Iншы Колас

Доследамi  паэта  па  вырошчваннi  раслiн  цiкавiлiся  нават  з  Акадэмii  навук,  а  яго  грашовыя  пераводы  атрымоўвалi  нават  незнаёмыя  людзi…

Доследамi  паэта  па  вырошчваннi  раслiн  цiкавiлiся  нават  з  Акадэмii  навук,  а  яго  грашовыя  пераводы  атрымоўвалi  нават  незнаёмыя  людзi… 

15 верасня на Стаўбцоўшчыне, радзiме Якуба Коласа, пройдзе Рэспублiканскае свята паэзii, прысвечанае 125-годдзю з дня нараджэння класiка нацыянальнай лiтаратуры, якое шырока адзначаецца сёлета па ўсёй краiне. Як расказала дырэктар Дзяржаўнага лiтаратурна-мемарыяльнага музея Я.Коласа Зiнаiда Камароўская, у правядзеннi свята будуць задзейнiчаны ўсе мемарыяльныя сядзiбы: Акiнчыцы, Альбуць, Ласток, Смольня. Там выступяць народныя творчыя калектывы, гасцей запросяць на пленэры мастакоў i разьбяроў. У Бервянцы пройдзе вялiкi канцэрт, падчас якога са сцэны у выкананнi артыстаў прагучаць вершы Коласа, свае творы прапануюць паслухаць сучасныя паэты. Там жа для дзяцей будзе працаваць лялечны тэатр. 

Дарэчы, уздоўж дарог, якiя звязваюць мемарыяльныя сядзiбы, размешчаны звыш 40 драўляных скульптур, у якiх з лёгкасцю пазнаюцца героi коласаўскiх твораў: Мiхал, дзядзька Антось i iншыя. Мiж iншым, гэта адзiны ў рэспублiцы мастацка-мемарыяльны комплекс, створаны самадзейнымi мастакамi-разьбярамi з розных куткоў Беларусi. 

Вядома, што Колас вельмi любiў дзяцей. Казкi, iм апрацаваныя, “Другое  чытанне для дзетак-беларусаў”, светлыя старонкi “Новай зямлi” – усё гэта так альбо iначай звязана з дзецьмi. Да юбiлейнай даты музей песняра рыхтуе шмат мерапрыемстваў для маленькiх наведвальнiкаў. 

— Напярэдаднi дня нараджэння Коласа пройдзе дзiцячае свята “Казкi жыцця”, – распавядае Зiнаiда Мiкалаеўна. – Юныя паэты будуць чытаць свае вершы, спяваць, а галоўнае, вучыцца лепш размаўляць па-беларуску. “Калядныя сустрэчы”, “Гуканне вясны” – гэтыя святы заўсёды карыстаюцца поспехам. Лялечны тэатр пры музеi ставiць апрацаваныя творы Коласа, нават вучнi старэйшых класаў любяць яго наведваць. 

У юбiлейны год вельмi запатрабаваны перасоўныя выстаўкi: музей экспануе асабiстыя рэчы паэта, арыгiналы рукапiсаў, кнiгі з аўтографамi. Сёлета яны пабывалi i за мяжой: у Латвii, Польшчы. 

— Прыемна, што за мяжой Коласа шануюць i памятаюць, — расказвае Зінаіда Мікалаеўна. — Падчас выставак да мяне падыходзiлi беларусы, якія там жывуць, i доўга гаварылі пра Коласа, цытавалi яго вершы, часам задавалi такiя пытаннi, што было бачна: жыццём i творчасцю паэта яны цiкавяцца i ведаюць аб ім добра.  

Дарэчы, зараз Зiнаiда Мiка-лаеўна працуе над кнiжкай “Любоўная лiрыка Коласа”. У ёй — расповед пра тую грань талента пiсьменнiка, якая заўсёды заставалася ў ценi. Яшчэ адно выданне, якое рыхтуюць супрацоў-нiкi музея, — даведнiк “Асобы з акружэння Коласа”, якi змесцiць iнфармацыю пра ўсiх, хто прама альбо ўскосна быў звязаны з пiсьменнiкам. Ну i канешне, пасля традыцыйнай лiстападаўскай навуковай канферэнцыi “Каласавiны” выйдзе аднайменны зборнiк з доследамi коласаўскай спадчыны (набыць яго можна будзе ў музеi). 

Зiнаiда Камароўская (а яна два дзесяткi гадоў працуе ў музеi i даследуе жыццё i творчасць паэта) пераканана, што мы i сёння працягваем адкрываць для сябе свет вялiкага паэта. 

— Асоба Коласа вельмi шмат-гранная. Можа, знешне пiсьмен-нiк выглядаў крыху суровым, але па натуры ён быў чалавек сцiплы, з лагоднай, чулай душой, да якога найлепш пасуе эпiтэт “памяркоўны”. Колас адрознiваецца лiрычнасцю нават у сваiх пра-заiчных творах. Iншы раз  супрацьпастаўляюць Коласа i Купалу. Кажуць: адзiн — ад зямлi, другi — ад неба, адзiн – эпiк, другi — лiрык. Гэта зусiм розныя постацi, i параў-ноўваць iх не трэба. Вядома адно: абодва яны – людзi, дадзеныя Богам Беларусi, — гаворыць Зiнаiда Мiкалаеўна.  

А што вы ведаеце пра Коласа? Канешне, што ён скончыў настаўнiцкую семiнарыю, што сядзеў у турме i там пачаў пiсаць свой шэдэўр — “Новую зямлю”, там жа задумаў “Сымона-музыку”. Некаторыя дададуць, што паэт сябраваў з Янкам Купалам, яшчэ скажуць: “стварыў нацыянальны эпас у прозе i вершах…” А якiм быў у штодзённым жыццi? Зразумела, што паэт, як i кожны чалавек, меў свае звычкi, любiмыя заняткi ў вольны час. Вось толькi некалькi фактаў, невя-лiчкiх штрышкоў да партрэта Коласа, складзенага з дапамогай Палiны Вашчылы, старшага навуковага супрацоўнiка музея. 

Пра Коласа, бывала, казалi, што ён крыху скупаваты. Але хутчэй – па-гаспадарску ашчадны. Колас меў вялiкую сям’ю, траiх дзяцей, i ўмеў лiчыць грошы. Але разам з тым знаходзiў магчымасць нямала дапамагаць iншым. У музеi захавалася шмат квiткоў грашовых пераводаў, якiя пiсьменнiк пасылаў нават зусiм незнаёмым людзям. У дом Коласа часта прыходзiлi многiя лiтара-тары-пачаткоўцы, якiх ён заўсёды частаваў i падтрымлiваў грашамi. Не забываў пiсьменнiк i пра дзяцей: дапамагаў дзiцячым дамам у Чавусах i Брэсце, з яго дапамогай пабудавалi школу ў Мiкалаеўшчыне. 

Колас быў заўзятым грыбнiком. За адзiн раз мог сабраць больш за сотню баравiкоў. Ужо дастаткова пажылы чалавек, ён, бывала, жалiўся сябрам, што прымушаны шмат разоў перарываць цiхае паляванне, каб адпачыць. 

Пiсьменнiк курыў вельмi многа. Яшчэ хлапчуком, у 7 гадоў, заахвоцiўся да курэння, але ў старасцi кiнуў. Па рэкамендацыi дактароў, бо ў апошнiя гады жыцця часта хварэў на запаленне лёгкiх. Можна сказаць, што паэт не курыў толькi першыя i апошнiя шэсць гадоў свайго жыцця. 

З дзяцiнства паэт любiў працаваць на зямлi i ў сталым узросце  займаўся вырошчваннем раслiн. Колас сеяў жыта i ячмень. Нават вучоныя з Акадэмii навук цiкавiліся яго доследамi. Амаль усе раслiны, якiя пасаджаны вакол дома-музея Коласа, – справа рук паэта. Падыходзiў ён да яе вельмi адказна: чытаў адпаведную лiтаратуру, нават заказваў насенне з батанiчнага саду. 

На здымку: партрэт Якуба Коласа работы С. НАППЕЛЬБАЎМА, 1953 г. Публікуецца ўпершыню. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter