З нагоды свайго 80-га канцэртнага сезона Белдзяржфілармонія падрыхтавала падарункі для слухачоў

Імянінная сімфонія для філармоніі

Юбілейны 80-ы сезон Белдзяржфілармоніі адкрыўся гала-канцэртам яе галоўнага і найстарэйшага калектыву — Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра. Сёлета ён адзначае юбілей — 90-годдзе з часу стварэння. З гэтай нагоды мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор калектыву народны артыст Беларусі Аляксандр Анісімаў падрыхтаваў спецыяльную праграму-падарунак: Рахманінаў, Скрабін, славутыя салісты — піяніст Андрэй Сікорскі, трубач Леанід Коркін і «Падарожжа па аркестры» Бенджаміна Брыта — твор, які дазваляе прадставіць кожны інструмент і пазнаёміцца з кожным музыкантам.

Фота Віталя ПІВАВАРЧЫКА

Зала сустракала юбіляра аншлагам. Білеты былі прада­дзены задоўга да дня канцэрта. Маэстра Анісімаў шкадаваў напярэдадні: не ўсе жадаючыя маглі патрапіць, адмаўляць давялося нават сябрам.

Наступная сустрэча аркестра са слухачамі — 22 верасня, у святочным канцэрце, прысвечаным ужо юбілею філармоніі. У праграме «Імянінная сімфонія» Бетховена і яго ж «Фантазія» для фартэпіяна, хору і аркестра. Дарэчы, саліраваць запрошаны сам мастацкі кіраўнік філармоніі, выдатны піяніст Юрый Гільдзюк. Адмовіць калегам Юрый Мікалаевіч не змог, тым больш што нечакана вельмі дарэчным аказаўся выбар твора: 80-ы опус кампазітара — у гонар 80-годдзя філармоніі.

Да юбілейнага сезона па­дрыхтаваліся і іншыя калек­тывы.

Народны артыст Беларусі Міхаіл Казінец і Нацыянальны акадэмічны народны аркестр імя І.Жыновіча, які ён узначальвае, зноў звярнуліся да музычнай спадчыны Уладзіміра Мулявіна. Услед за рок-операмі «Гусляр» і «Песня пра долю» на вершы Янкі Купалы аднавілі песенны цыкл «Вянок» на вершы Максіма Багдановіча. Створаны да 100-годдзя паэта, адзіны раз ён выконваўся ў Нью-Ёрку ў Бібліятэцы Аб'яднаных Нацый у 1991-м, а пасля вяртання ансамбля «Песняры» са ЗША праграма была паказана тут, у філармоніі. Больш ніколі цалкам «Вянок» не гучаў. Нотны матэрыял праграмы не захаваўся. З цягам часу вядомасць набылі толькі дзве песні з гэтага выдатнага цыкла — «Слуцкія ткачыхі» і «Лявоніха».

Адрадзіць усе 15 кампазіцый стала магчыма дзякуючы маскоўскаму прыхільніку творчасці «Песняроў» Уладзіміру Пазняку. У яго прыватнай калекцыі знайшоўся рабочы аўдыязапіс з прагону праграмы «Вянок» на сцэне Белдзяржфілармоніі. На аснове гэтага матэрыялу вядомым музыкантам аркестра  Аляксандрам Крамко былі створаны аранжыроўкі ўсіх песень цыкла. Пачуць яго цалкам можна будзе 10 снежня, канцэрт прымеркаваны да дня нараджэння Максіма Багдановіча.

Асаблівы нацыянальны праект, таксама звязаны з імем класіка, прадставіць у новым сезоне і Дзяржаўны камерны хор. Гэта твор «Плошча Якуба Коласа» Ларысы Сімаковіч, якая выступае адразу ў ролі кампазітара, рэжысёра-пастаноўшчыка, сцэнарыста, лібрэтыста, балетмайстра. Кіраўнік калектыву Наталля Міхайлава праводзіць паралелі і інтрыгуе:

— Сёлета адзначаецца 135-годдзе Коласа, а юбілярка-філар­монія знаходзіцца побач з плошчай, якая носіць яго імя. Новы твор — канцэптуальны, складаны, цікавы, напісаны ў жанры «харавы тэатр». Акрамя нашага калектыву ў ім ніхто не працуе, і для нас гэта яшчэ адна прыступка наверх. Гэты твор — не песні на вершы Коласа, а аповед пра жыццё народнага паэта, перададзены сродкамі музыкі. На прэм’еру чакаем у красавіку.

Юбілейны сезон філармоніі адкрыў Дзяр жаўны акадэмічны сімфанічны аркестр пад кіраў-ніцтвам маэстра Аляксандра АНІСІМАВА
ФОТА ВІТАЛЯ ПІВАВАРЧЫКА

А заўтра адразу дзве прэм'еры на выхадзе ў Дзяржаўнага камернага аркестра. У пачатку мінулага сезона па ініцыятыве яго галоўнага дырыжора Яўгена Бушкова Белдзяржфілармонія ўвяла новую для нашага музычнага жыцця форму творчага ўзаемадзеяння паміж канцэртным калектывам і сучасным аўтарам: кампазітар-рэзідэнт запрашаецца да доўгатэрміновага супрацоўніцтва, каб ствараць музыку для канкрэтных выканаўцаў і да канкрэтнай падзеі. Для камернага аркестра ў канцы 2016-га такім аўтарам стаў Канстанцін Яськоў, і маэстра Бушкоў першым творчым вынікам цалкам задаволены:

— Калі я задумваў гэты новы для нашай філармоніі праект, не меркаваў, што ён стане самым лепшым маім падарункам да яе юбілею. Калі цяпер усё супала, я вельмі сабой ганаруся. Лічу, гэта самае правільнае музычнае прынашэнне, якое наш калектыў мог зрабіць. Акрамя таго, сам працэс такога супрацоўніцтва вельмі захапляльны, бо твор пішацца сёння і цяпер, перадаецца выканаўцам, калі чарніла ў партытуры яшчэ не высахла.

Вынік су­пра­ц­оў­ніц­тва выліўся ў два вельмі цікавыя творы і праграму з сімвалічнай назвай «Кросны Макошы». Макоша — усемагутная старажытнаславянская багіня, якая тчэ палотны лёсу. У творах, якія склалі праграму, — перапляценне глыбінных слаёў нацыянальнага песеннага фальклору і дасягненняў сусветнай акадэмічнай музычнай культуры, сувязь розных эпох — архаічнай даўніны, класіцызму, рамантызму, сучас­насці.

Першы твор — рэканструяваная старадаўняя сімфонія XVIII—XIX стагоддзяў невядомага аўтара з так званай Забельскай калекцыі, унікальнага рукапіс­нага нотнага зборніка, знойдзенага нашымі даследчыкамі ў Ві­ленскім архіве. Ёсць здагадкі, што гэтая сімфонія была напісана і перша­пачаткова выканана ў Полацку, у манастыры і калегіуме дамініканцаў у Забелах (сёння вёска Валынцы Верхня­дзвінскага раёна).

Другі твор — містэрыя для народнага голасу, струнных, ударных і фартэпіяна, створаная на аснове 12 аўтэнтычных беларускіх песень, якія сімвалізуюць усе месяцы года.

Канешне, гэта не ўсе падарункі, якія падрыхтавала сваім слухачам Белдзяржфілармонія ў новым сезоне. Сачыце за афішай.

svirko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter