За межамі краіны зарэгістравана больш за 80 сартоў збожжавых, выведзеных беларускімі навукоўцамі

Ісціна ў зерні

У цэнтры ўвагі ўборачнай кампаніі — пагодная зводка. Ад яе зараз залежыць, ці выйдзе на ўборку тэхніка ў канкрэтным раёне. Умовы, у якіх аказаліся аграрыі, складана назваць простымі. Тым больш што засушлівы пачатак лета не самым спрыяльным чынам адбіўся на будучым ураджаі. Аднак на дапамогу сялянам прыходзяць навукоўцы, якія праводзяць літаральна ювелірную работу па селекцыі новых сартоў культур. Дзякуючы іх працы азімы рапс, напрыклад, становіцца больш устойлівы да маразоў, а пшаніца і трыцікале лепш пераносяць засуху. У селекцыйных тонкасцях разбіралася карэспандэнт «Рэспублікі».


Кукуруза вытрымае ўсё

Навукоўцы прызнаюцца: у параўнанні з іншымі краінамі ў нас далёка не самы лепшы глебава-кліматычны патэнцыял для земляробства. У Навукова-практычным цэнтры НАН па земляробстве спасылаюцца на экспертныя ацэнкі спецыялістаў ФАО ААН. Так, напрыклад, калі лічыць глебава-кліматычны патэнцыял краіны за 1, то ў Польшчы ён складзе 1,2, у Германii — 1,5, у ЗША — 2,0. Вось што гэта азначае: каб у нас атрымаць той жа ўзровень вытворчасці раслінаводчай прадукцыі, як і ў Германіі, трэба выдаткаваць на 50 працэнтаў рэсурсаў больш. Нягледзячы на гэта, поспехі аграрыяў відавочны. Мяркуйце самі: сярэднегадавы прырост валавога збору збожжа з 1999-га па 2016 год склаў 260,2 тысячы тон, а ўраджайнасці — 1 цэнтнер з гектара. Дамагчыся такога выніку атрымалася за кошт прагрэсу селекцыі і эфектыўнасці сартазмены, пашырэння плошчаў пад высокаўраджайныя культуры (трыцікале, пшаніца, кукуруза на зерне), матэрыяльна-тэхнічнай мадэрнізацыі і абнаўлення сельскагаспадарчай тэхнікі, а таксама ўдасканалення тэхналогій вырошчвання і іх выканання.

Беларускія сарты збожжавых сёння займаюць больш за 75 працэнтаў ворных зямель краіны

Намеснік гендырэктара НПЦ па земляробстве Эрома Урбан звяртае ўвагу і на той факт, што за апошняе дзесяцігоддзе істотна змянілася структура пасяўных плошчаў. Доля засухаўстойлівых культур прыкметна павялічылася: толькі пад кукурузу адведзена больш за 1 млн га.

— У маі—чэрвені была засуха, на працягу гэтых двух месяцаў значэнне вільгаці ў глебе дасягнула крытычнага ўзроўню. Аднак кукуруза гэтыя неспрыяльныя з'явы вынесла. Устойлівыя да засухі і такія культуры, як проса і сорга. Наогул структура пасяўных плошчаў за апошнія 15—20 гадоў сур'ёзна змянілася. Мы скарацілі пасевы жыта, ячменю, аўса і бульбы, затое пашырылі плошчы пад рапс, трыцікале, пшаніцу. Рапс, напрыклад, сёння асноўная бялковая культура, якая ў значнай меры замяшчае імпартны складальнік — соевы шрот, на закупку якога трацяцца мільёны долараў.

За мінулую пяцігодку ў дзяржаўнае сортавыпрабаванне было перададзена 134 сарты збожжавых, зернебабовых, алейных і кармавых культур

Па словах навукоўца, выкарыстанне новых сартоў і высакаякаснага насення — гэта найбольш танны і эфектыўны шлях інтэнсіфікацыі раслінаводства. Галоўная задача селекцыі на сучасным этапе — стварэнне сартоў, якія спалучаюць высокі патэнцыял ураджайнасці з устойлівасцю да хвароб і шкоднікаў, добрай якасцю прадукцыі і мінімумам энергазатрат на вытворчасць экалагічна чыстай прадукцыі. Сёння новыя сарты — гэта аснова паспяховага і канкурэнтаздольнага вырошчвання культур:

— Няправільна выбраны або ўстарэлы сорт, няякаснае насенне не даюць магчымасці атрымаць поўную аддачу ні ад глебы, ні ад угнаенняў і сродкаў абароны. Зараз у развітых дзяржавах уклад селекцыі і насенняводства ў фарміраванне прыросту ўраджаю дасягае 30—50 працэнтаў, што разам з нарошчваннем аб'ёмаў вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі гарантуе і высокую акупнасць затрат.

Рэгіянальныя асаблівасці

Вынікі беларускіх селекцыянераў вядомыя далёка за межамі нашай краіны. Так, па ўсім свеце зарэгістравана больш за 80 айчынных сартоў, якія займаюць у іншых дзяржавах больш за 3 млн га. У Расіі, напрыклад, ведаюць і любяць сарты нашай пшаніцы, жыта, трыцікале, грэчкі, ячменю. Зусім нядаўна навукоўцы НПЦ па земляробстве вярнуліся з Бранскай вобласці, дзе нават пры цяперашняй засусе беларуская пшаніца «элегія» дае ўраджайнасць 75—80 цэнтнераў з гектара.

Сёлета ў Бранскай вобласці, нягледзячы на засуху, беларуская пшаніца «элегія» дае ўраджайнасць 75—80 ц / га

Дарэчы, у цэнтры ідзе актыўная селекцыя азімай пшаніцы па павышэнні зіма-ўстойлівасці, устойлівасці да палягання, зніжэнні схільнасці да асноўных хвароб, павелічэнні прадукцыйнасці і паляпшэнні хлебапякарных і мукамольных якасцей. У селекцыйных праграмах прадугледжваецца стварэнне сартоў з рознымі тэрмінамі паспявання з улікам агракліматычных асаблівасцей рэгіёнаў краіны. У сваёй працы навукоўцы выкарыстоўваюць сусветны генафонд пшаніцы з Польшчы, Германіі, Украіны, Расіі, ЗША, Мексікі і іншых краін.

Цікаўлюся ў селекцыянераў, што яны ставяць на першае месца — устойлівасць новых сартоў да хвароб або да кліматычных асаблівасцей. Адназначнага адказу, як прызнаюцца спецыялісты, няма, паколькі праводзіцца комплексная селекцыя, пры якой трэба знайсці разумны кампраміс. Цяжкасці заключаюцца ў тым, што селекцыйныя работы праводзяцца для ўсёй краіны, але ўмовы ў кожным рэгіёне вельмі адрозніваюцца паміж сабой і па клімаце, і па складзе глебы. Напрыклад, пясчаная глеба прапускае вільгаць, як рэшата, а гліністая — затрымлівае. Таму ў больш дажджлівай Віцебскай вобласці аграрыі просяць сарты культур, устойлівыя да падтаплення, а ў Гомельскай — да засухі.

— Мы праводзім мэтанакіраваную селекцыю, і трэба разумець, што ў адным сорце нельга злучыць абсалютна ўсе фактары. Павінна існаваць цэлая сістэма сартоў, — тлумачыць Эрома Урбан. — Таму мы і праводзім экалагічныя сортавыпрабаванні для розных рэгіёнаў, улічваем мясцовыя асаблівасці, працуем з кожным асобным селекцыйным матэрыялам. У выніку з'яўляюцца розныя сарты. Напрыклад, яравы рапс «смарт» добра падыходзіць для Брэсцкага і Мінскага рэгіёнаў, а «антэй» — для ўсіх абласцей краіны.

Кожны год, прызнаюцца навукоўцы, надвор'е падкідвае сюрпрызы: то зіма выдасца на рэдкасць халоднай, то лета будзе засушлівым. І ўсё гэта селекцыянеры ўлічваюць. Так, атрымалася стварыць адносна ўстойлівыя да снежнай цвілі сарты жыта і трыцікале, павысіць устойлівасць азімага рапсу да вымярзання. Культура гэта даволі адчувальная да нізкіх тэмператур: пры мінус 12—13 градусах і адсутнасці снегу можна страціць вялікую долю будучага ўраджаю. Пры стварэнні новых сартоў увесь селекцыйны матэрыял паэтапна марозіцца ў камерах, выбіраюцца самыя ўстойлівыя сарты, на аснове якіх і з'яўляюцца новыя. Дарэчы, за апошнія гады ў краіне практычна вырашана праблема забеспячэння ўласным алеем за кошт пашырэння пасеваў рапсу. У перыяд з 2006-га па 2016 год у Дзяржаўны рэестр уключылі 31 сорт і гібрыд крыжакветных культур, 12 сартоў беларускага рапсу ўключаны ў Дзяржрэестр Расіі.

ЛІЧБЫ І ФАКТЫ

НПЦ па земляробстве вядзе селекцыю і насенняводства 42 сельскагаспадарчых культур: збожжавых, зернебабовых, крупяных, тэхнічных і кармавых культур, а таксама і шматгадовых бабовых і злакавых траў. Беларускія сарты збожжавых сёння займаюць больш за 75 працэнтаў ворных зямель краіны, а па такіх культурах, як рапс і жыта, — ад 93 да 99 працэнтаў. За мінулую пяцігодку ў дзяржаўнае сортавыпрабаванне перададзена 134 сарты збожжавых, зернебабовых, алейных і кармавых культур, яшчэ 106 сартоў паспяхова прайшлі выпрабаванне і былі ўключаны ў Дзяржаўны рэестр сартоў.

konoga@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter