Кіно на востраве лідо

У апошні дзень жніўня тысячы аматараў кіно, акцёраў і рэжысёраў накіруюцца на востраў Лідо, каб акунуцца ў свет якаснага кінематографа



За ўзнагароды Венецыянскага фестывалю кіно сёлета пазмагаецца дваццаць карцін

У апошні дзень жніўня тысячы аматараў кіно, акцёраў і рэжысёраў накіруюцца на востраў Лідо, каб акунуцца ў свет якаснага кінематографа. Традыцыйна менавіта на Венецыянскім кінафестывалі адбываюцца прэм’еры карцін, якія затым адзначаюць прэстыжнымі “Оскарамі” і “Залатымі глобусамі”. Сёлетні фестываль адкрыецца сусветнай прэм’ерай мюзікла Дэм’ена Шазэла “Ла Ла Лэнд”, галоўныя ролі ў якім выконваюць Раян Гослінг і Эма Стоўн. Акрамя таго ў конкурснай праграме прадстаўлены работа амерыканскага рэжысёра Тома Форда “Пад покрывам ночы” з Эмі Адамс і Джэйкам Джыленхолам, фільм Франсуа Азона “Франц”, дзеянне якога разгортваецца пасля заканчэння Першай сусветнай вайны, з П’ерам Ніні, вядомым па стужцы “Іў Сэн-Ларан”. Многія чакаюць фільм Эміра Кустурыцы “Па Млечным Шляху”. Гэта першы ігравы фільм рэжысёра, зняты ім за апошнія 10 гадоў. Цікава, што іграць у стужцы пра каханне падчас баснійскай вайны будуць сам Кустурыца і Моніка Белучы. Трапіла ў асноўны конкурс і драма расійскага рэжысёра Андрэя Канчалоўскага “Рай”, дзеянне якой разгортваецца падчас Другой сусветнай вайны. Усяго за венецыянскіх ільвоў пазмагаецца дваццаць карцін. 
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter