалагiчную сумяшчальнасць, рэлiгiйныя iнтарэсы, захапленнi нейкiмi рамёствамi цi калекцыянiраваннем. Карацей, каб у пакоi сабралася своеасаблiвая  “сям’я”. Асобна ў такiм iнтэрнаце новага тыпу  абсталёўваюцца пакоi для гульняў i адпачынку, памяшканне для малiтвы, абмеркавання агульных праблем i перспектыўных планаў. 

На думку наватараў з абласнога камiтэта па працы i сацыяльнай абароне, эксперымент мае права стаць нормай жыцця. Пакуль што аддзя­­ленняў кругласутачнага знаходжання ў вобласцi недастаткова. Дакладней, iх паўтара дзесятка ў дванаццацi раёнах. I ёсць упэўненасць, што такая форма сацыяльнага прытулку для адзiнокiх i састарэлых атрымае дзяржаўную падтрымку i развiццё ва ўсiх раёнах. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter