У прыгожым Прыдзвінні пайшлі карані кіраўніка верхнядзвінскай гаспадаркі “Каханавічы” Альберта Махмудава

Каўказская лязгінка і беларуская полька

У прыгожым Прыдзвінні пайшлі карані кіраўніка верхнядзвінскай гаспадаркі “Каханавічы” Альберта Махмудава


ЛЮБІМАЯ прымаўка Альберта МАХМУДАВА, які ўзначальвае верхнядзвінскае калектыўнае ўнітарнае вытворчае сельскагаспадарчае прадпрыемства “Каханавічы”, што слова, якое ад сэрца ідзе, да сэрца дойдзе. Так лічаць у дагестанскім сяле Куркет, дзе сялянскі сын закончыў сярэднюю школу. А вышэйшую сельгасадукацыю ён атрымаў у Віцебскім ветэрынарным інстытуце і больш як сорак гадоў жыве і працуе ў Беларусі.

Лезгін Альберт Загірбекавіч слоў на вецер не кідае, цвёрда іх трымае. Яго сардэчная ветлівасць і дабрыня адгукаюцца цяплом і ўзаемнай павагай вяскоўцаў. 

Па аб’ёмах вытворчасці сельгаспрадпрыемства, якое шаснаццаць гадоў ён узначальвае, адно з найбольш буйных і эфектыўных не толькі ў раёне, але і  вобласці. Двойчы да калектыву далучалі суседнія стратныя гаспадаркі, і цяпер “Каханавічы” вырабляюць дзясятую частку раённых аб’ёмаў прадукцыі раслінаводства і жывёлагадоўлі. За вытворчыя дасягненні дырэктар неаднаразова ўзнагароджваўся ганаровымі граматамі Віцебскага аблвыканкама, Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання.



ПЯЦЬ сыноў і дачка лязгінскіх сялян Загірбека і Зайнаб Махмудавых добра вучыліся ў школе і марылі далей працягваць навучанне. Старэйшы сын Каміл паступіў на заатэхнічны факультэт Віцебскага ветінстытута. Роберт у Баку атрымаў спецыяльнасць аператара падземных работ і здабываў нафту, а потым вярнуўся дамоў і да выхаду на пенсію працаваў сельскім поварам. У родных мясцінах знайшлі занятак сыны Нашыр і Шахмардан. Дачка Ірына стала швачкай.

Альберт пасля заканчэння сярэдняй школы вырашыў, як і старэйшы брат, стаць спецыялістам сельскай гаспадаркі. Перад ад’ездам на ўступныя экзамены ў Віцебск на сямейнай нарадзе вырашылі, што аднаго заатэхніка хопіць, і Альберт падаў дакументы на ветэрынарны факультэт.

Старанна рыхтаваўся да паступлення. Асаблівую ўвагу надаваў рускай мове і літаратуры. У іх аддаленай ад гарадоў вялікай вёсцы Куркет размаўлялі па-лязгінску і навучанне ў пачатковай школе вялося на роднай мове. Толькі з пятага класа заняткі сталі праводзіць па-руску. Настаўніца рускай мовы і літаратуры Ніна Іосіфаўна дадаткова займалася са старшакласнікамі, каб больш дасканала авалодалі граматыкай. Ні адзін такі ўрок не прапусціў Альберт Махмудаў. Закончыў і скарочаныя падрыхтоўчыя курсы пры інстытуце. Як і іншыя паступаючыя, жыў у студэнцкім інтэрнаце. На кожнае месца прэтэндавала па тры абітурыенты. Пасля здачы чатырох уступных экзаменаў знайшоў сваё прозвішча ў спісе залічаных у інстытут і ад радасці ледзьве стрымаўся, каб не адбіць лязгінку. Шчаслівы адправіўся дамоў збірацца на вучобу.

— Сваякі, знаёмыя, сябры віншавалі, — дзеліцца ўспамінамі Альберт Махмудаў. – Па каўказскай традыцыі родныя сабралі грошы на дарогу. Са старэйшым братам Камілам у апошнія дні жніўня адправіліся ў Віцебск. Месца ў інтэрнаце атрымаў у адным пакоі з беларускімі хлопцамі. Многіх слоў не разумеў. Да пятага класа я ўвогуле па-руску не ўмеў размаўляць. І беларусы часта ў мяне перапытвалі, што прамовіў. Паступова прызвычайваўся да мовы аднакурснікаў і на занятках лягчэй спасцігаў сэнс пачутага. Стыпендыю 40 рублёў штомесячна атрымліваў, і бацькі па дваццаць прысылалі.

— Так што вагоны не выгружалі?


Альберт Махмудаў, 1985 год
— Сябры часценька падпрацоўвалі на чыгунцы, а я абыходзіўся без гэтых заробкаў. Два-тры разы на год ездзіў дамоў і прывозіў прадукты. Калі прыязджаў дамоў, сваякі — хто па колькі мог — дарылі грошы. Вучыўся паспяхова. Апошнім звычайна пакідаў чытальную залу. Па некалькі разоў перачытваў тэксты лекцый. Навуковыя тэрміны на рускай мове не адразу засвойваў, звяртаўся за тлумачэннямі. Калі пайшлі спецпрадметы, стала лягчэй. Заняткі ў аўдыторыі чаргаваліся з практычнымі на жывёлагадоўчых фермах Віцебскага раёна.

За пяць гадоў студэнцтва ні разу не пераздаваў экзамены. Калі выдаваўся вольны час, ганяў мяч на інстытуцкім стадыёне. Меў другі разрад па футболе. Выступаў нападаючым за зборную факультэта. У навуковых гуртках займаўся. Выязджалі з аднакурснікамі на возера адпачываць, і пад настрой там вытанцоўваў лезгінку. Звычайна яе выконваюць парна. Мы з жонкаю часта танцавалі на святах у Дагестане.

— Вучыліся, займаліся спортам, адпачывалі, так што сумаваць па родным Каўказе не было калі?

— У снах часта хадзіў па садзе каля бацькоўскай хаты, адкуль віднеліся заснежаныя горныя вяршыні. Наша вёска выцягнулася ў нізіне перад гарамі. Вясною дамы патанаюць у белай квецені садоў, а ў гарах на сонцы бліскучы снег ззяе. Раніцай, калі яшчэ ўсё навокал спіць,  чуваць звонкае цурчанне  імклівых горных ручаёў. Маці рана ўставала, даіла карову. Пасвілі жывёлу на горным схіле.

— Якая яшчэ жыўнасць была на вашым падворку?

— Безліч кур. Некаторыя гаспадары гадавалі авечак, коз. Адзін вясковец завёў парсючка, на якога сяляне хадзілі глядзець. Штотыднёва гадаванца намыльвалі і купалі. Лезгіны мусульманскай веры, і свініну не ўжываюць. Многія асуджалі гаспадара дзіковіннай жывёліны. Калі пасля заканчэння ветэрынарнага інстытута прывозіў дамоў беларускія свіныя прысмакі, бацька і браты частаваліся, а маці нават з таго посуду, дзе ляжала вэнджаніна, не ела. У нацыянальных традыцыях не даходзілі да фанатызму і паранджу сялянкі не насілі.

— Калым за нявесту па-ранейшаму плацяць?

— І немалы. За гэтыя сродкі маладая сям’я набывае неабходныя рэчы для побыту. Бацька за ўсіх пяцярых нявестак калым плаціў. Як толькі вярнуўся дамоў з дыпломам ветурача, сабраліся сваякі і пайшлі мяне сватаць да дзяўчыны з нашага сяла.

— Вы з ёю раней сустракаліся?

— У адной школе вучыліся і ведалі адзін аднаго. Мумінат на некалькі гадоў маладзейшая і даводзіцца нават далёкай сваячкай па лініі бацькі.

— А магла нявеста адмовіцца  ад прапановы?

— У нас такога не можа быць. Бацькі з сватамі зрабілі прапанову, заплацілі калым за нявесту і прызначылі дзень вяселля. Радня ў нас вялікая, і больш за сотню гасцей два дні гулялі. Спіртнога не ўжываем. Па завядзёнцы гасцей рассаджвалі па пакоях. У адным – больш сталых, асобна — моладзь, а жанчыны ўвогуле ў нас за стол не садзяцца. Толькі сваячак з іншых паселішчаў частавалі. Жанчыны назіралі за вяселлем, іх запрашалі на лезгінскія танцы.

— І з кінжалам у зубах?

— Не так віртуёзна, як прафесійныя артысты на сцэне, але даволі цікава. Моладзь адзін аднаго змяняе, тэмп паскараецца, і ўсе кампліменты таму, хто завяршае танец. Да глыбокай ночы гучала музыка. Разам з дарослымі гулялі і дзеці. Лезгінскія сем’і шматдзетныя. У нашага суседа 12 дачок, і вельмі хацеў сына. Трынаццатым нарадзіўся хлопчык.

— А ў вашай маладой сям’і лезгінскую традыцыю падтрымалі?

— Толькі двое дзяцей у нас. Руслан і Анжэла нарадзіліся ў вёсцы Дабрынь Ельскага раёна, куды мяне пасля інстытута накіравалі працаваць ветурачом. Дырэктар саўгаса “Дабрынь” Канстанцін Стрэльчанка прыветліва сустрэў. Гаспадарка спецыялізавалася на жывёлагадоўлі, раслінаводстве і мела спіртзавод. Адходы спіртавой прамысловасці скармліваліся жывёле, і атрымліваліся высокія прывагі. Лідзіравалі ў раёне і па надоях малака. Практычнага вопыту ў мяне было малавата, і дапамагалі вопытныя жывёлаводы. Вучыўся ў іх, як прымаць ацёлы ў кароў. Лячыў жывёлу і ў вяскоўцаў і атрымліваў падзякі. Жонка працавала ў саўгаснай сталоўцы поварам.

Дабрынь не пакінулі б, каб не чарнобыльская трагедыя. Пасля выбуху на атамнай станцыі на першамайскія святы парад у вёсцы правялі. Інфармацыі пра радыеактыўнае забруджванне ніхто не даваў. Ад знаёмых пачулі, што з Нараўлянскага раёна масава адсяляюць людзей. Жонку з дзецьмі адправіў у Дагестан. Мяне кіраўніцтва раёна не адпускала, а папракала за тое, што наганяю паніку.

У Бягомлі шафёрам працаваў стрыечны брат Айваз Махмудаў, які пасля службы ў Беларусі ажаніўся. Пераехаў да яго на Віцебшчыну. Упраўленне сельскай гаспадаркі Докшыцкага райвыканкама прапанавала працу ветурача ў калгасе імя Суворава. Праз год перавялі галоўным спецыялістам у саўгас “Чырвонабярэзінскі”. Атрымаў катэдж і перавёз сям’ю. Гаспадарку далучылі да райсельгасхіміі, дзе мне даручылі кіраваць падсобнай вытворчасцю. Начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі Іосіфа Палачаніна прызначылі старшынёю Верхнядзвінскага райвыканкама, і ён прапанаваў узначаліць саўгас “Каханавічы”, дзе амаль штогод мяняліся дырэктары.

— Прапанову прынялі?

— Раз давяраюць, значыць, цэняць! Пасля ельскай “Дабрыні” і докшыцкіх гаспадарак тут, як стыхія прайшла. На жывёлагадоўчай ферме ў Каханавічах вокнаў, дзвярэй не было. Жывёла амаль што плавала ў брудзе. Парадку і дысцыпліны аніякай. Тэхніка параскідана па мехдвары, і нікога гэта не хвалявала. Панавала п’янства. Многіх давялося самаму вазіць у Полацк і Віцебск на кадзіраванне і запаўняць імі вакантныя месцы. З чатырох тысяч гектараў зямлі апрацоўвалі толькі палавіну.

Дырэктарская “Волга” стаяла няспраўнай. На адзіным «уазіку» ездзілі па чарзе спецыялісты, і я ім карыстаўся.

— Альберт Загірбекавіч, з чаго пачалі?

— З рамонта жывёлагадоўчых памяшканняў і тэхнікі. На фермах навялі парадак і сталі больш атрымліваць малака. Прадавалі яго і за выручаныя сродкі своечасова выплачвалі заробкі. Сярэднегадавы надой ад карову не перавышаў паўтары тоны, і штодня надойвалі да дзвюх тон малака. Сёння за суткі атрымліваем да 20 тон. Летась ад каровы надаілі звыш пяці тысяч кілаграмаў малака.

У 2002 годзе да нас далучылі калгас “Зара”. Мы самі былі далёка не лепшымі, а тут яшчэ такі дадатак. Выстаялі, і эканамічныя паказчыкі пайшлі ўверх. Далучылі і гаспадарку “Курган дружбы”, якая была ўтворана на базе двух стратных калектываў.

Цяпер трэць раёна займае наша сельгаспрадпрыемства. Зямельных угоддзяў амаль 15 тысяч гектараў, з якіх сельгасугоддзяў дзевяць тысяч і ворыва пяць тысяч гектараў. Спецыялісты далучаных гаспадарак працуюць на вытворчых участках. Людзі адчулі перспектыву, і справы пайшлі. Мы спецыялізуемся ў жывёлагадоўлі на мяса-малочным накірунку. Пагалоўе буйной рагатай жывёлы давялі да чатырох тысяч галоў. На лепшай малочна-таварнай ферме “Каханавічы” гадавы надой малака ад каровы перавысіў шасцітысячны рубеж.

— Дзякуючы чаму дасягаеце поспехаў?

— Людзі адчулі мае адносіны да працы і самі загарэліся справай. Гэта важна. Каб дабіцца пастаўленай мэты, бывае, што працую круглыя суткі. У першыя гады дырэктарства на трактарах ці на коннай павозцы, а часцей пешшу хадзіў па лугах, дзе механізатары нарыхтоўвалі кармы. Вяртаўся да сянажных траншэй і там сачыў за якасцю кармоў. Людзі гэта бачылі, чулі сказаныя ад сэрца словы і адгукаліся шчырай працай. Цікавіўся расцэнкамі за працу ў суседніх гаспадарках, і з эканамістам распрацоўвалі свае метады стымулявання. Сяляне на  сотках сеялі збажыну. Вырашылі ў залежнасці ад аб’ёмаў выкананай працы выдзяляць бясплатна хлебаробам зерне. Адпала неабходнасць думаць, як засяваць соткі, каб забяспечыць хатнюю жывёлу фуражом. І жывёлаводам выдавалі зерне. Некаторыя сем’і атрымлівалі па пяць тон збажыны.

— Адкуль бралі сродкі на павышэнне заробкаў?

— На нейкіх працэсах вытворчасці эканомілі, але толькі не на заробках. Да нас сталі вяртацца механізатары, жывёлаводы. Прыязджалі і ўладкоўваліся нават з суседніх раёнаў.

— Выпускнікі мясцовай школы папаўняюць ваш калектыў?

— Штогод моладзь прымаем на працу. І сёлета Ігар Кашманаў, Аляксей Власаў сталі механізатарамі. Па накіраванні гаспадаркі моладзь вучыцца ў сярэдніх і вышэйшых сельгасустановах. Маладым сем’ям будуем жыллё.  Кожны год уводзім па пяць катэджаў. За апошнія гады амаль сорак сем’яў справілі наваселле. Плануем працягваць будаўніцтва жылля. Так вырашаем праблему кадраў.

— А машынна-трактарны парк абнаўляеце?

— Па меры магчымасці афармляем лізінг на новую тэхніку. Вось і зараз на нашых палях убіраюць збожжавыя дзесяць гомсельмашаўскіх камбайнаў. Тэмпы і якасць жніва на высокім узроўні. Сёлета неабходна ўбраць збожжавыя і зернебабовыя на дзвюх з паловай тысячах гектараў. Летась намалацілі па 40 цэнтнераў з гектара пры дваццацібальнай зямлі і ўпершыню ў гісторыі атрымалі звыш дзесяці тысяч тон збожжа. Поспеху паспрыяла даволі цёплая зіма, а наша заслуга, што своечасова пасеялі, якасна даглядалі палеткі і аператыўна справіліся са жнівом. Зараз тэмпы ўборкі і ўраджайнасць лепшыя, чым летась. Але на дасягнутым не спыняемся. 

Як адзначаў Прэзідэнт на пятым Усебеларускім народным сходзе, затраты на вытворчасць сельгаспрадукцыі ў нас значна большыя, чым у заходнееўрапейскіх земляробаў. Неабходна павышаць аддачу гектара, але для гэтага патрэбны сродкі на якаснае насенне, прэпараты па доглядзе раслін і мінеральныя ўдабрэнні. Ад беларускіх вучоных чакаем больш сучасных урадлівых сартоў сельгаскультур.

— Вы знайшлі сябе ў Беларусі, а дзеці як?

— Сын Руслан закончыў Акадэмію МУС і працуе эколагам у Верхнядзвінску. Я параіў яму туды паступаць. Сам я не служыў у арміі і лічу, што гэта дрэнна. Мужчына павінен прайсці армію, і таму сына на ваенную службу накіраваў. Служба – гэта вера. Чалавек павінен Радзіме служыць. Дачка Анжаліка закончыла Аршанскае медвучылішча і Віцебскі педагагічны ўніверсітэт імя Машэрава, працуе псіхолагам у Верхнядзвінскай цэнтральнай раённай бальніцы. Маем унукаў Арцёма, Сафію і Анжэлу, якіх з жонкаю любім, як мне падаецца, больш, чым дзяцей. Арцёмку бачу толькі ўрачом і буду імкнуцца, каб ён ім стаў.

— Дачка і сын вашы – лезгіны, а мову продкаў ведаюць?

— Дома мы з жонкай размаўляем па-лезгінску, але дзецям, на жаль, не перадалі родную мову. У іх беларускі акцэнт. Тут нарадзіліся, выраслі і адчуваюць сябе паўнапраўнымі беларусамі.

— Альберт Загірбекавіч, ваша любімая беларуская страва?

— Шашлык, і толькі са свежаніны.

— А ці даводзілася вам калі плакаць?

— Слёз маіх ніхто не бачыў. Каўказскія мужчыны, можа, і плачуць, але толькі ў душы і не паказваюць гэтага.

— У вас з жонкай няма жадання вярнуцца на пенсіі ў родны Дагестан?

— У прыгожым Прыдзвінні пайшлі мае карані, дзеці знайшлі сябе, і галоўнае, каб былі здаровымі і шчаслівымі на беларускай зямлі, якая стала дарагой і роднай.

Малюся за дзяцей, унукаў у каханавіцкай праваслаўнай царкве, якую з дапамогай гаспадаркі ўзвялі ў аграгарадку. Жонка дома пастаянна чытае Каран, і я часам зазіраю ў яго. Веравызнанні розныя, а Бог адзіны, і важна жыць у згодзе са сваім сэрцам і думкамі. Ёсць у мяне мара — на вяселлі ўнукаў з жонкай Мумінат Ібрагімаўнай падарыць гасцям каўказскую лезгінку і беларускую польку.

Уладзімір СУБАТ

Верхнядзвінскі раён

Фота з архіва Альберта МАХМУДАВА і аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter