Двое піяністаў змаглі пераадолець творчую годнасць і сталі геніяльным дуэтам

Ігра ў чатыры рукi

Фартэпіянны дуэт — ансамбль з найбольш цікавых і ў сваім родзе ўнікальны. Бо рэдкі выпадак — калі ўдваіх іграюць музыканты адной спецыяльнасці. І, мабыць, адзіны — калі двое маюць магчымасць музіцыраваць за адным інструментам.

Сумеснай творчасці салістаў Беларускай дзяржаўнай філармоніі Наталлі Котавай і Валерыя Баравікова ўжо амаль 20 гадоў. Яны — вядучы канцэртуючы дуэт піяністаў краіны, які добра вядомы і за яе межамі. З мэтрамі і падзвіжнікамі ўнікальнага жанру мы гутарым пра асаблівасці ігры ў чатыры рукі.

У дуэце піяністы Наталля КОТАВА і Валерый БАРАВІКОЎ іграюць каля 20 гадоў

— Дуэт музыкантаў — гэта яшчэ і сваяцтва душ, тонкае ўзаемадзеянне.

Наталля: Як правіла, у навучальных установах пiянiстаў рыхтуюць як салістаў, індывідуалаў, а тут даводзіцца дзяліць папалам і музыку, якую іграем, і ўвагу публікі. Гэта складана, але і прыемна, таму што такія творчыя зносіны, супрацоўніцтва з калегамі вельмі цікавыя. У дуэце, як, напэўна, і ў любым ансамблі, акрамя сыгранасці, ёсць вельмі важны момант — як разумеюць адзін аднаго ўдзельнікі і ці разумеюць наогул. У дуэце, як і ў сям'і: сумеснае даўгалецце тады, калі пара глядзіць у адзін бок, у адным кірунку.

Валерый: Вельмі важна не ісці тупа на голы прынцып, маўляў, ты нічога не разумееш, а своечасова партнёру саступіць. Можа, ён і сам зразумее потым, што памыляўся. А можа, і ты будзеш мець магчымасць пераканацца, што дарма на сваім настойваў. Павага, паразуменне і прафесійныя, і чыста чалавечыя проста неабходныя. Інакш усё немінуча будзе чутна ў музыцы і дуэта не атрымаецца. Нават калі абое салісты — выдатныя выканаўцы.

— Наталля прыйшла ў дуэт выпускніцай кансерваторыі, калі Валерый быў ужо даволі вопытным салістам. Агульную мову знайшлі адразу?

Валерый: Так. І, ведаючы многія іншыя дуэты, — гэта рэдкі выпадак. Па першым часе мы занадта шмат саступалі адзін аднаму, і правільна, што так  рабілі. Трэба было вычакаць нейкі час, каб абаім праявіцца і зразумець, наколькі мы зможам суіснаваць у музыцы.

Наталля: Фартэпіянны дуэт у філармоніі існуе з 1980 года. Валерый Баравікоў — адзін з яго заснавальнікаў і нязменны ўдзельнік, а яго транскрыпцыі для двух фартэпіяна атрымалі высокую ацэнку выканаўцаў і кампазітараў у многіх краінах свету. Таму, калі я ў 1998-м прыйшла ў гэты маленькі, але ўсё ж калектыў, то проста, расхінуўшы вочы і вушы, прагна ўпітвала ўсё новае. Нейкага адрыньвання або непрымання не было ніводнага дня. Канфліктных сітуацый у нас і зараз не бывае. Інакш мы столькі часу не ігралі б разам. 

— Няўжо ніколі пра густы не спрачаецеся і разбораў палётаў не бывае?

Валерый: Вядома, нейкія прафесійныя пытанні вырашаем, але ніколі не пераходзім межы выхаванасці. Дый гэта не спрэчкі, а, хутчэй, сумесны пошук патрэбнага рашэння. Пасля канцэртаў — абменьваемся ўражаннямі, але без разборак. Кожны ведае, што і як адбывалася на сцэне — чаго ўжо душу трывожыць пасля? Што пройдзена, то пройдзена — бяром на заметку і ідзём далей.

— Разам вы практычна штодзень — на рэпетыцыях, канцэртах, выязных выступленнях. Дамашнія не раўнуюць?

Наталля: Гэта ж наша праца, з разуменнем ставяцца. У нас і дуэт неканфліктны, і дамашнія — таксама.

— Вы выступаеце ў філарманічных залах, іграючы на двух канцэртных раялях, але ведаю, што частыя госці вы і ў невялікіх гарадах, а там на сцэне можа быць адно старэнькае піяніна.

Наталля: Сапраўды, мы шмат ездзім па краіне і часта менавіта так бывае. Вядома, два раялі — для музыкантаў вальней, камфортней, а для публікі эфектней. За адным фартэпіяна не заўсёды зручна, але можна выдатна іграць у чатыры рукі. Прыходзіцца часам іграць і на інструментах не лепшай якасці. Але мы абсалютна не цураемся гэтага. Бо галоўнае — сустрэча і размова з гледачамі. Асветніцтва — частка нашай працы. Наша мэта — захапіць музыкай і зрабіць так, каб далучэнне да яе было цікавым. Для гэтага мы заўсёды карэкціруем свае праграмы ў залежнасці ад таго, хто сядзіць у зале — дзеці, моладзь або дарослыя. І вельмі прыемна, што знаходзім водгук, сустракаюць нашы выступленні, як правіла, захоплена.

Валерый: Дарэчы, жанр фартэпіяннага дуэта сёння надзвычай папулярны. Напэўна, няма музычнай школы, дзе не было б аднаго або двух такіх ансамбляў, іграюць і педагогі, і дзеці. Дый канцэртуючых дуэтаў становіцца больш. Заўважаны сапраўдны рэнесанс жанру.

— Хутка яго прыхільнікаў чакае новая сустрэча з гасцямі вашага аўтарскага праекта Duettissimo — міжнародных музычных вечароў фартэпіянных дуэтаў. Чула, рыхтуюцца ўнікальныя канцэрты.

Наталля: Вядомыя фартэпіянныя дуэты з розных краін збяруцца ў Мінску ў чацвёрты раз. На фестываль прыедуць піяністы з Літвы, Польшчы, Малдовы, ЗША. 28 лютага ў зале Беларускай акадэміі музыкі выступяць фартэпіянныя дуэты выкладчыкаў і студэнтаў. 1 сакавіка ў Малой зале імя Шырмы Белдзяржфілармоніі ўпершыню ў нашай краіне прагучыць найцікавейшы твор — «Маленькая ўрачыстая меса»        Дж. Расіні. Сачыненне дзіўнай прыгажосці, якое выклікае нязменнае захапленне з дня свайго стварэння. На сцэне ў гэты вечар будуць фартэпіянны дуэт народных артыстаў Малдовы Анатоль Лапікус — Юрый Махавіч, Дзяржаўны камерны хор пад кiраўнiцтвам Наталлi Мiхайлавай, спевакі Уладзiмiр Громаў, Ірына Кучынская, Вiктар Мендзелеў, Кацярына Крашчук. Падарункам для слухачоў у гэты вечар стане і выступленне Аннэ і Эдварда Цюржон — захапляючага дуэта з ЗША. Яны сыграюць музыку самую розную — ад Моцарта да Гершвіна.    2 сакавіка — сольны канцэрт дуэта Барташ Калачкоўскі — Войцех Шымчэўскі. Маладыя таленавітыя піяністы з Гданьска іграюць разам каля 10 гадоў, яны пераможцы шэрага прэстыжных конкурсаў. Прывязуць класічную рамантычную праграму. Завершыць фестываль 3 сакавіка гала-канцэрт у суправаджэнні Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра ў Вялікай зале Белдзяржфілармоніі. Дырыжор — Андрэй Галанаў. Пачуем літоўскі дуэт — Рокас Зубовас і Саната Зубавене і беларускі — Юрый Гільдзюк і Аляксей Пятроў. У гэты ж вечар прагучаць «Сімфанічныя танцы» Сяргея Рахманінава.

— Выконваюць Наталля Котава і Валерый Баравікоў?

Наталля: Так. Прычым знакамiты рахманiнаўскi твор будзе ўпершыню сыграны ў версii для двух фартэпіяна, струннага аркестра і ўдарных, зробленай Валерыем Баравiковым.

svirko@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter