Национальная кинопремия скоро найдет своих владельцев

Інтрыга раскрыецца вечарам

На тэлеэкране з’явіўся новы відэаролік — выява статуэткі з фрагментам кінастужкі, якая пераходзіць у галінку папараці — сімвал Нацыянальнай кінапрэміі, ганаровай адзнакі, якая сёлета ўпершыню знойдзе сваіх уладальнікаў. 

Фота As-Media Group

У Дзень беларускага кіно, які адзначаецца 17 снежня, стануць вядомыя пераможцы ў 20 конкурсных намінацыях. Пачэсную ўзнагароду атрымаюць лепшыя ігравыя, неігравыя, кароткаметражныя, анімацыйныя фільмы і тэлесерыялы, акцёры і актрысы — выканаўцы галоўных і другога плана роляў, лепшыя рэжысёры, сцэнарысты, аператары, мастакі, гукарэжысёры, мантажоры, аўтары музыкі і ўдалыя дэбютанты. Словам, падвядуць вынікі працы за два гады прадстаўнікоў усіх кінематаграфічных прафесій. З’явяцца героі і ў дзвюх асобных намінацыях — за выдатны ўнёсак у беларускі і замежны кінематографы.

Спіс намінантаў фарміравалі члены прафесійнага журы, дакладней, Нацыянальнай кінаакадэміі. Яна таксама створана ўпершыню. Статус акадэмікаў зараз атрымалі 59 аўтарытэтных кінематаграфістаў. Узначаліла калегію экспертаў Людміла Саянкова-Мяльніцкая, загадчык кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі Інстытута журналістыкі БДУ, кандыдат філалагічных навук, дацэнт. 

Жадаючых паўдзельнічаць у першым конкурсе на кінапрэмію аказалася даволі многа. За адведзены на падачу заявак месяц — з кастрычніка па лістапад — у адрас арганізатараў паступіла 167 прапаноў, у ліку якіх — 36 фільмаў, знятых як незалежнымі вытворцамі, так і на дзяржаўныя сродкі, як на галоўнай нашай кінастудыі, так і прыватнымі кампаніямі. 

Начальнік упраўлення па кінематаграфіі Міністэрства культуры Аляксандр Рыдван – у эпіцэнтры падзей. Дзеліцца ўражаннямі і планамі. Для першага разу колькасць прэтэндэнтаў на кінапрэмію немалая, і гэта выдатна, значыць, ёсць канкурэнцыя і давер да конкурсу. Склад журы выбіраўся максімальна празрыста і без прадузятасці. Нават не выбіралі, а запрашалі з улікам прапаноў зацікаўленай кінасупольнасці. Кандыдатуру старшыні таксама рэкамендавалі самі кінематаграфісты. І ўсё ж сёлетняя кінапрэмія ў многім праект пакуль пілотны, пробны, усё толькі пачынаецца. У наступны раз, у 2020 годзе, і арганізацыя конкурсу, і рэгламент дзейнасці кінаакадэміі будуць удасканалены. Мяркуецца, што акадэмікаў стане больш. Ёсць спадзяванне і на далейшае павелічэнне колькасці ўдзельнікаў конкурсу, асабліва тых, хто здымае фільмы за свае грошы. Магчыма, вырастуць нават памеры грашовых прэмій. Дарэчы, зараз яны — 50 і 100 базавых велічынь у залежнасці ад намінацыі.

Шорт-ліст кандыдатаў на ўзнагароду абвешчаны. У дзвюх персанальных намінацыях «За ўнёсак» — па 10 прэтэндэнтаў, скрозь прозвішчы мэтраў. У большасці астатніх 18 — па 5 магчымых лаўрэатаў. Напрыклад, лепшы ігравы фільм выберуць сярод стужак «Сляды на вадзе» рэжысёра Аляксандра Анісімава, «Тум-Пабі-Дум» Вячаслава Нікіфарава, «Пацалунак восені» Андрэя Голубева, «Не гульня» Дзяніса Скварцова, «Унутры сябе» Сяргея Талыбава. Акрамя таго, карціны Аляксандра Анісімава і Вячаслава Нікіфарава таксама ў ліку шасці прэтэндэнтаў на лепшую рэжысёрскую работу разам з кароткаметражным фільмам «Фота на памяць» Ігара Васільева, анімацыйным «Ваўчок» Ігара Волчака, дакументальным «Сяргей Плыткевіч. Чалавек з фотаапаратам» Вольгі Дашук і тэлесерыялам «Аўташкола» Сяргея Гіргеля.

Дарэчы, лідар па колькасці намінацый — дэтэктыў «Сляды на вадзе» пра барацьбу беларускай міліцыі з бандытызмам у першыя пасляваенныя гады, прадстаўлены аж у 13. Тым часам нідзе ў шорт-лісце не ўзгаданы фільм «Хрусталь», карціна, вылучаная ад краіны на «Оскар». Чаму так? Аляксандр Рыдван тлумачыць: прадзюсар стужкі, нягледзячы на прапанову, чамусьці ў конкурс своечасова яе не заявіў, а калі нядаўна наважыўся, было позна — намінанты вызначаны, і экстранна перагледжваць прагаласаваны спіс, каб нешта мяняць, большасць членаў журы не пагадзілася. 

Учора акадэмікі вынеслі свой вердыкт і вызначылі пераможцаў. Хто яны? Інтрыга раскрыецца вечарам у панядзелак. Імёны 20 уладальнікаў першай Нацыяналь­най кінапрэміі назавуць у час урачыстай цырымоніі ў сталічным Доме кіно. 

svirko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter