Iсці і глядзець

Сёння ў «БелЭкспа» ўрачыста адкрыецца першы Мінскі трыенале

Сучаснае беларускае мастацтва прадстане ва ўсёй яго разнастайнасці

Першы Мінскі трыенале сучаснага мастацтва ўрачыста адкрыецца 23 лістапада ў Нацыянальным выставачным цэнтры «БелЭкспа». Пра тое, што дзея мае адбыцца яркая, відовішчная і неардынарная, будзе заяўлена адразу. З нагоды адкрыцця запланаваны вогненная, піратэхнічная, светлавыя імпрэзы, шоу афрыканскіх барабанаў, канцэрт электроннай музыкі, перформансы, паказ авангарднай моднай калекцыі... Розныя эксперыментальныя праграмы і калектывы можна будзе ўбачыць штодня аж да 9 снежня. А таксама пазнаёміцца з работамі дзясяткаў беларускіх мастакоў з усёй краіны. У пастаяннай экспазіцыі — жывапіс, скульптура, графіка, фатаграфія, інсталяцыя, дызайнерскія творы...

Асноўная ідэя трыенале — прадставіць найбольш актуальныя і прагрэсіўныя з’явы сучаснага беларускага мастацтва ва ўсёй разнастайнасці, убачыць своеасаблівы зрэз існуючых інтэлектуальных форм творчасці, прасачыць асноўныя тэндэнцыі развіцця за апошнія 20 гадоў — перыяд незалежнасці нашай краіны.

Варта адзначыць, што ў такім шырокім спектры і на такім высокім дзяржаўным узроўні (праект праводзіцца па даручэнні Прэзідэнта Беларусі) выстаўка пройдзе ўпершыню. Яе арганізатары — Міністэрства культуры і дзяржаўная ўстанова культуры «Творчыя майстэрнi «Цэнтр сучасных мастацтваў» — спадзяюцца, што маштабны арт-агляд, дэманструючы неабмежаванасць творчых магчымасцей, стане і штуршком да крэатыўных падыходаў у мастацтве.

— Мы хочам сабраць разам створанае ў розных відах і напрамках мастацтва — і тое, што паказвалася ўжо, і тое, што не паказвалася, і мы пра яго, па вялікім рахунку, мала што яшчэ ведаем. Вось узяць, напрыклад, мастацтва тэатра. Я маю на ўвазе не традыцыйны тэатр, дзе ставяць класіку, робяць штогод прэм’еры. Усё гэта добра, патрэбна, мае свайго гледача. Але ёсць і іншы тэатр сёння, новы, сучасны, маладзёжны. І ў ім, напрыклад, не абавязковыя сцэна і глядзельная зала. Усё можа перамяшчацца і быць нават цалкам наадварот, калі на сцэне — гледачы, а ў зале іграюць акцёры. І такі тэатр — таксама цікавы.

На мяжы тысячагоддзяў, за перыяд апошніх 20 гадоў адбыліся кардынальныя перамены ў псіхалогіі чалавека, яго бачанні, стаўленні да мастацтва. Няма сёння жорсткага канона, і нельга гаварыць, маўляў, калі гэта не класіка, то гэта дрэнна ці няправільна, альбо, як яшчэ было, — толькі сацрэалізм і не інакш. На выстаўцы мы імкнуліся суаднесці традыцыйнае і сучаснае, параўнаць, паказаць бесперапыннасць і пераемнасць у працэсах развіцця сучаснага мастацтва, узаема-дзеянне аднаго з другім. Ідзе трансфармацыя, узаемадапаўненне, спалучэнне. Сёння ёсць вялікія магчымасці для развіцця сучаснага інтэлекту, ёсць мора інфармацыі, даступнасць да яе. І ёсць неабходнасць, каб творчы інтэлект адкрыў нам нейкае новае бачанне мастацтва, іншы пункт гледжання, — распавёў у інтэрв’ю «Р» напярэдадні адкрыцця трыенале вядомы беларускі мастак, прафесар, кіраўнік Цэнтра сучасных мастацтваў Віктар Альшэўскі.

Паводле яго слоў, дзякуючы вельмі якаснай школе, якая захавалася і працягвае плённа развівацца, сучаснае беларускае мастацтва мае сваю адметнасць, але яго трэба больш папулярызаваць у сваёй краіне і за мяжой, больш самім уздымаць, гаварыць пра яго.

— Для ўдзелу ў трыенале мы імкнуліся сабраць найбольш яркіх прадстаўнікоў па асобным напрамкам сучаснага мастацтва, тых, хто праявіў ужо сябе, сфарміраваў нейкае сваё светабачанне. Але гэта толькі невялікая частка існуючых сёння цікавых мастацкіх праектаў, якую дазволіла размясціць пло-шча выставачнага павільёна. У Беларусі многа інтэлектуальных лю-дзей, таленавітых творцаў, здольных сказаць новае гучнае слова ў розных відах мастацтва. Мы павінны закумуліраваць сілы. Каб, як вулкан, які пыхціць, пыхціць, нарэшце, выкідвае лаву, і становіцца заўважаны ўсімі, — гаворыць Віктар Альшэўскі.

Што варта пад час трыенале паглядзець абавязкова? Гэтае пытанне мастак пакідае без адказу, інтрыгуе, маўляў, гэта тое ж, што пераказваць, як нехта спявае. Трэба самому прыйсці і слухаць. Ці ў дачыненні да выстаўкі — прыйсці і ўбачыць. Як сцвярджае Віктар Альшэўскі, наведаць трыенале будзе цікава не толькі прафесіяналам, а і звычайным аматарам розных відаў сучасных мастацтваў.

Да 9 снежня пастаянная экспазіцыя Першага Мінскага трыенале будзе працаваць штодзённа з 11.00 да 21.00. Па пятніцах, суботах і нядзелях праграмы дзённых і вячэрніх мерапрыемстваў абяцаюць быць асабліва насычанымі.

 
 Кіраўнік Цэнтра сучасных мастацтваў Віктар АЛЬШЭЎСКІ ў выставачным павільёне.
 
 
 Архітэктар з Брэста Аляксандр ГАДУН і яго скульптурныя робаты.
 
 
 Удзельнікі эксперыментальнага тэатра «Т(е)=Art» з Мінска.
 
 
 Падчас афармлення выставачнай экспазіцыі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter