Iнаўгурацыя пачынаецца

Магілёву ўручаць сертыфікат статусу культурнай сталіцы

Магілёву ўручаць сертыфікат аб наданні яму ганаровага статусу «Культурная сталіца Беларусі»

26 студзеня ў Магілёве ў Палацы культуры вобласці адбудзецца афіцыйная інаўгурацыя праекта «Магілёў — культурная сталіца Беларусі 2013 года». Магілёў стаў чацвёртым горадам, які атрымаў гэты ганаровы статус. Культурнай сталіцай Беларусі ў 2010 го-дзе быў Полацк, у 2011 годзе — Гомель, у 2012-м — Нясвіж.

Акцыя пройдзе ў межах святкавання 75-годдзя ўтварэння Магілёўскай вобласці. У час урачыстай цырымоніі, на якую запрошаны кіраўніцтва Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Міністэрства культуры, Магілёўскага аблвыканкама, а таксама дзеячы культуры і мастацтва Беларусі і замежных краін, прадстаўнікі абласцей краіны, гарадоў-пабрацімаў Магілёва, адбудзецца ўручэнне гораду сертыфіката аб наданні яму статусу «Культурная сталіца Беларусі».

Як паведаміла «Р» прэс-сакратар Міністэрства культуры Юлія Віскуб, у ходзе мерапрыемства будзе праведзена ўшанаванне «Чалавека года» Магілёўшчыны. Таксама адбудзецца канцэрт з удзелам лепшых аматарскіх калектываў мастацкай творчасці і эстрадных выканаўцаў — ураджэнцаў Магілёва: Іны Афанасьевай, Ірыны Дарафеевай, Іскуі Абалян, Пятра Ялфімава, Алёны Ланской, Івана Буслая.

На працягу года ў горадзе выступяць вядомыя калектывы і выканаўцы нашай рэспублікі і замежныя артысты: Нацыянальны акадэмічны сімфанічны аркестр Беларусі пад кіраўніцтвам Аляксандра Анісімава, салісты балета Вялікага тэатра Беларусі і Марыінскага тэатра Санкт-Пецярбурга, Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі, Гродзенскі абласны драматычны тэатр, Дзяржаўны ансамбль танца, музыкі і песні «Белыя росы», Беларускі дзяржаўны ансамбль «Песняры», Белгарадскі і Бранскі тэатры лялек, «Віртуозы Масквы», Акадэмічны ансамбль песні і танца імя А. Аляксандрава, Дзяржаўны ансамбль танца «Жок» з Малдовы і мноства іншых.

У рамках акцыі «Культурная сталіца» будзе рэалізаваны шэраг творчых праектаў. Сярод іх — «Радзімы нашай скарб», звязаны з краязнаўчай тэматыкай. Пройдзе кінатыдзень «Тураўская восень», будуць праведзены Сіманаўскія чытанні. Праект «Духоўнай шчырасці імгненні» адбудзецца ў сакавіку ў рамках Тыдня кнігі. Запланаваны круглы стол «Культурныя традыцыі Магілёва», конкурс мультымедыйных прэзентацый «Старадаўні Магілёў», адкрыццё новай экспазіцыі ў Музеі гісторыі Магілёва. Праект «З крыніц адвечнай прыгажосці» прадугледжвае правядзенне міжнароднага форуму «Традыцыйная культура як стратэгічны рэсурс устойлівага развіцця грамадства», шматлікія народныя абрады і святы, выстаўкі нацыянальных строяў краін свету. У праекце «Жыццё, рух, радасць, захапленне» будуць пераважна маладзёжныя акцыі: конкурсы бальных танцаў, фестываль інтэлектуальных гульняў, конкурс маладых сем’яў і шмат іншага.

Па меркаванні арганізатараў, сёлетні праект «Культурная сталіца» будзе самым насычаным па колькасці мерапрыемстваў і «зорнасці» яго ўдзельнікаў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter