У Драгічынскім раёне халодны сезон з вёскі выгналі па-старадаўняму — дзеркачамі

"Ідзі, зіма, до кучора, бо ты нам надакучыла!"

НА Брэстчыне сёння цвітуць абрыкосы, клумбы чырванеюць цюльпанамі, а ў драгічынскай вёсцы Агдэмер уздумалі толькі зіму праводзіць. Ці не праспалі? “Ні ў якім разе, — кажа загадчыца аддзела традыцыйнай культуры Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра Ларыса Быцко. — Так было спрадвеку. У Праводную нядзелю вяскоўцы гналі зіму са сваіх двароў”.

ТАК і зрабілі. Адрадзіць старадаўні звычай дапамаглі артысты, а вяскоўцы з задавальненнем іх падтрымалі. Ларыса Быцко сама родам з вёскі Агдэмер:

— Не было такога звычаю ў маім дзяцінстве, але мама мая расказвала, як яны малымі выганялі з двароў зіму дзеркачамі. У Праводную нядзелю збіраліся дзеці ў дварах, бралі дзеркачы — старыя венікі — і крычалі на мясцовай мове: “Іды, зыма, до Кракова, вырнысь до нас однакова! Іды, зыма, до Кіева, ты нам всэ сено выела! Іды, зыма, до кучора, бо ты нам надокучыла!” Аднавіць гэты звычай — такая была мая мара. З сястрой Людмілай мы запісалі ўспаміны вяскоўцаў. І прыйшоў час, калі ў нас атрымалася вярнуць нашых землякоў у дзяцінства.

Пасля свята ўсіх запрасілі адведаць смачную яешню па старадаўняму рэцэпту

Пацікавілася ў 92-гадовай Ніны Сабульчык, ці не позна гнаць зіму, калі квітнее вясна.

— Зараз Вялікдзень прыйшоўся на красавік, а бывае ж і ў маі. Калі ў сярэдзіне мая праганяць зіму, можа, яно і смешна некаму, але смяяцца не варта. Каму, як не вяскоўцам, ведаць, што прымаразкі здараюцца і ў чэрвені. Дык вось, каб зіма пайшла ад нас і да самага снежня пра сябе не напамінала, і прыдумалі такі звычай. Хто? Не ведаю. Але нам, малым, вельмі падабалася з дзеркачамі прабегчы па вёсцы, а потым іх спаліць у кастры. Калі вярталася дахаты, памятаю, маці карміла яешняй.

Так і ў сённяшнім Агдэмеры. З кожнага двара выйшлі дзеці з дзеркачамі і прайшліся па вуліцы Брэсцкай праз усю вёску. За ваколіцай распалілі касцёр. А потым была яешня. Нічога, скажу вам, смачнейшага няма за смажаную на вогнішчы яешню. Ды калі яшчэ з гурочкам ды з кропам.

Для вяскоўцаў потым быў канцэрт. Выступілі народны тэатр гумару і песні “Хмелеўскія валацугі”, узорны дзіцячы ансамбль “Дараносіцы” з вёскі Хмелева Жабінкаўскага раёна, узорны ансамбль фальклорнага танца “Ліпачкі” з вёскі Ліпнікі, народны сямейны фальклорна-этнаграфічны калектыў сясцёр Лук’яновіч з вёскі Леснікі, узорны клуб аматараў фальклору “Гутаўцы” з вёскі Гутава, фальклорны калектыў “Жураўка" з вёскі Вавулічы Драгічынскага раёна.

фота Валянціны КАЗЛОВIЧ

Дарэчы, падобны звычай развітвацца з зімой — адметнасць не толькі вёскі Агдэмер. На Піншчыне таксама ў тыдзень пасля Вялікадня, які называўся Праводны, не толькі свята праводзілі, але і зіму праганялі.

На думку Ларысы Быцко, найцікавей усё дагэтуль праходзіць у вёсцы Пінкавічы, дзе некалі працаваў Якуб Колас:

— Там жанчынкі спяваюць: “Іды, зыма, до Добучэва, ты ж нам надокучыла! Всі волокы порвала, постолы потоптала”. Для гэтай вёскі характэрная карагодная традыцыя (тут карагоды называюць “танкі”), якая існавала ад першага дня свята да наступнай нядзелі. Да апошняга часу ў панядзелак, праз тыдзень пасля Вялікадня, праводзілі “танкі” і праганялі зіму за раку. Зараз вырашылі рабіць гэта ў нядзелю, бо гэта непрацоўны дзень. Маем намер прапанаваць гэтую традыцыю ў Спіс нематэрыяльнай спадчыны Беларусі, бо ў Пінкавічах нічога нават не спатрэбілася аднаўляць — тут ніколі не забываліся пра звычай продкаў.

Valentinak3@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter