У вёсцы Малыя Алашкі адчынены музей беларускага садавода-селекцыянера Iвана Сiкоры

Iвана Сiкору "вярнулi" дамоў

У вёсцы Малыя Алашкі Шаркаўшчынскага раёна адчынены музей вядомага беларускага садавода-селекцыянера
Брэндам Шаркаўшчынскага раёна з’яўляецца яблык. І гэта нездарма. Тут жыў і працаваў садавод-селекцыянер Іван СІКОРА, вядомы не толькі ў нашай краіне, але і далёка за яе межамі. Адных новых сартоў яблынь ён вывеў больш сотні. А гібрыд пад нумарам 1337 прызнаны яблыкам XXI стагоддзя і названы «памяць Сікоры» ў гонар яго стваральніка.

vnuki.png

Два ўнукі Івана Паўлавіча з Мінска — Пётр і Андрэй


Памятаюць пра свайго зямляка, берагуць і прымнажаюць яго славу ўдзячныя шаркаўшчане. Штогод пад канец жніўня ў вёсцы Малыя Алашкі, на радзіме садавода, праводзіцца традыцыйнае раённае свята з вельмі лірычнай назвай «Светлы Яблычны Спас — Сікораўскай душы часцінка». Яно збірае не толькі жыхароў рэгіёна, але і гасцей з вобласці, краіны і нават замежжа. Вось і на гэты раз прыехала дэлегацыя з Даўгаўпілскай краявой Думы на чале з яе выконваючым дырэктарам Вандай Кезіка.

У праграме свята было шмат цікавага і захапляльнага: конкурсы «Уладар сяла» і «Яблыка спартыўнае», літаратурная гасцёўня, канцэрт, фальклорна-гульнявы дворык, алея рамёстваў, пачастунак удзельнікаў яблычным пірагом. Але цэнтральнай з’явай усё ж стала адкрыццё Дома-музея Івана Сікоры. Адкрыта экспазіцыя ў той самай хаце, дзе звыш сарака год жыў і працаваў садавод-селекцыянер. Тут, у трох пакоях, усё як пры жыцці Івана Паўлавіча: і ложкі, і дываны, і гадзіннік на сцяне, і нават керагаз на кухні.

Незвычайная гісторыя самога дома. Доўгі час ён стаяў апусцелы. А дзясятак год таму яго амаль прадалі чалавеку, які хацеў разабраць будынак на дровы. Пра гэта даведалася былая настаўніца мясцовай школы Ада Райчонак. Яна, сабраўшы па знаёмых грошы, перакупіла дом, а потым падарыла дзяржаве. Работнікі арганізацый раёна на суботніках прывялі сядзібу ў належны выгляд.

sikora.pngНа адкрыццё Дома-музея прыехалі два ўнукі Івана Паўлавіча з Мінска — Пётр і Андрэй.

У Пятра знаходзіцца партрэт Льва Талстога з аўтографам, які пісьменнік падарыў Івану Паўлавічу. За гэты партрэт, між іншым, з музея «Ясная Паляна» прапаноўвалі вялікія грошы. Пётр паабяцаў для музея ў Алашках зрабіць каляровую копію партрэта, а таксама перадаў кнігі — збор твораў Льва Талстога.

Другі ўнук Андрэй, селекцыянер па бульбе, прыгадвае пра дзеда з асабістых назіранняў:

— Мне асабліва падабалася, як Іван Паўлавіч вызначаў смак яблыкаў. Ён запрашаў у сад дзяцей, а сам ішоў паціху следам і занатоўваў у журнал, пад якой яблыняй яны найбольш збіраліся. Тлумачыў гэта так: «У дарослых смак сапсаваны табакай і гарэлкай, а дзеці на самай справе ведаюць і цэняць, што смачнае». Запомніўся і такі эпізод. Неяк пасля вайны ў сад зайшлі нашы афіцэры, і адзін з іх міжволі з’еў плады агрэсту з таго самага куста, на якім праводзілася селекцыя. Іван Паўлавіч стаяў і плакаў: «Прапаў цэлы год...»

Успамінамі пра заслужанага агранома БССР падзяліліся алашкаўцы, якія добра ведалі садавода-селекцыянера пры жыцці — Ніна Брэсцкая і ўнучатая пляменніца Галіна Сікора.

Глыбока сімвалічным на свяце надарыўся такі факт: латвійская дэлегацыя прывезла са сваёй зямлі і падарыла сядзібе-музею Івана Сікоры яблыньку.

Пасадзілі яе насупраць новага адчыненага Дома-музея старшыня Шаркаўшчынскага райвыканкама Мікалай Баговіч і выконваючы дырэктар Даўгаўпілскай краявой Думы Ванда Кезіка.

Будзе расці яблынька і будзе мацнець дружба паміж двума суседнімі раёнамі.

Уладзімір САУЛІЧ, «СГ»

Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter