Iгрышчы, забавы, танцы

У дарэвалюцыйны час танцы на Браслаўшчыне звалi ігрышчам...

У тыя даўнія часы, калі ў вясковых дамах не было ні тэлевізараў, ні нават радыё, моладзь усё роўна імкнулася да розных забаў, каб хоць на кароткі час адпачыць ад цяжкай сялянскай працы і іншых паўсядзённых клопатаў.

Найбольшай папулярнасцю, як і цяпер, карысталіся танцы. Праўда, назва гэтай актыўнай і цікавай формы адпачынку чамусьці некалькі разоў мянялася.

Так, у дарэвалюцыйны час танцы ў нашай мясцовасці (на Браслаўшчыне. — А.В.) называліся ігрышчам.

«Моладзь, — расказваў дзядуля, — збіралася ў чыёй-небудзь вялікай хаце ці ў цёплы час года — у гумне. Хлопцы прыходзілі ў армяках, а каб доўгія полы не перашкаджалі танцаваць, запіхвалі іх пад паясы. Дзеўкі заўсёды надзявалі доўгія, да самай зямлі, спадніцы, бо не дай бог, каб хлопцы ўбачылі хоць маленькі кавалачак нагі: гэты ж быў невядома які сорам!»

Музыкантаў, як правіла, было некалькі: гарманіст, кларнетыст або скрыпач, і цымбаліст. Гарманіст яшчэ праз адмысловае прыстасаванне біў нагой у бубен.

А вось ужо «за польскім часам» танцы пачалі называцца забавамі. Дарэчы, хлопцам маладзейшым за 20 гадоў уваход на іх быў забаронены. Нельга было таксама прыходзіць у нецвярозым стане, у галаўным уборы, а тым больш з папяросай у зубах.

...Вайна перарвала пераемнасць культурных традыцый, і забавы сталі проста танцамі, на якія збіралася рознаўзроставая моладзь, хлопцы, як правіла, «пад мухай» (для смеласці), з-за чаго часта здараліся бойкі. У ход тады ішлі і чапёлы з качэргамі, і вілкі, а калі на прыпечку стаяў чыгун са свіной ежай, то і яго маглі каму-небудзь на-дзець на галаву. А вось зброю хлопцы не выкарыстоўвалі, хоць у пасляваенныя гады яе хапала, затое і смяротных выпадкаў прыгадаць не магу.

З цягам часу ў буйных вёсках пачалі адкрывацца клубы з больш прасторнымі танцавальнымі заламі, але прысесці пасля танца дзяўчатам усё роўна не было дзе, бо па перыметры сядзелі «судугі» і «каментатары» — даўно адтанцаваўшыя сваё бабы — і, вядома ж, перамывалі ім косці. Хлопцы ж пасля кожнага танца выходзілі пакурыць.

Танцавалі вальс, факстрот, польку, падэспань, кракавяк, радзей — вальс-бастон і танга. Фігуры і тэмп у гэтых танцах былі рознымі, але аб’ядноўвала іх адно — цялесны кантакт паміж партнёрамі, а гэта было вельмі прыемна.

Музыканта запрашалі ў пасляваенныя гады аднаго — баяніста або акардэаніста, бо яму трэба было плаціць. Дзеля гэтага выбіраўся зборшчык. Ён напрыканцы вечарыны з шапкай абыходзіў хлопцаў і збіраў грошы. Дзяўчаты ж за танцы не плацілі.

А аднойчы, калі з-за адсутнасці зборшчыка грошы ніхто не сабраў і моладзь пачала разыходзіцца, музыкант нізка пакланіўся ўслед адыходзячым хлопцам і гучна сказаў: «Вялікі дзякуй, мальцы, што не пабілі!»

Можа, гэта быў ужо апошні «жывы» музыкант, бо ў другой палове мінулага стагоддзя на вечарынах пачалі выкарыстоўваць прайгравальнікі ды магнітафоны, а танцаваць пачалі не парамі, а кожны сам з сабой. Тады і з’явілася сучасная назва танцаў — дыскатэка, пра якую нічога не магу сказаць, бо ні разу там не быў.

А вось як яшчэ цешыліся мае аднавяскоўцы, раскажу ў наступны раз.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter