Iмёны на гранiтнай дошцы

У тыя вераснёўскiя днi 1939 года мне iшоў 13-ы год, а майму старэйшаму брату Мiкалаю было 20 – ён прымаў удзел у скiдзельскiм паўстаннi. Перш чым расказаць аб тым, што назаўсёды засталося ў маёй памяцi, напомню крыху гiсторыi...
У тыя вераснёўскiя днi 1939 года мне iшоў 13-ы год, а майму старэйшаму брату Мiкалаю было 20 – ён прымаў удзел у скiдзельскiм паўстаннi. Перш чым расказаць аб тым, што назаўсёды засталося ў маёй памяцi, напомню крыху гiсторыi. Заходняя Беларусь апынулася пад Польшчай згодна з Рыжскiм мiрным дагаворам ад 18 сакавiка 1921 года. Наступiўшыя часы, хоць мясцовыя жыхары i спадзявалiся на мiрную перадышку, нельга было назваць спакойнымi. З аднаго боку, урад Польшчы забараняў карэнным жыхарам родную мову, адукацыю. У той перыяд польскi эканамiст Уладзiслаў Суднiцкi пiсаў: «Нi аб якiм беларускiм народзе не можа быць размовы, таму што беларусы не маюць нiякiх асабiстых традыцый. Аб беларускай культуры нельга гаварыць, паколькi ў беларусаў няма культурнага адзiнства». Гэтыя сцвярджэннi Суднiцкага ўрад Пiлсудскага практычна ператварыў у жыццё, каб як мага хутчэй апалячыць беларусаў. Калi напярэдаднi Рыжскай мiрнай дамоўленасцi на тэрыторыi Заходняй Беларусi дзейнiчала больш за 400 беларускiх школ, дык да 1935 года iх заставалася ўсяго 16, а да 1938 года iх зусiм не захавалася. З другога боку, вялiкi ўплыў на мясцовае насельнiцтва рабiў СССР. З першых дзён уступлення ў сiлу Рыжскай дамоўленасцi ў Заходнюю Беларусь з савецкай тэрыторыi сталi перапраўляцца ўзброеныя партызанскiя атрады з мэтай падняць народ на паўстанне i ўстанавiць савецкую ўладу. Партызаны грамiлi польскiя маёнткi, урадавыя ўстановы, забiвалi памешчыкаў, асаднiкаў, палiцэйскiх. Падчас траплялi пад хуткую расправу i мясцовыя жыхары, якiя лаяльна ставiлiся да iснуючай польскай улады. Усё гэта яскрава праявiлася i ў нашым Скiдзелi. У нацыянальна–вызваленчы рух актыўна уключылiся скiдзельчане Вiталь Сыты, Любоў Зорка, Георгi Шагун, Уладзiмiр Мышко, Фёдар Чобат, Анатоль Мышко, Анатоль Самойла, Барыс Олех, Лазар Пачымок i iншыя. – Пераход польска–савецкага памежжа Чырвонай Армiяй, – упэўнены Павел Фёдаравiч Чабатарэвiч, жыхар горада Скiдзеля, былы член Камунiстычнага Саюза моладзi Заходняй Беларусi (КСМЗБ), баец вераснёўскага паўстання, адзiны, хто дажыў да гэтых дзён, – быў правiльным крокам савецкага ўрада, а вераснёўскае паўстанне з`явiлася вынiкам той рэвалюцыйнай сiтуацыi, якая спела ўжо даўно. I дастаткова было з`явiцца маленькай iскры, каб успыхнула паўстанне народа. I яно ўспыхнула. Ранкам 17 верасня камунiсты Скiдзеля сабралiся ў доме Маiсея Лайта, сакратара мясцовага падпольнага райкома камсамола, а камсамольцы – ў доме Яўгеннi Паўлоўскай. На двух паралельных сходах абмяркоўвалi адзiнае пытанне: як дзейнiчаць далей пры пераходзе памежжа Чырвонай Армiяй? Былi размеркаваны абавязкi сярод камунiстаў i камсамольцаў, вызначаны тэрмiн уступлення Чырвонай Армii ў Скiдзель. Па разлiках, праз два днi. «Мне, напрыклад, – пiсаў у сваiх успамiнах член КПЗБ Георгi Пельц, – даручылi пашыць чырвоныя сцягi, лозунгi i транспаранты... Усё рабiлася, каб як мага больш урачыста сустрэць вызвалiцеляў. Але заданне выконваць не прыйшлося, паколькi нечакана з вулiцы пачуўся крык: «Б`юць палiцыю!» На яго мы ўсе выйшлi з дому, убачыўшы, што Iосiф Лапiцкi i Мiхаiл Сарока адабралi ў польскага палiцэйскага Лося карабiн. Хтосьцi моцна крыкнуў: «Раззброiць палiцыю!» На плошчу стаў сцякацца народ. Людзi шумелi. Тут жа нечакана з вёскi Галавачы з`явiўся атрад ў 20 чалавек, узброеных хто чым, на чале з членам КПЗБ Мiхасём Пiкам. На хаду тут жа быў створаны рэвалюцыйны камiтэт, якi ўзначалiў Мiхаiл Лiцвiн. У склад рэвалюцыйнага камiтэта ўвайшлi Iлья Мышко, Фёдар Бубен, Аляксандр Мазалеўскi, Барыс Олех, Георгi Шагун i камсамолец Пётр Цярэшка. Пасля захопу магiстрата на яго будынку ўзвiўся чырвоны сцяг, якi ўзняў Аляксандр Мазалеўскi. З балкона магiстрата Мiхаiл Лiцвiн аб`явiў прысутным аб пераходзе ўсёй улады рэвалюцыйнаму камiтэту. Заклiкаў насельнiцтва раззбройваць палiцыю, салдат i афiцэраў, узбройвацца i ўтвараць баявыя атрады, падтрымлiваць спакой i парадак». Сам Мiхаiл Лiцвiн нарадзiўся ў 1914 годзе ў вёсцы Глiняны, што побач са Скiдзелем, у беднай сялянскай сям`i. Вучыўся ў Вiленскай беларускай гiмназii, але быў выключаны за рэвалюцыйную дзейнасць. Вярнуўся ў родную вёску, дзе ўключыўся ў работу партячэйкi КПЗБ, падвяргаўся неаднаразова арыштам. Актыўна працаваў у Скiдзельскiм падрайкоме КПЗБ. Загiнуў у першыя днi Айчыннай вайны ў Беластоку, дзе працаваў у абкоме ЛКСМБ. Група байцоў пад кiраўнiцтвам Маiсея Лайта захапiла пошту, тэлеграф, электрастанцыю i iншыя важныя аб`екты. Здавалася, падзеi па ўстанаўленню савецкай улады будуць развiвацца мiрным шляхам – аж да прыходу Чырвонай Армii. Аднак створаны рэўком пайшоу на кардынальны крок: па яго iнiцыятыве пачалiся арышты афiцэраў, асаднiкаў, палiцэйскiх i кiруючых работнiкаў мясцовай улады, польскiх актывiстаў. Арыштаваных размяшчалi ў будынку кiнатэатра «Апола» пад узмоцненай аховай. Спецыяльна створаная «тройка» вырашала лёс людзей: памiлаваць цi расстраляць. Аб гэтым стала вядома ваенным фармiраванням у Гродна i Шчучыне, якiя паспяшалiся на падмогу арыштаваным. Пра тое, што адбылося далей, «Советская Белоруссия» ужо паведамляла ў папярэднiм артыкуле на падставе спецданясенняў на iмя сакратара ЦК КП(б)Б П.Панамарэнкi за подпiсамi тагачаснага пракурора БССР i яго намеснiка. Аналагiчны дакумент, дакладней, яго копiя, толькi за подпiсам пракурора Беластоцкай вобласцi Дубiнiна сакратару Беластоцкага абкама партыi Iгаеву, ёсць i ў маiм асабiстым архiве. Тэкст амаль iдэнтычны, таму цытаваць яго не буду. Падкрэслю толькi, што расправа карнiкаў з патрыётамi была вельмi крывавай. Карнiкi не абмiнулi i нашу маленькую хату. Спачатку яе абстралялi, а затым чацвёра салдат з`явiлiся на падворку. Бацьку, мацi, мяне, брата Валодзю i сястру Маню паставiлi ў шарэнгу перад ручным кулямётам, даўшы паверх галоў чаргу стрэлаў, каб запалохаць. Затым уважлiва правялi вобыск, шукаючы брата Мiкалая, якi прымаў удзел у паўстаннi. Нiкога больш не знайшоўшы, вывелi бацьку з шарэнгi i сталi збiваць прыкладамi, пытаючыся, дзе хаваецца сын–камунiст. На абарону бацькi кiнулася мая 16–гадовая сястра Марыя, хапаючы салдат за рукi i карабiны. – Мы з`явiмся да вас яшчэ, i калi не выдадзiце сына, дык расстраляем усiх, – сказаў старшы групы. Але, на шчасце, з`явiцца да нас iм ужо не давялося. Савецкiя танкi i самалёты ўвайшлi ў наша мястэчка i сарвалi iх чорны намер. Неўзабаве i брат Мiкалай вярнуўся дамоў – з перабiтай рукой. Аказалася, у навакольным бары ён выпадкова натрапiў на двух карнiкаў i тыя адкрылi па iм агонь, але не папалi. Пасля таго як у карабiнах закончылiся патроны, яны дагналi брата i пачалi збiваць. Але Мiкалаю ўсё ж удалося вырвацца i ўцячы. А вось другому ўдзельнiку паўстання, 26–гадоваму Уладзiмiру Мышко, не пашчасцiла застацца ў жывых. Ад карнiкаў яго схаваў адзiн з рабочых радзiвiлаўскага маёнтка, але жандармы яго выкрылi i закалолi кiнжаламi. Вяскоўцы пазней пахавалi патрыёта на могiлках, паставiўшы на магiле помнiк з шэрага гранiту, на якiм выбiлi словы: «Уладзiмiру Анрэевiчу Мышко, загiнуўшаму ад рук польскiх белабандытаў у г. Скiдзелi 19 верасня 1939 года, у дзень вызвалення Беларусi Чырвонай Армiяй». У гады нямецкай акупацыi вясковыя жыхары надзейна схавалi помнiк У.Мышко, а пасля вызвалення зноў паставiлi на месца. Але ж бяда ў тым, што сёння няма каму даглядаць за магiлай змагара – усе яго родныя паўмiралi. Не магу не сказаць i пра такую трагiчную старонку гiсторыi нашай Скiдзельшчыны, як расстрэл 11 асаднiкаў i членаў iх сем`яў, што без суда i следства ажыццявiлi члены рэўкома 22 верасня 1939 года... Можа, думаю часам я, справа не толькi ў палiтычных абставiнах, а i ў самiх людзях. Падставы для такого меркавання дае прыклад лёсу канкрэтнага ўдзельнiка паўстання, члена Абухаўскага рэўкома Уладзiмiра Аплевiча. У тыя гарачыя вераснёўскiя днi ён утварыў самасуд над асаднiкамi. Затым здзейснiў злачынства ўжо пры савецкай уладзе, за што адбываў пакаранне на Поўначы. У гады Вялiкай Айчыннай вайны трапiў на фронт у складзе Войска Польскага, дзе яго i пазнаў сын аднаго з закатаваных асаднiкаў, пасля чаго ваенна–палявы суд прыгаварыў злачынцу да расстрэлу. А цяпер апошняе – пра тое, як склаўся далейшы лёс тых маiх землякоў, што трапiлi ў спiс пасобнiкаў карнай акцыi. Згодна з прыгаворам суда Новiк С.Ю., Радзiевiч М.А., Гамулецкi I.П., Гамулецкi С.Э., Абадоўскi Ц.В., Белакоз В.Б., Стахурская–Цыдзiкава Я.I., Цыдзiк К.С., Мiлькамановiч Р.С., Мiлькамановiч С.С., Паўлоўскi I.М. – усяго 11 чалавек – асуджаны да вышэйшай меры пакарання – расстрэлу з канфiскацыяй маёмасцi. Летоўскi Канстанцiн Сцяпанавiч, Пуцiлоўскi Ян Мiхайлавiч, Пуцiлоўская Чэслава Янаўна асуджаны да 10 гадоў пазбаўлення волi. Такая вось няпростая старонка айчыннай гiсторыi. У Скiдзелi у сувязi с 50–годдзем паўстання ў 1989 годзе на будынку гарадскога Савета, у якiм размяшчаўся рэўком, была прымацавана мармуровая дошка з такiмi словамi: «У гэтым будынку ў днi Скiдзельскага паўстання 17 – 21 верасня 1939 года размяшчаўся рэвалюцыйны камiтэт, якi ўзначальваў Лiцвiн М.I.». Гранiтная дошка з iмёнамi загiнуўшых байцоў вераснёўскага паўстання прымацавана да сцяны памяцi брацкай магiлы савецкiх воiнаў, партызан i падпольшчыкаў, удзельнiкаў Вялiкай Айчыннай вайны, што знаходзiцца ў старым парку горада, куды перазахавалi астанкi паўстанцаў з цэнтра горада. Iлья БАРЫСАЎ, грамадскi краязнаўца. Скiдзель.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter