Кіраўнік докшыцкіх пераможцаў,

НА «ДАЖЫНКАХ-2012» у Оршы прыгажуню «Ладу-Гранта» атрымаў камбайнер з Докшыцкага райаграсэрвіса Уладзімір Лаўцэвіч. Шосты раз ён паднімаўся на такую сцэну краіны! Многія звярнулі тады ўвагу, што гэта не першы чэмпіён з арганізацыі. У папярэднія гады лаўры першынства заваёўваў таксама на ўборцы збожжавых камбайнер Аляксандр Суднік, на перавозцы кармоў — вадзіцель Анатоль Альхімёнак.

які сам звычайна застаецца ў цяні

НА «ДАЖЫНКАХ-2012» у Оршы прыгажуню «Ладу-Гранта» атрымаў камбайнер з Докшыцкага райаграсэрвіса Уладзімір Лаўцэвіч. Шосты раз ён паднімаўся на такую сцэну краіны! Многія звярнулі тады ўвагу, што гэта не першы чэмпіён з арганізацыі. У папярэднія гады лаўры першынства заваёўваў таксама на ўборцы збожжавых камбайнер Аляксандр Суднік, на перавозцы кармоў — вадзіцель Анатоль Альхімёнак.

І калі раней той-сёй яшчэ заяўляў, што чэмпіёны Докшыцкага аграсэрвіса — чыстая выпадковацсь, то цяпер прыціхлі. Увачавідкі стала зразумела, што тут навучыліся «расціць»… чэмпіёнаў рэспубліканскага спаборніцтва!

Хаця слова «навучыліся» патрэбна ставіць у адзіночным ліку. На вялікую сцэну па машыны, дыпломы, кветкі амаль не выходзіў Мікалай Шульгат, дырэктар ААТ «Докшыцкага райаграсэрвіса». Ён заставаўся як бы ў цяні. Але ў такія моманты быў заўсёды шчаслівы.

Застаў Мікалая Шульгата на парозе кабінета, ён на хаду апранаў куртку. Відаць, спяшаўся. У гэты час зазваніў сотавы тэлефон. Паведамілі, што на склады аграсэрвіса прыбылі вагоны з мінеральнымі ўдабрэннямі.

— Трэба заехаць, паглядзець, як ідзе разгрузка! — тут жа вырашыў кіраўнік.

Тэрыторыя складоў даволі вялікая, агароджана. На ёй некалькі крытых складскіх будынкаў і жалезныя ёмістасці. Па дарозе расказаў, што можна захоўваць на складах 3 тысячы тон даламітавай мукі, столькі ж рассыпных мінеральных удабрэнняў і 800 тон вадкіх. Вывозяцца яны як транспартам гаспадарак, так і аграсэрвіса.

Адзін за адным пад’язджалі «МАЗы» да насыпу, і пагрузчык хутка напаўняў іх азотнымі ўдабрэннямі. Шульгат застаўся задаволены ходам справы.

«Азы» навукі ён праходзіў у Бягомльскай школе. У гадоў чатырнаццаць ужо быў у бацькі незаменным памочнікам на камбайне. А падчас вучобы ў Лепельскім тэхнікуме, на канікулах, самастойна працаваў на трактары, бо меў правы. Усе заробленыя грошы аддаваў у сям’ю.

Пасля службы ў арміі апынуўся ў ПМК меліярацыі. Тут адбыўся выпадак, які карэнным чынам мог паўплываць на далейшы лёс. А здарылася вось што. Мікалай вучыўся завочна ў інстытуце. Справа падышла да напісання дыпломнай. Абараніўся выдатна. З прыўзнятым настроем вярнуўся ў роднае прадпрыемства на работу. І тут яго ашарашылі:

— Ты — звольнены!

Яму паказалі загад дырэктара Аніськова, дзе было напісана: «З-за неадпаведнасці займаемай пасадзе».

Мікалай ніяк не мог дацяміць: «Да абароны дыплома адпавядаў пасадзе, пасля абароны — не?» Падаўся ў райвыканкам. Тады старшынёй яго быў Іосіф Падрэз, чалавек даволі справядлівы. Ён паспрабаваў угаманіць дырэктара ПМК, даказваў, што яго фармуліроўка звальнення — поўны абсурд, але Аніськоў цвёрда стаяў на сваім.

Іншы на месцы Мікалая здаўся б. Ён — не! Не такі характар у Шульгатаў. Звярнуўся ў суд. Праўда, справа да працэсу не дайшла. Аніськоў, зразумеўшы, відаць, што прайграе, не толькі адклікаў свой загад назад, але, да свайго гонару, не праследаваў больш маладога спецыяліста.

Хаця, калі быць да канца шчырым, адзін раз у жыцці давялося адступіць... перад бюракратызмам. Здарылася гэта, калі ён ужо займаў цяперашнюю пасаду. У 2005 годзе Докшыцкі райаграсэрвіс заняў трэцяе месца ў рэспубліцы і стаў удзельнікам рэспубліканскіх «Дажынак». На наступны год пастараліся яшчэ лепш. Кармоў назапасілі больш за ўсіх. Безагаворачнае першае месца. Прыбыла аўтарытэтная камісія і выявіла… 270 тон прыпіскі.

— Якая ж гэта прыпіска? Мы, як і вызначана інструкцыяй, частку скошанай канюшыны з сіласнай масы перавялі у сянажную з каэфіцыентам 1,2, — даказваў Мікалай Іванавіч.

Аднак члены камісіі толькі рукой махнулі на гэта. Для іх інструкцыя не была дакументам. А некаторыя мо і бачылі яе ўпершыню. Крыўдна было тое, што і без гэтых 270 тон Докшыцкі райаграсэрвіс намнога апярэджваў іншых прэтэндэнтаў на перамогу.

— Выхадных у мяне не бывае ніколі: ні зімой, ні летам. Трэба жывёлу карміць, даіць, па фермах праехаць. Там электрычнасць адключылася, там трактар не завёўся, там вада замерзла. Кожны дзень штосьці падкідвае новае. А як прыйдзе вясна, то і гаварыць няма чаго. Да самай восені на адным дыханні. І сеяць, і касіць, і жаць, і араць, і фермы рыхтаваць. Акрамя таго, у нас на балансе шмат жылля. У таго дах пацёк, у таго падлога падгніла. І нікому не адмовіш.

І ўсё ж выпадаюць у Мікалая Іванавіча абставіны, калі ён ніяк не можа ўсядзець у сваёй гаспадарцы. Гаворка ідзе пра міжнародныя выставы. Ездзіў ён на іх у Ізраіль, Германію, двойчы бываў у Гановеры. Цягне яго туды паглядзець самы перадавы вопыт: што там вынайшлі ў сельскай гаспадарцы? І вядома — новая тэхніка, арганізацыя працы ў сельскай гаспадарцы. Што тычыцца жывёлагадоўлі, напрыклад, то ён прыкмеціў, будынкі фермаў у нас не горшыя. І чысцей нават у памяшканнях. А вось па саміх тэхналогіях мы пакуль адстаём. І па абсталяванні фермаў — таксама.

— Там, калі робяць, то трывала, надзейна, на многія гады, — заўважыў ён. — Чаго не скажаш пра тое, што рабілася раней. Узяць дойкі на летніх выпасах. Новыя купілі. А зварачны апарат амаль штодня даводзіцца прымяняць.

Па сельскагаспадарчай тэхніцы справы лепш. Мікалай Іванавіч пабачыў, як у Гановеры многія падоўгу спыняліся ля нашых трактароў «Беларус», і адчуў гонар за сваю краіну.

У Шульгатаў — двое дзяцей: дачка Ірына і сын Уладзімір. Абое, як і іх бацькі, звязалі свой лёс з зямлёй. Яны з’яўляюцца супрацоўнікамі «Белгіпразема». Уладзімір, дарэчы, у час вучобы ў інстытуце быў памочнікам у Лаўцэвіча на камбайне і разам з ім стаў пераможцам спаборніцтва! Увесь у бацьку! Ёсць у Ірыны і Уладзіміра ўжо свае сем’і і дзеці.

Моцныя, глыбокія карані ў Шульгатаў. На такіх каранях і трымаюцца зямля докшыцкая і наша родная сінявокая Беларусь!

Владимир САУЛИЧ, «БН»

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter