Iнтэлект у нотным вымярэннi

У школе, дзе вучыўся Янка Купала, дзіця становіцца больш таленавітым
— Дзе мае калодкі? — купка дзяўчатак і адзін хлопчык з шостага “В” з захапленнем разбіраюць скрынку з танцавальным абуткам. Надта ж весела пляскаюць калодкі, адбіваючы такт танца “Дзедаўскія грукі”! А ёсць яшчэ дзедаўская полька, калі да ног прывязваюцца дошкі, полька задам, з прысвістам, рассыпуха, трасуха! А мяцеліца, а бранлі, а візітка беларускай харэаграфіі – лявоніха? Ці ж магчыма ўстаяць перад іхняй спакусай і не навучыцца? Ах, як гэта радасна! Калі юныя танцоры, узяўшыся за рукі, нясуцца ў зухаватым бранлі! Ах, як гэта цяжка! Колькі ж трэба займацца каля станка, асвойваць складаныя, у тры чвэрці, павароты! — Гэта цяжэй, чым фізкультура, — дзеляцца пасля рэпетыцыі дзяўчаткі. — Ногі так расцягнеш, што тыдзень баляць. Але нам вельмі падабаецца! Іхні танец – гэта пластычнае вырашэнне песні. У праграме школы – масавыя святочныя спектаклі “Вялікдзень”, “Дзень святога Юр’я”, “Сёмуха”, “Кірмашовая забава”, “Батлейка”. Дзеці ўваскрашаюць традыцыі старадаўніх абрадаў, расказваюць пра гадавы цыкл сельскагаспадарчых работ, з якім са старажытных часоў было звязана харэаграфічнае мастацтва беларускага народа. Настаўніца фальклорнага танца Сеніцкай школы імя Янкі Купалы Мінскага раёна Тамара Жураўлёва вучыць не толькі рухам, але і гісторыі танца, далучаючы да традыцыйнага сучаснае. Стварыць у звычайнай школе этнаграфічную, дзе б частка вучняў, акрамя звычайнага вучэбнага плана, асвойвала яшчэ народнае мастацтва –ідэя настаўніка рэжысуры і гісторыі тэатра Сеніцкай школы, выкладчыка уні-версітэта культуры прафесара Іллі Сучкова. Ён спрабаваў яе ажыццявіць яшчэ трынаццаць год назад. Пасля доўгіх пошукаў у розных школах першым насустрач пайшоў дырэктар Сеніцкай – Аляксандр Кучараў. Дарэчы, школа гэтая адметная. Тут у першы клас народнага вучылішча пайшоў Янка Купала, калі ягоныя бацькі арандавалі ў Сеніцы зямлю. Акрамя Сеніцкай, з якой усё пачалося, такіх школ па рэспубліцы ўжо добры шэраг. Іх мэта — гарманічнае развіццё асобы, вызначанае адной з галоўных задач школьнай рэформы. Што значыць “гарманічнае”? Вучэбны план, па якім вучыліся мы і па якiм займаецца асноўная частка дзяцей зараз, аддае 98 працэнтаў увагі развіццю левага паўшар’я мозгу – логікі. Правае, якое адказвае за эмацыянальнае і вобразнае ўспрыняцце свету, не развіваецца. Таму людзі не разумеюць мастацтва, паэзіі, музыкі, узнёслых пачуццяў. Каб выправіць гэты перакос, вучні этнашколы займаюцца танцамі, спевамі, тэатрам, дэкаратыўна-прыкладной творчасцю – аплікацыяй, керамікай, саломапляценнем. Прычым у якасці не дадатковых, а такіх жа асноўных прадметаў, як матэматыка ці фізіка. Чаму асноўным сродкам навучання выбраны такі напрамак мастацтва, як беларускі фальклор? Бо гэта самы зразумелы сярод усіх відаў мастацтва. Яго стваралі простыя людзі. І гэта – нашы гены. Пераемнасць беларускіх пакаленняў. Вынік? Дзіця становіцца зусім іншым. Больш развітым, прывабным, прыгожым. Больш “беларускім”. — На канцэртах у школьную залу не ўбіцца, — радуецца намеснік дырэктара этнаграфічнай школы Ірына Ярашэвіч. – Зацікаўленыя бацькі, сёстры, бабулі, узброіўшыся фотаапаратамі і відэакамерамі, не зводзяць з дзяцей вачэй. А было ж калісьці – вучняў не набраць. — Бацькі тады казалі, дый зараз некаторыя кажуць: “На чорта нам тыя танцы”, — падхоплівае прафесар Сучкоў. – І што ж аказалася? Дзякуючы мастацтву дзеці становяцца больш здольнымі і да іншых прадметаў. Псіхалагічныя даследаванні паказалі, што ў вучняў такіх класаў павышаецца ўзровень інтэлекту. Мы калісьці ўзялі ў першы клас шэсць чалавек з затрымкай псіхічнага развіцця. І ўсе паспяхова скончылі дзевяць класаў. У многіх нечакана адкрываюцца песенны, танцавальны, акцёрскі таленты. — Калі мы выязджалі з нашымі вучнямі за мяжу, то па камунікабельнасці і раскаванасці яны нічым не адрозніваліся ад астатніх еўрапейскіх дзяцей. Гэтую педагогіку выкарыстоў-вае і Еўропа, каб усебакова развіць і пазбавіць комплексаў, — кажа былая намесніца дырэктара Сеніцкай школы па этнашколе Бярнарда Іванова. Зараз яна на заслужаным адпачынку, але сувязяў з педагогамі і вучнямі не парывае, пра іх таленты можа расказваць гадзінамі. Мяркуючы па тым, якія дзеці вырастаюць у Сеніцкай школе, яна вартая насіць імя Янкі Купалы. Убачыўшы, чаму тут праз стагоддзе маленькія беларусы вучацца, паэт бы, напэўна, шчыра ўзрадаваўся.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter