Кіруй сваёй праграмай. Да 50 тысяч чалавек можа вырасці да канца года колькасць беларускіх абанентаў інтэрактыўнага тэлебачання

Нягледзячы на прагнозы некаторых скептыкаў, інтэрактыўнае тэлебачанне РУП “Белтэлекам” знайшло шмат прыхільнікаў. З цяперашніх 40 тысяч абаненцкая база ўжо праз некалькі месяцаў можа перавысіць 50 тысяч, а ў аддаленнай перспектыве, як заяўляе гендырэктар кампаніі Канстанцін Цікар, дасягнуць і звыш мільёна. Самая галоўная адметнасць тэлебачання новага фармату — тэле-праграма падстройваецца пад гледача, а не наадварот.

Паслуга інтэрактыўнага тэлебачання (IP-TV) была прапанавана мінчанам яшчэ ў ліпені мінулага года, а праз два месяцы яна стала даступнай і жыхарам усіх астатніх рэгіёнаў краіны. Цяпер абаненты гля-дзяць каля 40 каналаў, размеркаваных па розных групах. У сярэдзіне верасня бягучага года “Белтэлекам” правёў рэбрэндзінг сваёй паслугі. Зараз інтэрактыўнае ТБ называюць коратка і ёмка — Zala. Разам са зменай назвы, як разлічваюць у “Бэлтэлекаме”, будзе развівацца і сама паслуга.
Новае пакаленне тэлебачання адрозніваецца ад звычайнага, “антэннага”, тым, што тэле-праграмы можна спыняць, адганяць назад, пераносіць на іншы час. Калі параўноўваць з кабельным, то для інтэрактыўнага не трэба дадаткова цягнуць кабелі ў дом, кватэру. Дастаткова мець тэлефонную лінію ды набыць ці атрымаць у арэнду спецыяльную прыстаўку да тэлевізара.
Пераважная большасць абанентаў Zala жывуць па-за межамі Мінска, дзе аператары кабельнага тэлебачання яшчэ не маюць разгалінаваных сетак. Каля 90 працэнтаў з іх выбіраюць збор тэлеканалаў без інтэрактыўных сэрвісаў (магчымасці іх “перагонкі”). Галоўная прычына — такія каналы прыкладна ўдвая таннейшыя за інтэрактыўныя.
У далейшым, як разлічваюць у “Бэлтэлекаме”, колькасць пакетаў і тэлеканалаў будзе расці. Разам з павелічэннем абаненцкай базы могуць зніжацца тарыфы. Абсталяванне, якое цяпер выкарыстоўвае кампанія, у далейшым, па словах генеральнага дырэктара Канстанціна Цікара, можа стаць базай для прапановы новай паслугі — тэлебачання высокай дакладнасці.

А як у замежжы?

Напрыклад, у Літве, якая па тэрыторыі і колькасці жыхароў значна меншая, чым Беларусь, паслугамі інтэрактыўнага ТБ ужо карыстаюцца каля 50 тысяч абанентаў. Там такую паслугу пачалі прапаноўваць на некалькі гадоў раней, чым у нас. У цэлым рэгіёнамі-лідэрамі па запатрабаванасці IP-тэлебачання лічацца Заходняя Еўропа (звыш 11 мільёнаў абанентаў) і Паўночная Амерыка (больш як 4,5 мільёна). Ва Усходняй Еўропе пакуль што абаненцкая база ледзь перавысіла 1,1 мільёна.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter