“Каб душы продкаў ведалі – мы памятаем…”

Калі вы прапусцілі гэты фэст — шкадуйце, бо пагля- дзець сапраўды было на што! Ужо ў другі раз ля сцяны-“рэшткі” некалі магутнага Гальшанскага замка ладзілі аднайменны фестываль. Адразу ў гонар чатырох слаўных дат: 600-годдзя Грунвальда, 400-годдзя заснавання замка, 730-годдзя саміх Гальшанаў і 605-годдзя Соф’і Гальшанскай — заснавальніцы каралеўскай дынастыі Ягелонаў…

Баль, рыцарскія баталіі, вогненнае шоу – усё гэта было ў Гальшанах мінулымі выхаднымі.

Калі вы прапусцілі гэты фэст — шкадуйце, бо пагля- дзець сапраўды было на што! Ужо ў другі раз ля сцяны-“рэшткі” некалі магутнага Гальшанскага замка ладзілі аднайменны фестываль. Адразу ў гонар чатырох слаўных дат: 600-годдзя Грунвальда, 400-годдзя заснавання замка, 730-годдзя саміх Гальшанаў і 605-годдзя Соф’і Гальшанскай — заснавальніцы каралеўскай дынастыі Ягелонаў…

“Каб душы продкаў ведалі — мы памятаем…” — ёмка, хораша акрэслілі ўжо ў самым пачатку, на адкрыцці фэсту, яго галоўную мэту. Лепей не скажаш! А вось паказаць — калі ласка! Ніхто не здзівіўся, калі свята пачалося балем, які “змяшаў” эпохі. Ну дзе яшчэ можна пабачыць, каб да легендарнага князя Гольшы, каралевы Соф’і ды галоўнага “будаўніка” замка магната Сапегі ў госці прыехаў “тузін” розных гістарычных асоб? Тут і князь Міндоўг, і кароль Жыгімонт, і князь Святаполк-Мірскі... Апошні стаў галоўным ньюсмейкерам балю: паведаміў навіну, што ў наступным годзе, нарэшце, завершыцца рэканструкцыя Мірскага замка. А пакуль там любуюцца на чарговую адноўленую залу… Чакаем грандыёзнага балю ўжо ў Міры?

…Адразу чатыры(!) турніры рыцараў — гэта сапраўды было на “Гальшанскім замку-2010”! Хто адпачываў, а хто і працаваў. Так, адзін з мясцовых жыхароў “прагульваў” турыстаў на брычцы, між іншым, называючы сябе прадстаўніком княжага роду. Яму ахвотна верылі. Чаму б не, калі адчуванне ад фэсту — крыху ірыальнае, падобнае да казачнага? А вось удзельнікам рыцарскіх спаборніцтваў было не да рамантыкі: яны досыць цяжка працавалі, на пацеху гледачам. У турніры лучнікаў ледзь не адбылася міні-сенсацыя: доўгі час тон задавала… вольны стралок Ганна. Але, у рэшце рэшт, ёй давялося саступіць пад мужчынскім “напорам”.

На конных сутычках лепшым аказаўся рыцар, якога завуць Серж Ля Гаржэ (натуральна, сваё імя ў “цывільным” жыцці хлопец захоўвае ў сакрэце!) У фінале ён ліха адолеў адразу двух сваіх супраціўнікаў. І вось што за эмоцыі былі ў пераможцы, члена сталічнага клуба ваенна-гістарычнай рэканструкцыі “Залатая шпора”:

— Цудоўна, азартна схапіліся — атрымалася прыгожа, ці не так? Хаця было няпроста — мы ж, рыцары, за турнір па тры-чатыры кілаграмы губляем! Трэба падмацавацца? Дзе там! Ведаеце, пасля баталіі не хочацца нічога, акрамя вады.

…Напрыканцы фэсту гледачы пацягнуліся да сцэны, дзе ладзіўся вялікі канцэрт сярэднявечнай музыкі. Асноўнымі выступоўцамі былі гурты “Стары Ольса” і “Літвін Троль”. Але, бадай, кульмінацыя адбылася ў час вогненнага шоу. Згадзіцеся, не кожны фестываль на вёсцы можа пахваліцца такім фіналам? А таму “Гальшанскі замак” чакаюць на Ашмяншчыне і ў наступным годзе. Дарэчы, арганізатары вельмі ўдзячныя за дапамогу мясцоваму райвыканкаму. Ашмянскую ж міліцыю, якая забяспечвала парадак на фэсце, дык, наогул, музыканты “Старога Ольсы” назвалі “самай ветлівай, добразычлівай у Беларусі”…

Іна ГАРМЕЛЬ, “БН”

НА ЗДЫМКУ: момант яскравага відовішча, якім заманьвалі Гальшаны вандроўнікаў у суботу, 21 жніўня.

Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter