Как правильно исповедоваться

«Ідзі і больш не грашы»: некалькі слоў пра таінства споведзі

Хіба што кожны, хто калі-небудзь быў у касцёле, бачыў там месца, дзе людзі падыходзяць да святара і вызнаюць свае грахі. Гэты працэс вызнання грахоў называецца споведдзю. Як правільна спавядацца — пра гэта паразважаем сёння.


Касцёл заклікае сваіх вернікаў прыступаць да сакрамэнту (таінства) споведзі як мінімум раз на год. Спавядацца неабходна ў цяжкіх грахах. Пад цяжкімі маюцца на ўвазе грахі, якія зроблены свядома, без якога-небудзь прымусу і сур'ёзным чынам парушаюць запаведзі. 

Запаведзі мы часта ўспрымаем як спробу абмежаваць чалавека, наступ на яго свабоду. Як бы гэта дзіўна ні прагучала, поўная свабода азначае татальнае бязладдзе, анархію, у якой кожны думае толькі пра самога сябе. 

Святы Аўгустын калісьці запісаў: «Любі і рабі што хочаш». Запаведзі і з'яўляюцца выражэннем любові, яны заахвочваюць нас верыць у Бога, не падманваць, клапаціцца пра здароўе сваё і блізкіх і г.д. Паступаць з іншымі так, як мы хацелі б, каб паступалі з намі. 

Першы крок да споведзі пачынаецца тады, калі мы ўзгадваем зло, якое ўчынілі, і дабро, якое маглі б зрабіць, але па нейкай прычыне не асмеліліся. Без аналізу свайго жыцця за перыяд ад апошняй споведзі мы проста не бу­дзем ведаць, у чым прызнацца, або зробім гэта павярхоўна. Можа, таму некаторыя дарослыя людзі спавядаюцца ў тым, што «не слухаліся маму ці тату», не заўважаючы, што ствараюць вакол сябе таксічную амтасферу ці робяць жыццё іншых нязносным.

Споведзь некаторыя ўспрымаюць як магчымасць для абслугоўвання іх эмоцый або спрабуюць падмяніць ёй прафесійную псіхалагічную ці псіхічную тэрапію. У такім выпадку людзі замест таго, каб прызнавацца ў грахах, раскайваюцца ў некаторых сваіх эмоцыях ці пачуццях, якія лічаць «дрэннымі»: суме, трывозе, пачуцці адзіноты і г.д. Лепш сказаць, што эмоцыі і пачуцці неабходна навучыцца канструктыўна перажываць. На жаль, цяжар сваіх грахоў мы часта ацэньваем па тым эмацыянальным рэху, якім яны ў нас адбіваюцца, а не па тым, наколькі вялікім злом яны з'яўляюцца. Калі хтосьці лічыць, што зло — паняцце адноснае, то лепш яму не спавядацца. 

Зрабіць аналіз жыцця, прызнацца ў грахах, выправіць нанесеную грахом шкоду і пастарацца не вяртацца да сваіх памылак — так коратка можна агучыць мінімум, які неабходны для споведзі. Тэма таінства пакаяння і паяднання, як яшчэ называюць гэты сакрамэнт, настолькі шырокая, што тым, хто ні разу не спавядаўся, лепш спачатку прайсці належную падрыхтоўку. Добра, калі падрыхтоўцы да кожнай споведзі спадарожнічаюць малітвы і часамі пост, якія кожны выбірае сабе сам і якія ўводзяць у атмасферу пакаяння.

На заканчэнне пару слоў пра тое, навошта спавядацца святару — такому ж чалавеку, як і іншыя? У каталіцтве не лічыцца, што святары з'яўляюцца пасрэднікамі паміж Богам і чалавекам, але своеасаблівымі служыцелямі Бога і чалавека. У Пісанні сказана: «прызнавайцеся адзін аднаму ў грахах». Якую можна зрабіць з гэтага выснову? Апускаючы глыбокія тэалагічныя разважанні, прывядзём просты аргумент: прыйсці і расказаць іншаму пра свой грэх, чакаючы пры гэтым прабачэння не ад чалавека, а ад Бога, патрабуе сур'ёзных намаганняў і самадысцыпліны.

Ксёндз Кірыл Бардонаў
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter