Кіно не скончылася

Міністэрства культуры аб’явіла конкурс сцэнарыяў для кіно

Міністэрства культуры аб’явіла рэспубліканскі конкурс кінапраектаў. Прымаюцца літаратурныя сцэнарыі ігравых і анімацыйных фільмаў.

Мяркуецца, што ў мастацкай стужцы будуць адлюстраваны гістарычныя падзеі ў краіне двух апошніх дзесяцігоддзяў. Патрабаванне да сцэнарыяў мультфільмаў: у цэнтры ўвагі павінны быць вялікія людзі мастацтва, іх жыццё і творчасць. Фінансаванне анімацыйнай стужкі будзе цалкам ажыццяўляцца са сродкаў рэспубліканскага бюджэту, прыблізны яе кошт — мільярд рублёў. Арганізацыі ж, якая пераможа ў конкурсе ігравога кіно, прыйдзецца клапаціцца і аб камерцыйных пытаннях: на рэалізацыю сцэнарыя плануецца выдзеліць не больш за семдзясят працэнтаў неабходнай сумы, пры гэтым яна не перавысіць дзесяці мільярдаў рублёў.

Заяўкі прымаюцца да 27 красавіка, паведамілі ў Міністэрстве культуры. Вынікі конкурсу будуць падведзены бліжэй да лета.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter