Марына Эльяшэвіч — вядучы майстар кітайскага жывапісу ў краіне

Кітайскі знак у чырвоным квадраце

З дзяцінства Марына Эльяшэвіч займалася ў спецыялізаванай школе плаваннем, вучылася іграць на акардэоне і фартэпіяна, але не стала спартсменкай або музыкантам. Першую вышэйшую адукацыю атрымала ў Маскве па спецыяльнасці «Менеджмент і эканамічная палітыка». А другую — у нашай акадэміі мастацтваў, на выдатна скончыла аддзяленне графічнага дызайну. Гаворыць, нічога дзіўнага, што стала мастаком, бо заўсёды была чалавекам творчым, а атрыманыя ў іншых сферах веды і навыкі  толькі на карысць, яны дазволілі набыць пэўны вопыт, выпрацаваць настойлівасць і мэтанакіраванасць, якія і ў яе новай прафесіі не пашкодзяць.


Традыцыйным кітайскім жывапісам Марына захапілася на апошнім курсе акадэміі. Потым паглыблена вывучала яго ў Маскве, стажыравалася ў Стамбуле і Пекіне. Сёння мастачка з Гродна — вядучы ў краіне майстар, які стварае непаўторныя аўтарскія творы ў арыгінальным усходнім стылі.

— Марына, колькі часу пайшло на вывучэнне ўсіх тонкасцей традыцыйных кітайскіх тэхнік з нуля?

— Калі весці адлік ад першых маіх выстаў, якіх прайшло ўжо больш за 30, то майму творчаму стажу ў кітайскім жывапісе чацвёрты год. Але вывучыць усе тонкасці проста немагчыма. Кітайскі жывапіс — гэта філасофія, у якой злучаюцца векавая кітайская культура, традыцыі, гісторыя. Вывучаць іх можна на працягу ўсяго жыцця і, спасцігаючы нешта новае, кожны раз разумець, што гэта яшчэ толькі першыя крокі і ты яшчэ толькі ў самым пачатку шляху. Так што я дасюль працягваю ўдасканальвацца. Вось нядаўна вярнулася з Кітая і ў бліжэйшы час зноў палячу туды — і падвучыцца, і падрыхтаваць сваю персанальную выставу.

— Дарэчы, што кажуць пра вашу творчасць самі кітайцы?

— Успрымаюць вельмі добра. У пасольстве Кітая мне нават падарунак зрабілі — спецыяльны чырвоны штамп з маім імем. У кітайскім жывапісе прынята не падпісваць свае працы прозвішчам, а ставіць знак майстра. Арыгінальны адбітак з іерогліфамі ўпрыгожвае цяпер усе мае карціны. Для мяне гэта вельмі каштоўны падарунак.

— Вы працуеце ў самым складаным жанры — манахромным жывапісе суйбоку-га. Можна сказаць, гэта мастацтва адной рыскі, аднаго мазка...

— Працэс сапраўды патрабуе вя-лікай дакладнасці. Я пішу на мяккай і тонкай бамбукавай і рысавай паперы. Выкарыстоўваю мінеральныя фарбы і кітайскую туш. І калі зрабіла нешта нават крыху няправільна, не так дакранулася пэндзлем, яны ў мяне, дарэчы, таксама спецыяльныя, то ўжо нельга нічога выправіць. Фарба адразу прамочвае паперу наскрозь, не змываецца, і выдаліць яе немагчыма. Карціну можна толькі нанова перапісаць. Дарэчы, такая ўстойлівасць і дазваляе манахромнаму жывапісу суйбоку-га захоўвацца тысячагоддзямі. Малюнкi не баяцца вады, не выгараюць на сонцы.


— Вас натхняюць толькі кітайскія матывы?

— У мяне шмат праектаў, звязаных і з беларускімі сюжэтамі. У пастаяннай экспазіцыі музея Іллі Рэпіна ў Віцебску знаходзіцца вялікая серыя маіх партрэтаў усіх членаў сям’і мастака. Ёсць партрэты сям’і Якуба Коласа — самога народнага паэта, яго жонкі і трох сыноў, а таксама вобразы герояў яго твораў. Наогул, я пішу ў розных жанрах — пейзажы, нацюрморты, партрэты. Але — усё гэта ў кітайскім стылі.

— У розных гарадах вы часта праводзіце семінары па навучанні традыцыйнаму кітайскаму жывапісу. Ці шмат жадаючых далучыцца?

— Вельмі шмат, прычым гэта людзі рознага ўзросту — дзеці і дарослыя. Я расказваю крыху пра гісторыю, культуру, традыцыі Кітая, паказваю відэа, у мяне шмат архіўных матэрыялаў. Потым пераходзім да практыкі. Гэтыя семінары я праводжу з задавальненнем, яны бясплатныя. Мне вельмі хочацца, каб людзі не проста паглядзелі мае выстаўленыя творы, але і больш даведаліся аб тым, што такое кітайскі жывапіс і як ён ствараецца.

— Крыніца сюжэтаў для вас — гэта...

— На мой погляд, мастаку шукаць сюжэты нескладана. Натхніць можа ўсё: сустрэты чалавек, прачытаная кніга, пачутая музыка, кветка, якая распусцілася, або першая трава. А зараз, па вясне, натхняе, напэўна, і само паветра.


Нацюрморт з серыі «Азербайджан вачамі беларускай мастачкі», 2014 г.


Дарэчы

Сёння, 23 красавіка, персанальная выстава Марыны Эльяшэвіч адкрываецца ў Нацыянальнай бібліятэцы. На ёй будуць прадстаўлены 50 новых работ, выкананых у тэхніцы кітайскага жывапісу, з серыі «Азербайджан вачамі беларускай мастачкі». У экспазіцыі — вобразы сучасных усходніх прыгажунь і казачных гераінь «Тысячы і адной ночы», абрысы сусветна вядомых помнікаў архітэктуры, малюнкі багацця кветак і пладоў азербайджанскай зямлі.

isvirko@mail.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter