Якое яно - беларускае кiно ?

Кіно і лічба

Фота Уладзіміра ШЛАПАКА

Сёння ў нашай краіне адзначаецца Дзень беларускага кіно. Свята ёсць. А што з кіно? Вядома, мы маем выдатную дакументалістыку і анімацыю, без перабольшання, сусветнага ўзроўню майстроў і самыя прэстыжныя ўзнагароды ў гэтых відах кінамастацтва. А што ж кіно ігравое? Пра яго наша гутарка з кінакрытыкам Антонам Сідарэнкам.

— Якім вам бачыцца сённяшні кінапейзаж?

— Калі казаць у цэлым, то ў сувязі са з’яўленнем лічбавых камер, новых тэхналогій мастацтва кіно сёння знаходзіцца ў працэсе трансфармацыі. Калі казаць пра спецыфічныя праблемы нашага ігравога кіно, то галоўная з іх — пошук свайго «я». Сёння наша ігравое кіно нельга вылучыць з агульнага патоку рускамоўнага кіно. Мы не можам знайсці сваё месца на кінакарце.

— Дзе ж і як яго шукаць?

— Трэба навучыцца распавядаць пра сябе не толькі з прыцэлам на расійскі рынак, але і ўсяму свету, вылучацца з агульнага патоку. У рэжысёраў постсавецкіх краін, напрыклад Эстоніі, Украіны, Казахстана, гэта атрымліваецца. Думаю, гледачам розных краін будзе цікава даведацца пра нашы спецыфічныя праблемы, адметнасці, нашу гісторыю, убачыць ігру нашых акцёраў.

— У гэтым сэнсе паказальным быў конкурс нацыянальных фільмаў на сёлетнім фестывалі «Лістапад». Гледачы пайшлі на сваё кіно.

— Любы поспех адносны. І тое, што фільм сабраў залу на «Лістападзе», не азначае, што ён збярэ мільёны праглядаў па ТБ і тым больш у кінатэатрах. Я сказаў бы, што ў нас з’явілася катэгорыя гледачоў, якім цікава менавіта такое кіно — знятае ў нас і пра нас нашымі аўтарамі. Аўдыторыя сегментуецца. На кожны тавар — свой купец, і тавараў розных вельмі шмат.

— На тым жа нацыянальным конкурсе многія былі здзіўлены: 15 сваіх ігравых стужак у праграме.

— Гэта і ёсць наступствы  лічбавай рэвалюцыі. З тых часоў, як 5—7 гадоў таму з’явіліся фотакамеры з высокім узроўнем запісу відэа, у прынцыпе, любы чалавек можа зняць фільм па тэхнічных параметрах не горшы, чым буйная студыя. Шмат рэжысёраў-самавучак з’явілася ва ўсім свеце. Іншая справа — творчы аспект. Але і тут некаторыя прапануюць вельмі цікавыя ідэі і  паспяхова канкурыруюць з прафесіяналамі. 

Фільм Андрэя КУЦІЛЫ «Госці».

— Прычым паказваюць, што можна здымаць добрыя фільмы і без вялікіх бюджэтаў.

— Гэта ўсё ілюзія — безбюджэтнае, мікрабюджэтнае кіно. Нельга ўвесь час разлічваць на сяброў, якія будуць бясконца бясплатна здымацца, заўсёды патрэбны бензін, каб заправіць аўтамабілі, сродкі на арэнду камеры і гэтак далей. На пэўным этапе ўсё роўна спатрэбяцца грошы. Бо аўтару захочацца выйсці на новы ўзровень і зняць фільм, напрыклад, ужо ў дэкарацыях або з удзелам каскадзёраў, за што таксама трэба плаціць.

Дарэчы, раней безбюджэтнае кіно  называлася аматарскім. У Мінску ў 1960-х цэлыя фестывалі праводзіла кампанія выпускнікоў Ленінградскага інстытута кінаінжынераў. Яны прыехалі па размеркаванні на «Беларусьфільм», працавалі як тэхнічны персанал і проста дзеля цікавасці здымалі свае фільмы.

— Але цяпер жа загаварылі пра зараджэнне новай хвалі беларускага кіно.

— Хутчэй, трэба гаварыць аб новай з’яве — пакаленні лічбавых кінематаграфістаў. Гэта людзі «нагледжаныя» рознымі фільмамі.  Яны здымаюць поўныя метры, не азіраюцца на аўтарытэты. Але куды яны пойдуць далей? 

Калі тыя людзі, якія цяпер праявілі сябе ярка, не сыдуць у сумежныя вобласці, таму што вельмі многія пачынаюць здымаць рэкламу, серыялы і знікаюць з прафесіі, і  гадоў праз пяць пакажуць творчы рост, вось тады зможам сказаць: так, у нас з’явілася новае кіно.

— Зразумела, каб рухацца наперад, трэба вучыцца.

— На жаль, з гэтым таксама не ўсё проста. Сёння на экране мы бачым  прадукцыю не самай высокай якасці. Пытанне — ці трэба такому вучыцца? А калі сур’ёзна вучыцца, то дзе: у замежных кінашколах або тут. 

Што да нашай акадэміі, дакладней, яе факультэта экранных мастацтваў, то  скепсіс новага пакалення я падзяляю. 

Мультфільм Яўгена НАДТАЧЭЯ «Пра вала».

— Словам, ігравога кіно ў нас пакуль па-ранейшаму няма...

— У нас ёсць сёння маладыя таленавітыя аўтары, якія хочуць рабіць кіно. Пытанне — як ім дапамагчы рухацца далей, каб яны здымалі тут, не з’язджалі за мяжу, працавалі на карысць роднай краіны? І ў гэтым, я думаю, павінна быць зацікаўленасць дзяржавы. Тым больш што яна выдаткоўвае вялікія грошы на рэканструкцыю нашай кінастудыі.  

Пакуль жа сітуацыя вельмі паказальная: у тым жа конкурсе нацыянальнага кіно адзіная карціна, знятая летась на «Беларусьфільме», была пастаўлена адборачнай камісіяй у адзін рад з работамі аўтараў-самавучак, прычым ім жа яшчэ і прайграла. Мне здаецца, гэта падстава, каб задумацца.

Гэта — факт

Днём беларускага кіно 17 снежня афіцыйна прызналі ў 1994 годзе, але яго гісторыя пачалася яшчэ ў колішняй новастворанай Краіне Саветаў: у гэты дзень у 1924-м адкрылі ўстанову па справах кінематаграфіі «Белдзяржкіно», пазней пераўтвораную ў кінастудыю «Беларусьфільм».

Варта паглядзець

У Мінску Дзень беларускага кіно адзначаць паказамі фільмаў — лаўрэатаў сёлетняга нацыянальнага конкурсу ММКФ «Лiстапад». У гонар свята тры стужкі-пераможцы, вызначаныя міжнародным журы прафесіяналаў, пакажуць зноў.

Ігравая стужка «Беларускі псіхапат» Мікіты Лаўрэцкага — гэта нечаканая гісторыя, знятая практычна без грошай 21-гадовым рэжысёрам без кінематаграфічнай адукацыі. З’яўленне яго ў кіно (а тым больш адразу з галоўнай узнагародай нацыянальнага конкурсу) выклікае ў роўнай меры захапленне і скепсіс як у гледачоў, так і ў крытыкаў. 

Андрэй Куціла таксама малады аўтар, але ўжо мае імя ў нашай  дакументалістыцы. Рэжысёр не аднойчы станавіўся лаўрэатам міжнародных кінафестываляў. Яго новы фільм  «Госці» з узрушаючай выразнасцю вяртае нас да простай думкі: дапамагаючы іншым, мы дапамагаем сабе.

Мультфільм «Пра вала» Яўгена Надтачэя — экранная версія вядомай беларускай казкі «Ад крадзенага не пасыцееш» з павучальнай гісторыяй і цікавымі візуальнымі рэжысёрскімі знаходкамі.

Паказ адбудзецца 17 снежня ў кінатэатры «Перамога». Пачатак у 19.00.

svirko@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter