Каб грошы не “пакрыўдзіліся”

Грошы заўсёды выклікалі вялізную цікавасць у свядомасці чалавека. Грошы выступалі знакам багацця і служылі прадметам абмену, гандлю, выкупу або проста падарункам. У той жа час у народным асяроддзі да грошай было даволі стрыманае дачыненне. Адно з “Залатых правілаў народнай культуры” сведчыла: ніколі не падбіраць грошы на раздарожжы, бо менавіта грашыма “адкупляюцца” ад хвароб, бед і нястачаў. Аднак адно з самых цікавых вераванняў славянскага народа — неразменный рубель, “які быццам бы валодае здольнасцю вяртацца зваротна ў кішэню свайго ўладальніка”.Па меркаваннях старых людзей, той, хто парушае вызначаныя забароны і абмежаванні, можа назаўжды “страціць” поспех або, як гаварылі ў старажытнасці, “спор”, і дабрабыт сям’і пой-дзе на змяншэнне.

* Так, катэгарычна забаранялася праводзіць грашовыя разлікі пасля заходу сонца або ў панядзелак.
* Забаранялася гаварыць, што ў хаце зусім няма грошай, нават калі іх і сапраўды вельмі мала, бо лічылі, што грошы “пакрыўдзяцца” і пакінуць хату назаўсёды.
* Даволі часта грошы, а дакладней манеты, выступалі як адзін з рытуальных прадметаў у сямейнай і каляндарнай абраднасці ўсходніх славян. Грошы прысутнічалі на вяселлі: падчас сватаўства, змовы, выкупу нявесты, пры шлюбе, падчас дзялення караваю. Ва ўсіх сітуацыях грошы сімвалізавалі багатае жыццё маладой сямейнай пары.
* Так, падчас вянчання ў храме нявеста падкладвала пад правую пяту жоўтую манету і загадвала, каб жыццё прайшло ў багацці і шчасці.
* Манеты з-за ўласцівасці металу, з якога былі вырабленыя, сімвалізавалі шэраг асаблівасцей і якасцей, напрыклад здароўе, пладавітасць і т.д. Так, на вяселлі дарылі медныя манеты і прымаўлялі: “Дарую медзі, каб дзеці былі, як мядзведзі”.
* Каб быць  з “чыстым” тварам, г.зн. прыгожым, здаровым, на Вялікдзень мыліся “праз срэбра”, г.зн. у ваду клалі срэбную манету.
* Пры першым рытуальным купанні дзіцяці ў начоўкі клалі медную або срэбную манету: клапаціліся пра будучыню, дабрабыт і здароўе малога.
* Манеты выкарыстоўвалі падчас Калядных варожбаў: запякалі ў хлебе, клалі ў чыгун з кашай, пад падушку, у крынічную ваду. Ва ўсіх сітуацыях той, хто станавіўся ўладальнікам гэтай незвычайнай манеты, лічыўся ўдачлівым на працягу года: яго мары  абавязкова спраўдзяцца.
* Пры будаўніцтве хаты ў падмурак абавязкова “закладвалі” адну-дзве манеты і прымаўлялі: “Каціся ў кут срэбра, у хату на дабро”.
* Падчас уваходзін ці ўлазін разам з зернем жыта на падлогу кідалі і некалькі манет, пры гэтым гаварылі так: “Выкупляю хату не жыхарамі, а грашамі”.
* Каб быць з грашамі на працягу года, нашы продкі раілі патрэсці-пазвінець грашыма ў кішэні, калі ўвесну першы раз пачуеце зязюлю.

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter