Iванава тайна

Iван здагадаўся, што немец забiў сам сябе, i не мог даўмецца, чаму...

На трэцi дзень, як нашы прагналi з Янкоў немцаў, Iван Трахiмчык пайшоў у Кучынскi лес. У лесе было шмат ям ад разрываў бомб i снарадаў, а ля iх цэлыя завалы дрэў – толькi церабi ды вазi.

Спявалi птушкi, дзумкалi, пералятаючы з кветкi на кветку, грузныя, як бамбавозы, чмялi – i шэрыя, i рудыя, i чорныя з чырвонымi жыватамi, кулялiся сюды-туды матылi. Недзе ўперадзе, у гушчары, раптам застракатала сарока. У адказ ёй старэчым голасам каркнула варона. Iван iшоў памалу, асцярожна ступаючы, як мацаючы нагамi зямлю, каб, не дай бог, не наступiць на мiну цi яшчэ на якую заразу, а пасля сарочага стракатання ледзь не на кожным кроку спыняўся, прыслухоўваючыся i да лесу, i да зямлi, i да неба. I ад гэтай лясной цiшынi, узарванай птушыным трывожным крыкам, рабiлася жудасна i страшна.

Раптам падалося, што з блiжэйшага завалу яго нехта паклiкаў. Ён iнтуiтыўна скокнуў да тоўстай сасны i замёр, затаiўшы дыханне, услухоўваючыся ў лясны пошум.

— Iв-ва-ан!..

Цяпер ён ужо зусiм выразна пачуў чалавечы голас. Голас быў цiхi, асцярожны, але быццам i знаёмы, падобны на крык патрывожанай кнiгаўкi.

Iван, не адгукаючыся, гадаў: чый мог быць гэты голас – чалавека з iхняй вёскi цi з суседняй?

— I-i-вв-ан!..

— Я тут! Хто гэта? – машынальна адгукнуўся Iван, выйшаў i ступiў колькi крокаў да завалу, адкуль чуўся голас.

Але чалавека нiдзе не было вiдаць. Iван сумеўся, падумаў, цi здань якая водзiць яго, наважыўся ўжо крутнуцца назад, але зноў, ужо зусiм блiзка, пачуў:

— Iва-ван…

Угледзеўшыся туды, адкуль чуўся голас, Iван ледзь не абамлеў: за крокаў дзесяць ад яго пад камлём паваленай сасны ляжаў дагары чалавек у нямецкiм мундзiры i з нямецкiм аўтаматам у руцэ.

— Фрыц? – само сабой вырвалася ў Iвана.

— Iх нiхт Фрыц, iх iст Ганс!.. – тут жа залапатаў чалавек – ён сапраўды аказаўся немцам.

Iван скокнуў за блiжэйшую сасну, утаропiўся вачыма ў немца, цiкуючы за iм.

— Iх нiхт Фрыц, iх iст Ганс! – тонкiм жаласлiвым голасам зноў залапатаў немец i, павёўшы мутнымi, асалавелымi вачыма, адкiнуў далей ад сябе аўтамат, махнуў рукой: — Iв-ван! Ком гiр, Iв-ван!

Пастаяўшы якi момант у нерашучасцi, Iван асцярожна, гатовы ў адзiн момант зноў сiгануць за сасну, пайшоў да немца. За крокаў пяць спынiўся i насцярожана пачаў разглядаць яго. Немцу было за трыццаць, а можа, пад трыццаць, твар яго зарос густой каштанавай шчэццю. Немец глядзеў на Iвана ва ўсе вочы. У iх былi i страх, i маленне, i адчай. Iван, здаецца, упершыню бачыў такiя блакiтныя, такiя вялiкiя i такiя даверлiвыя, як у дзiцяцi, вочы.

“Няўжо з такiмi вачамi людзi маглi забiваць другiх людзей, палiць iх хаты, рабаваць i нiшчыць iх дабро? – падумаў Iван. – Ён жа таксама, пэўна, гэта рабiў, як i ўсе…”

Ад гэтай думкi Iвана раптоўна ўзяла злосць, ён нават пашукаў вачыма якую-небудзь патырчаку, каб прыкончыць гэтае стварэнне – не чалавека, фашыста. Але, калi ўбачыў, што немец плача, загаварыў стрымана, прыглушана:

— Ну што, фрыц, скончылася твая лавачка? Цяпер на нашай вулiцы свята. Вось як яно бывае, чалавеча…

— Iх нiхт Фрыц, iх iст Ганс, — лапатаў адно i тое ж немец.

— Усе вы аднолькавыя – што Фрыц, што Ганс. Колькi вунь гора, бяды нарабiлi. Але, як той казаў, не капай ямы другому…

Немец, вiдаць, адчуў у Iванавых словах нешта нядобрае, бо зноў скрозь слёзы залапатаў:

— Гiтлер капут, Гiтлер шайзе, Сталiн…

Не дагаворваючы далей, ён з жахам угледзеўся ў Iвана, нават перастаў плакаць i жаласна застагнаў:

— Iван! Вассэр! Брот! Вассэр! Брот!..

За ўвесь гэты час немец упершыню паварушыўся, працягнуў рукi да Iвана i некалькi разоў папляцкаў губамi.

Iван зразумеў, што ён просiць у яго хлеба.

— Няма ў мяне броту, бачыш – няма! Цi ж я ведаў, што знайду тут цябе такога? Няма хлеба. Бачыш, — развёў рукамi Iван.

— Вассэр!..

Немец цягнуў рукi да Iвана, паспрабаваў прыпадняцца i тут жа з ускрыкам застагнаў, галава ўпала на ранейшае месца – на невялiчкую прыгнутую ялiнку, бледны твар зрабiўся папяровым, заплюшчы­лiся вочы.

У Iвана закалацiлася, захадзiла ходырам сэрца. Ён дагэтуль не бачыў, як памiрае чалавек. Няўжо вось так, на яго вачах, можа нехта памерцi, хай сабе i немец?

Немец нечакана зноў застагнаў i расплюшчыў вочы. Iван бадай што ўзрадаваўся i ўспомнiў, што зусiм блiзка ёсць саджалка. Не адчуваючы, як колюць старыя сасновыя шышкi i iглiца яго босыя ногi, уподбежкi кiнуўся да саджалкi. Набраўшы вады ў шапку, хутка вярнуўся назад i навёў струменьчык вады, якi працякаў праз шапку, проста ў разяўлены рот немца. Той апантана хапаў струменьчык ротам, як усё роўна адкусваючы яго, раз-пораз папярхаючыся. На твары ўвачавiдкi паяўляўся кволы румянец. Хапiўшы ротам апошнiя кроплi, немец гэтак даверлiва i вiнавата паглядзеў на Iвана, што яму зрабiлася неяк не па сабе…

— Iвван, Iвван… Гiтлер капут, Гiтлер шайзе. Iвван гут, — нараспеў, як усё роўна творачы малiтву, загаварыў немец. – Iвван гут. Русс гут. Iх нiхт фашыст, iх хабе драй кiндэр. Драй кiндэр…

Немец выставiў тры пальцы i заплакаў зноў.

Слова “кiндэр” Iван ведаў, як ведаў i “айн, цвай, драй”. Таму нечакана для сябе закiваў галавой:

— I ў мяне таксама драй кiндэр.

Iван спагадлiва ўсмiхнуўся i нават, як i немец, паказаў тры пальцы, бы радуючыся гэтаму супа­дзенню, хаця, можа, немец i прыбавiў сабе якога кiндэра, каб расчулiць яго.

Але немец зноў пабляднеў i застагнаў, паказваючы вачыма на паваленую сасну, камель якой ляжаў на ягоных нагах: абедзве нагi немца нiжэй каленяў былi раструшчаны дрэвам. Вакол раiлiся мухi. Iван ашчаперыў камель рукамi i таргануў на сябе, ды сасна не падалася. Адна была рада: распiлаваць цi перасеч. Iван падышоў да самога немца, моўчкi ўгле­дзеўся ў ягоны твар. Немец не зводзiў вачэй з яго, у iх па-ранейшаму былi насцярога i адчай. Знячэўку падзьмуў вецярок, i на Iвана павеяла смуродам, быццам недзе побач была прыбiральня цi валялася якая падла. На Iвана найшоў страх: можа, дзе блiзка ляжыць якi забiты салдат i гнiе? Чамусьцi ён больш баяўся нябожчыка, чым жывога немца. Ды, агледзеўшыся наўкола, нiчога такога не ўбачыў падазронага. I ён здагадаўся, што смурод iдзе ад жывога немца. Смярдзелi, мусiць, раструшчаныя ногi…

Iвана пачало нават блажыць, зноў найшла злосць.

— Вось як тут мне быць: адкуль я магу ведаць – чалавек ты цi нелюдзь? Можа, вызвалю цябе, а ты заб’еш мяне. Цi, можа, яшчэ твае немцы вернуцца, што тады будзе?

Немец здзiўлена глядзеў на Iвана, вiдаць, нiчога не разумеючы, але, бачна было па вачах, пачаў непакоiцца яшчэ больш, прадчуваючы нешта нядобрае ў Iванавых словах.

А Iван, падахвочаны сваёй уладай над бездапаможным немцам, узяўся выказваць яму:

— Цяпер, калi ты без сiлы, дык i на чалавека падобны, хоць i немец. Во, i плачаш, калi чалавек. А цi бачыў ты слёзы другiх, калi забiваў нашых людзей? Можа, гэта ты забiў i Федзю Данiлавага, што ў партызанах быў? Мучыў, рукi, ногi папераломваў. А ён жа, казалi, плакаў, крычаў, просячы ратунку. Во, кажаш, дзецi ў цябе ёсць, шкада табе iх. А Федзя ж маладзенькi быў. I дзецi б у яго былi. I не трое, а можа, пяцёра цi яшчэ болей, як у ягонага бацькi…

Успамiн пра Федзю пачаў зноў выводзiць Iвана з сябе. Хаця, казалi, Федзю замучылi не немцы, а ўласаўцы.

— Бачыш, добранькi стаў. Плачаш. А чаму я павiнен верыць, што ты не забойца? На вайне што робяць? Забiваюць. Хоць вiнаваты ты, хоць невiнаваты. Во, i ты вочы вылупiў, не верыш мне, думаеш – заб’ю. I я табе таксама не веру, толькi не хачу браць грэх на душу. Добра, памагу табе. А там – як табе суджана, хай так i будзе.

Немец увесь гэты час ляжаў нерухома.

— Добра, што я табе натрапiўся, — гэтак жа раптоўна, як i разбушаваўся, пачаў супакойвацца Iван. – На маiм месцы хто другi нi броту б табе не прынёс, нi васэры — дулю! А я табе i хлеба прынясу, i сасну перасяку, каб ногi твае адпусцiла, а тады заяўлю, каб цябе забралi. Можа, i не застрэляць. Ты ж палонны, ды ў дадатак i паранены. Ну дык я пайшоў.

— Брот… брот… — застагнаў зноў немец. – Iвван… Iвв-ан!..

— Што Iван, што Iван? Я ўжо даўно як Iван. Тут сякера патрэбна. Гах, гах!

I Iван паказаў рукамi, як ён будзе сячы.

Немец, вiдаць, не зразумеў яго, спалохана вытарашчыў вочы, часта задыхаў…

— Ах, бачу, дурны ты, як бот, нiчога не петрыш, — махнуў рукой Iван i ледзь не подбегам пайшоў ад немца.

— Iвв-аан! – пiсклявым голасам закрычаў яму ўслед немец.

— Ну што — Iв-ва-ан? – перадражнiў яго Трахiмчык. – Я ўжо трыццаць гадоў як Iван. Тут сякера цi пiла патрэбна, а iнакш капут табе.

— Нiхт капут, нiхт капут, — заварушыўся i прыўзняўся на локцях немец.

Але Iван ужо больш не спыняўся.

Дома ён узяў сякеру, акраец хлеба i паспяшаўся ў лес. Iшоў шпарка, не асцерагаючыся. I раптам уперадзе прагрымелi стрэлы:

— Тах-тах-тах!

— Усё! Канец! – маланкай мiльганула думка ў Iвана. Ён як падкошаны бухнуўся пад сасну.

Пацiху абмацаў сябе. Нi крывi, нi болю нiдзе не было. “Пэўна, не пацэлiў”, — падумаў Iван i, узяўшы вялiкую яловую шышку, кiнуў яе ў ядлоўцавы куст, каб справакаваць немца. Але вакол было цiха.

— А можа, ён не пазнаў мяне? Цi пераблытаў з кiм? – сам сабе цiха сказаў i паклiкаў: — Ганс, не бойся! Не страляй. Гэта я, Iван! Брот нясу. Брот…

Але нiхто не адгукнуўся. Прадчуваючы нешта нядобрае, Iван пачаў падпаўзаць да знаёмага завалу. I аж здранцвеў, калi ўбачыў, што твар немца быў увесь у крывi.

— Ганс, што з табой? – як уколаты ўскочыў Iван i падбег да немца.

Той ляжаў дагары, абхапiўшы аберуч аўтамат.

Iван здагадаўся, што немец забiў сам сябе, i не мог даўмецца, чаму ён гэта зрабiў. Мусiць, не паверыў яму, Iвану.

Перасiльваючы страх, Iван перасек сасну, вызвалiў Гансу ногi. Пасля пахаваў яго ў блiжэйшай варонцы ад снарада i пасадзiў на гэтым месцы ялiну з перабiтай вершалiнай.

…Праз тыдзень Iвана мабi­лiзавалi. I дадому ён не вярнуўся – загiнуў 8 красавiка 1945 года пры штурме Кёнiгсберга.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter