Якія намаганні робяцца ў кірунку удасканалення сістэмы адаптацыі былых асуджаных

Iнтэграцыя былых асуджаных у грамадства

Якія намаганні робяцца ў кірунку удасканалення сістэмы мер крымінальнай адказнасці, адаптацыі былых асуджаных?
На пытанне адказвае Аляксей СТУК, намеснік Генеральнага пракурора Беларусі, дзяржаўны саветнік юстыцыі 3-га класа 

ПЫТАННЕ. З тых часоў, як мой брат апынуўся ў ка­ло­ніі, мяне сталі больш цікавіць пы­танні пры­значэння і выканання па­каранняў, у цэлым удасканалення сістэмы мер крымінальнай адказнасці, адаптацыі былых асуджаных. Якія намаганні робяцца ў нас у гэтым кірунку?
Ганна ДЗЯМІДАВА, г. Магілёў

АДКАЗ. Пачынаючы з 2007 года ў Беларусі назіраецца тэндэнцыя да скарачэння злачыннасці. Натуральна, гэта не магло не адбіцца як  на кры­мінальнай палітыцы, так і практычным стане спраў, звязаных з выкарыстаннем мер крымінальна-прававога характару.
Значным этапам прававой рэформы такога роду з`яўляецца Канцэпцыя ўда­сканалення сістэмы мер крымінальнай адказнасці і парадку іх выканання, зацверджаная Указам Прэзідэнта ад 23 снежня 2010 года № 672 (далей — Канцэпцыя). Яна прадугледжвае аптымізацыю прымянення мер крымінальнай адказнасці на аснове больш гнуткай па­лі­тыкі ў галіне прызначэння па­каранняў з улікам наяўнай крымінагеннай абстаноўкі. Практычная рэа­лізацыя такіх мер на працягу апошніх гадоў забяспечыла значнае пашырэнне практыкі вызвалення асоб, якія ўпершыню ўчынілі няцяжкія злачынствы, ад кры­мінальнай адказнасці ў су­вязі з прымірэннем з пацяр­пе­лым, прыцягненнем да ад­мі­ні­страцыйнай адказнасці, дзей­ным раскаяннем.
За тры з паловай гады вызва­лена ад крымінальнай ад­каз­­­­на­сці на гэтых падставах звыш 20 ты­сяч чалавек, што спры­яла па­мяншэнню агульнай колькасці асуджаных на 12%. Для параўнання: за тры гады, якія папярэднічалi прыняццю Кан­цэпцыі, іх колькасць склала кры­­ху больш за 5 тысяч чалавек.
Колькасць асоб, у дачыненні да якіх пракурорамі санкцыянавана прымяненне меры стрымання ў выглядзе заключэння пад варту, за перыяд дзеяння Канцэпцыі скарацілася амаль на 50%. Знізілася і ўдзельная вага прымянення гэтай меры стрымання. Памяншэнне колькасці асоб, якія знаходзяцца пад вартай, забяспечваецца за кошт больш шырокага прымянення альтэрнатыўных мер стрымання, у тым ліку хатняга арышту (амаль на трэць) і залогу (напалову). З прычыны забеспячэння строга індывідуальнага падыходу да прызначэння пакарання колькасць асуджаных да пазбаўлення волі скарацілася больш чым на 6 тысяч асоб. Пашырана практыка прызначэння пакарання ў выглядзе штрафу і грамадскіх работ, якія склалі адпаведна 14% і 8% у структуры пакаранняў.
Для аптымізацыі ўмоў ад­быцця пакаранняў у залеж­на­сці ад этапаў выпраўлення асуд­жаных і іх крымінальна-ма­ты­­вацыйных характарыстык Мі­ні­стэрства ўнутраных спраў ажыц­цявіла падзел папраўчых устаноў адкрытага тыпу на: 
а) прызначаныя для асоб, якім абмежаванне волі пры­зна­чана ў парадку замены па­карання больш мяккiм; 
б) пры­значаныя для асоб, якія раней адбывалі пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі; 
в) прызначаныя для іншых асоб, якія адбываюць абмежаванне волі.
У турмах забяспечваецца па­асобнае адбыванне пакарання асобамі, упершыню асуд­жанымі да пазбаўлення волі, і асуджанымі, якiя раней адбывалi пакаранне ў няволі, а таксама тымі, хто адбывае пажыццёвае пакаранне.
Апытанне, праведзенае ра­ней Генеральнай пракура­ту­рай больш за 2 тысячы асоб, якія вызваліліся з месцаў па­­збаўлення волі два-тры га­­ды назад і не ўчынілі новых злачынстваў, паказала: прычынамі правапаслухмяных іх паводзін з`яўляюцца наяўнасць сям`і, станоўчы ўплыў яе на паводзіны таго, хто спатыкнуўся, наяўнасць пастаяннай працы і матэрыяльная забяспечанасць. Супрацоўнікі папраўчых устаноў сумесна з работнікамі тэрытарыяльных органаў па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне праводзяць тлумачальную работу з тымi, хто вызваляецца, па пытаннях іх працаўладкавання з давя­дзеннем звестак аб наяўнасці вакантных працоўных месцаў, у тым ліку з прадастаўленнем жылля, а таксама аб арга­нізацыях, якія аказваюць дапамогу асобам без пэўнага месца жыхарства.
Пачата рэалізацыя праекта «Інтэграцыя былых асуджаных у грамадства», якi ажыццяўляецца пры падтрымцы Міжнароднай федэрацыі таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца на базе папраўчых калоній і кры­мінальна-выканаўчых інспек­цый Магілёўскай вобласці.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter