В Национальном художественном музее открывается выставка известного художника Сальвадора Дали

Інтрыга трыумфальнага Далі

На скрыжаванні вуліц Зыбіцкай і Герцэна ўчора прэзентавалі незвычайную бронзавую скульптуру слана. Людзі, якія добра разбіраюцца ў мас­тацтве, адразу пазна­лі твор Сальвадора Далі. Аказалася, шасці­метровы «Трыумфальны слон» — прадвеснік гучнага між­народнага выставачнага праекта, прысвечанага твор­часці вялікага іспан­скага майстра. Афі­цыйна ў Нацыянальным мастацкім музеі «Сальвадор Далі» адкрыецца заўт­ра, але мы даве­даліся сёе-тое загадзя.

Выстава складаецца пераважна са скульптуры  і  такім  чынам  раскрывае малавядомы бок творчасці ДАЛІ
Фота Аляксея СТАЛЯРОВА

У экспазіцыі бу­дзе прадстаўлена больш за 100 твораў скульптуры, графікі, ювелірнага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, створаных адным з найвялікшых мастакоў ХХ стагоддзя. Усе экспанаты — частка калекцыі «Сусвет Далі» (Dali Universe), якая лічыцца адным з найбуйнейшых прыватных збораў скульптуры і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Далі. Заснавальнік калекцыі і кіраўнік кампаніі «Сусвет Далі» Беніяміна Леві, італьянскі арт-дылер і калекцыянер, працаваў са знакамітым іспанскім мастаком у 1960-х гадах. Тады ж ён і пачаў збіраць экспанаты, асаблівую ўвагу надаючы трохмерным аб’ектам. Пяцьдзясят гадоў Леві збірае калекцыю вялікага іспанца, за што і прызнаны вядучым экспертам па бронзе Далі.

За калекцыяй Леві ганяюцца ва ўсім свеце. Яна ўжо была прадстаўлена больш чым у ста прэстыжных музеях. Гэтыя творы ўжывую ўбачылі больш як дванаццаць мільёнаў чалавек. І такая цікавасць не здзіўляе: выстава складаецца пераважна са скульптуры і такім чынам раскрывае малавядомы бок творчасці Далі. Сланы, анёлы, вечны гадзіннік, аднарог — усё гэта знаёма толькі сапраўдным прыхільнікам сюррэалізму. Але ці бачылі яны гэта на свае вочы? Звычайныя ж аматары музейных каштоўнасцей на выставе зробяць для сябе вельмі шмат нечаканых адкрыццяў.

І, мабыць, галоўнае пытанне, якое зараз мусіруецца ў калямузейных колах, — аб сапраўднасці экспанатаў. Маўляў, усе свае скульптуры Далі вырабляў у воску. Дадзім слова куратару выставы Вользе Клецкінай:

— Вядома ж, Далі не меў сваёй ліцейнай вытворчасці, таму і не мог усё гэта рабіць у бронзе. За яго гэта зрабілі іншыя. Ён заключаў кантракт на выраб пэўнай колькасці экспанатаў. Толькі зацверджаны тыраж — і не на адну рэч больш. Экспанаты, прадстаўленыя ў Нацыянальным мастацкім музеі, маюць сертыфікаты сапраўднасці.

Дарэчы, «Трыумфальны слон» — не адзіная скульптура Далі, што з’явілася на мінскай вуліцы. Наведвальнікаў музея сустракаюць дзве музы, якія атрымалі назву «Пакланенне Тэрпсіхоры».

І яшчэ некалькі важных момантаў. Рэкамендуемы ўзрост для наведвання выставы — 16+. Кошт уваходных білетаў — ад 15 рублёў. Экспанаты будуць выстаўлены ў Мінску да 30 чэрвеня.

stepuro@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter