Iх не дагоняць

Увага: веласіпедныя злодзеі выйшлі на паляванне

Веласезон толькі пачаўся, а ў Мінску ўжо больш за 20 чалавек не знайшлі сваіх веласіпедаў на тым месцы, дзе пакінулі. За апошні год такіх крадзяжоў у горадзе было 536. Карэспандэнт «Р» адправілася ў рэйд разам з участковым інспектарам Ленінскага РУУС Анатолем Бажковым, каб высветліць, ці выконваюць мінчане самыя простыя правілы прафілактыкі крадзяжоў сваёй двухколавай тэхнікі.


Вуліца Пляханава ў раёне Серабранка. Па словах інспектара, крадзяжы тут — справа вельмі частая, таму што раён густанаселены. 

— Веласіпеды выкрадаюць любыя, і няважна — імпартныя яны ці зроблены ў нас, новыя ці старыя, для дарослых ці для дзяцей. У зламыснікаў ёсць свая схема: выкрадзены веласіпед яны звычайна хуценька прадаюць на рынках за невялікі кошт, — расказвае Анатоль Бажкоў.

Надвор’е сёння халаднаватае, таму веласіпедыстаў на сваім шляху сустракаем няшмат. Але ўчастковы тлумачыць, што менавіта зараз той час, калі яшчэ не позна папярэдзіць грамадзян уважліва ставіцца да сваёй маёмасці. 

Бачым веласіпед на велапаркоўцы каля адміністрацыйнага будынка: яго ўладальнік карыстаецца тросавым замком. Пытаюся ў Анатоля, наколькі лёгка ўкрасці ў такім выпадку веласіпед.

Тросавыя замкі для злодзея не перашкода

— Добра, канешне, што на ім ёсць хоць трос! Але такія замкі злачынцы з кусачкамі ўзломліваюць за 5—60 секунд. Вельмі ненадзейна пакідаць веласіпед так на доўгі час. Лепей карыстацца U-падобным замком або замком-падковай, распілаваць якія вельмі няпроста, — ацаніў ён сітуацыю.

Інспектар раіць: калі веласіпед трэба пакінуць на некаторы час каля крамы ці нейкага будынка на вуліцы, то стаўце яго так, каб тэхніка трапляла ў камеры відэаназірання. Таксама можна прыхапіць з сабою якую-небудзь дэталь, каб на веласіпедзе немагчыма было з’ехаць. Валачы на сабе 20 кг грузу знойдзецца няшмат ахвотнікаў.

Абыходзім жылыя дамы. Па статыстыцы, у большасці выпадкаў веласіпеды былі выкра-дзены менавіта з пад'ездаў і тамбураў шматкватэрных дамоў. Веласіпед, пакінуты на ноч на лесвічнай пляцоўцы або каля дзвярэй кватэры, — практычна ідэальныя ўмовы для злачынцы. Акцыі па прафілактыцы крадзяжоў міліцыя праводзіць рэгулярна.

— Мы людзей папярэджваем, але яны ўсё роўна лічаць, што з імі такое не здарыцца. Гавораць, што ведаюць усіх суседзяў, — дзеліцца Анатоль. — Але звычайна зладзеі зусім не суседзі, а тыя, хто наўмысна абыходзіць пад’езды дамоў і выносіць двухколавыя сродкі руху, якія грамадзяне пакінулі без нагляду.

Пакінуты ў тамбуры веласіпед — ідэальная здабыча для злачынца
Фота Віталя ПІВАВАРЧЫКА


Заходзім у першы пад’езд дома па вуліцы Якубава — веласіпедаў на пляцоўках і ў тамбурах няма. Участковы кажа:

— Людзі, навучаныя горкім вопытам, сталі радзей пакідаць веласіпеды ў пад’ездах. Мінулай восенню менавіта тут укралі дзіцячы веласіпед. Злодзея, дарэчы, удалося знайсці. 

Абыходзім іншыя пад’езды — на пляцоўках пуста. Аднак заўважаем, што трапіць у тамбуры некаторых грамадзян не складае ніякай праблемы. У адным з іх знаходзім прыгожы імпартны веласіпед, пакінуты без замка. Папярэджваем жыхароў — тыя вырашылі перанесці яго ў кватэру.

— Дзіўна, што такі веласіпед яшчэ не паспелі ўкрасці. А захоўваць яго ў кватэры — гэта самае правільнае рашэнне, — гаворыць інспектар.

На жаль, зламыснікаў, якія крадуць веласіпеды, знаходзяць не заўсёды. Часта тэхніку з цёмным мінулым прадаюць за паўцаны ў інтэрнэце. Анатоль Бажкоў кажа, былі выпадкі, калі пацярпелыя самі знаходзілі свае веласіпеды на сайтах у раздзеле «Прадаю».

Сваё меркаванне наконт гэтых крадзяжоў выказаў у гутарцы з карэспандэнтам «Р» Сяргей Дубовік, намеснік начальніка Ленінскага РУУС:

— За 2016 год у Ленінскім раёне было 52 крадзяжы веласіпедаў, з іх раскрылі 21. Перш за ўсё, я б раіў людзям не набываць ровары «з рук», таму што звычайна яны не маюць ніякіх дакументаў. А гэтыя дакументы — гарантыя бяспекі велааматараў. Серыйны нумар транспартнага сродку ў дакументах дапамагае міліцыі хутчэй знайсці злодзея і вярнуць веласіпед законнаму ўладальніку. Калі дакументаў няма ці серыйны нумар на веласіпедзе адсутнічае, раю гаспадару сфатаграфаваць свой двухколавы сродак руху і запомніць асобыя прыметы (наклейкі, драпіны і г.д.) — у выпадку кра-дзяжу гэта дапаможа ў пошуку. Так можна будзе даказаць, што веласіпед укралі менавіта ў вас. Праблема часам заключаецца не толькі ў тым, што трэба знайсці злодзея, але і ў тым, каб вярнуць веласіпед яго сапраўднаму ўладальніку.

Юлія МАТУЗАВА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Версия для печати
Заполните форму или Авторизуйтесь
 
*
 
 
 
*
 
Написать сообщение …Загрузить файлы?