Из педагогов – в аниматоры: как государство помогает предприимчивым людям наладить дело

Ірыска і кампанія

Жыхарка Полацка Ірына Зянько — шчаслівы чалавек. Спраўдзілася яе даўняя мара: вось ужо некалькі гадоў яна займаецца любімай справай — дорыць людзям радасць і сама атрымлівае ад гэтага задавальненне. Заўважана, калі чалавек гарыць на працы, то ў яго ўсё атрымліваецца. Больш за тое, яго пачынанні гатовы падтрымаць не толькі родныя і блізкія, але і дзяржава.

Як дашкольны педагог, Ірына ЗЯНЬКО ў забаўляльныя мерапрыемствы ўключае развівальныя блокі

Куды прыводзяць мары?

— Усё сваё свядомае дзяцінства, а потым і юнацтва я марыла стаць артысткай, — пачынае аповед Ірына Зянько. — Хадзіла ў тэатральную студыю да выдатнага рэжысёра і педагога Валянціны Пятроўны Нагорнай. Але жыццё непрадказальнае, і па сямейных абставінах (бацькі рана пайшлі з жыцця, я стала апекуном малодшага брата) пасля заканчэння школы ў тэатральную ВНУ паступаць не паехала. Не хапіла смеласці, ды і фінансавай магчымасці жыць у іншым горадзе таксама не было. Засталася ў Полацку і паступіла ў педагагічны каледж на спецыяльнасць «педагог дашкольнай адукацыі», пасля завочна скончыла БДПУ імя Максіма Танка. Спачатку сем гадоў працавала выхавальнікам, затым тры гады — намеснікам загадчыка па асноўнай дзейнасці. Заўсёды прымала ўдзел ва ўсіх ранішніках, у гарадскіх адкрытых праглядах і конкурсах. Любоў да творчасці, уменне кантактаваць з дзецьмі, шчырае жаданне дарыць усмешкі і радасць не пакідалі мяне. Аднойчы на дзіцячым свяце ўбачыла чалавека, які забаўляў хлопчыкаў і дзяўчынак. Даведалася, што ёсць такая прафесія — аніматар. Тады і зразумела: гэта тое, чым я заўсёды хацела займацца, што я люблю і добра ўмею рабіць.

Спачатку аніматар выступала як клаўнэса Ірыска. Сёння ў яе скарбонцы больш за 30 персанажаў

Па жыц­ці Ірына кіруецца правілам: лепш зра­біць і шкадаваць, чым нічога не рабіць і потым бедаваць пра страчаныя магчымасці. Адпраўляц­ца ў вольнае плаванне, губляць стабільную працу і заробак было страшна, але яна рызыкнула.

— У 2016 годзе я пайшла з дзіцячага садка і пачала працаваць як фізічная асоба, выплачвала адзіны падатак. Афармляць індывідуальнае прадпрымальніцтва тады была негатовая ад няўпэўненасці, што ўсё атрымаец­ца, — гаворыць суразмоўца. — Так нарадзілася клаўнэса Ірыска. Калі толькі занялася новай справай, то адразу даведалася, дзе можна павучыцца. Спачатку з’ездзіла ў Мінск на семінар для аніматараў, затым у Маскву і ўжо на працягу трох гадоў перыядычна папаўняю веды ў школе вядучых дзіцячых свят. На такія семінары з’язджаюцца да 200 чалавек з розных краін. Там мы дзелімся вопытам, праходзім майстар-класы па акцёрскім майстэрстве і рэжысуры, вядзенні і прасоўванні бізнесу ў святочнай індустрыі. Такія сустрэчы аднадумцаў вельмі зараджаюць творчай энергіяй, ведамі і пазітывам. Па прыездзе, вядома, імкнуся многае ўвасобіць у жыццё.

Ад знаёмых Ірына Зянько даведалася пра курсы індывідуальных прадпрымальнікаў, якія праводзілі ў цэнтры занятасці. Вырашыла, што для свайго развіцця іх абавязкова трэба скончыць. Вынікам навучання стала напісанне і абарона бізнес-плана. Такім чынам, аніматар прэтэндавала на атрыманне субсідыі для развіцця бізнесу.

— Палічыла, што гэта стане добрым падмуркам для мяне — новаспечанага індывідуальнага прадпрымальніка. Для працы ў гандлёвых цэнтрах, на буйных выязных мерапрыемствах патрэбна апаратура. Адкласці на яе грошы не атрымлівалася, бо былі немалыя расходы на навучанне, набыццё рэквізіту і пашыў касцюмаў. А сёння ў мяне больш за 30 персанажаў! Дзякуючы субсідыі ў памеры 11 базавых велічынь бюджэту пражытковага мінімуму ў мінулым годзе я набыла калонкі, пульт і мікрафоны. Частка грошай пайшла на выплату падатку, — пералічвае клаўнэса. 

Дарэчы, касцюмы Ірыне дапамагае шыць былая аднакласніца, у якой проста залатыя рукі. На стварэнне аднаго вобраза можа пайсці ад двух тыдняў да месяца. Прадумваецца ўсё да дробязей: матэрыял, фасон, аксесуары. Каб вобраз быў найбольш вядомым, яркім і цікавым дзецям.

Забаўляць і развіваць

— Паколькі па адукацыі я дашкольны педагог, то ў забаўляльныя мерапрыемствы імкнуся ўключаць развівальныя блокі: у гульнявой форме з дзецьмі практыкуемся ў развіцці памяці, увагі, сэнсорыкі, — кажа суразмоўца. — У сваёй працы я выкарыстоўваю ўнікальны аўтарскі музычны матэрыял, які набываю на семінарах. Пры правядзенні свята мы павінны даваць дзецям «самы сок», самую «смачніну», і ў музычным суправаджэнні ў тым ліку. Тое, чаго дзеці не пачуюць у дзіцячых садках, на ранішніках, у школах, — распавядае Ірына. — Гэтым, мабыць, мы і адрозніваемся ад многіх нашых калег. Ёсць вялікае жаданне прыўнесці навізну ў звычайны фармат свята.

Канкурэнтаў у Ірыны ў Полацку хапае, але гэта падштурхоўвае яе рухацца наперад, развівацца, ствараць нестандартныя праекты.

— Зараз у нас навінка — шоу люстраных людзей. Выступаем як мімы, з ног да галавы апранутыя ў люстраныя касцюмы. Наперадзе выпускныя вечары, мы, вядома, рыхтуемся і да іх, ствараем новыя цікавыя праграмы з улікам пажаданняў нашых кліентаў, — знаёміць з планамі Ірына.

У рэалізацыі праектаў Ірыне дапамагаюць сябры-аднадумцы — педагогі па прафесіі, а ў душы артысты

У скарбонцы рэалізаваных праектаў майстэрні «Ірыска і кампанія» — свята «Дзень нараджэння Дзеда Мароза» з кулінарным майстар-класам па прыгатаванні дзецьмі кексаў, інтэрактыўны спектакль «Неверагодныя прыгоды Карамелькі ды Коржыка», «Баль цудаў», «Таямніца Снежнай каралевы», «Шакаладная вечарынка», на якой хлопчыкі і дзяўчынкі самі гатавалі шакаладныя цукеркі.

— Мая кампанія сёння — гэта сябры-аднадумцы, якія дапамагаюць у рэалізацыі праектаў. Педагогі па прафесіі, а ў душы артысты. Дзяўчаты, якія любяць дзяцей і мастацтва. І няхай каманда ў мяне пакуль нешматлікая, я ведаю дакладна: са мной прафесіяналы і самыя добрыя людзі. Я з аптымізмам гляджу ў будучыню, хачу расці і развівац­ца. Ствараць казачныя, добрыя дзіцячыя святы пад знакам якасці «Ірыска і кампанія». Веру і шмат разоў пераконвалася ў тым, што калі займаешся сваёй любімай справай, гарыш ёю, то любыя дзверы адчыняюцца. Усім чытачам «Р» рэкамендую: марце і дзейнічайце. Таму што марам уласціва спраўджвацца!

statkevich@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter