Iдуць у глыбiнку iнвестыцыi

За 10 месяцаў у Мядзельшчыну ўкладзена больш за Br 450 млрд.

За дзесяць месяцаў мінулага года ў эканоміку Мядзельшчыны ўкладзена больш за 450 млрд. рублёў

Новыя вытворчасці, новыя турыстычныя аб’екты пабудаваны і будуюцца ў раёне. Намеснік старшыні Мядзельскага райвыканкама Леанід Берняковіч адзначае, што інвестыцыйная актыўнасць у раёне істотна ўзрасла. Дзяржаўнай праграмай развіцця курортнай зоны Нарачанскага рэгіёна на 2011—2015 гады вызначаны 22 праекты, зараз яны знаходзяцца ў рознай ступені гатоўнасці, шэсць з іх завершаны.

 — Асобныя інвестары, якія ў свой час заявілі намер працаваць у рэгіёне, не зрабілі ніякіх захадаў па рэалізацыі праектаў, таму былі выключаны з праграмы. На іх месца прыйшлі новыя людзі, якія прынялі ўмовы і зараз працуюць, — расказвае Леанід Берняковіч.

На якасна новы ўзровень выходзіць вытворчая сфера. Канкурэнтаздольнай прадукцыяй, якая актыўна пастаўляецца на экспарт, апраўдала сябе мадэрнізацыя Нарачанскага філіяла Маладзечанскага малочнага камбіната. Шэраг прадпрыемстваў, якія па пэўных прычынах у нейкі час нават перапынялі сваю дзейнасць, сёння перажываюць другое нараджэнне. Напрыклад, новае жыццё атрымаў некалі знакаміты, а потым заняпалы Нарачанскі рыбзавод. ТАА «Вытворчы альянс» уклала значныя сродкі ў мадэрнізацыю, і зараз яго вяленую і вэнджаную прадукцыю можна набыць на прылаўках мясцовых магазінаў і ў гандлёвых сетках горада Мінска. На вытворчасці створана 60 новых працоўных месцаў. Зараз інвестпраект знаходзіцца ў завяршальнай стадыі і запрацуе на поўную магутнасць у першым паўгоддзі года — да таго часу будзе зманціравана і новая лінія па вытворчасці рыбных кансерваў.

Акрамя гэтага, як распавядае Леанід Берняковіч, ідзе мадэрнізацыя былога завода напіткаў, створана сумеснае прадпрыемства з ААТ «Бульбаш», якое атрымала назву «Вінакурня «Нарач». Там працуе ў тэставым рэжыме лінія па разліве пітной і мінеральнай вады, на падыходзе лінія па вытворчасці і разліве моцных алкагольных напояў — каньякоў і брэндзі.

Спіртаперапрацоўчая вытворчасць мадэрнізуецца на ўнітарным прадпрыемстве «Ілаўскае», там выпушчаны новы від прадукцыі — моцны напітак кальвадос, які вырабляецца з яблычных спіртоў. Пераўтварэнні чакаюцца і ў хлебапякарнай галіне. Намаганнямі прыватнага інвестара некалі нерэнтабельны хлебазавод, што належаў спажыўкааперацыі, ператвараецца ў сучаснае прадпрыемства галіны. Там завезена абсталяванне, манціруецца лінія і літаральна ў пачатку года мяркуецца выпусціць першую партыю сухарна-сушачнай прадукцыі. Надалей прадпрыемства мае намер вырабляць штомесяц да 260 тон сушак, да 70 % прадукцыі будзе рэалізоўваць на экспарт, рынкі ўжо адпрацаваны.

Яшчэ адзін вельмі цікавы аб’ект знаходзіцца зараз на стадыі праектавання. Гэта электрастанцыя на сонечных элементах, у якую літоўскі інвестар мяркуе ўкласці 12 млн. долараў. Размесціцца яна ў раёне вёскі Швакшты ля аўтамабільнай трасы Вільнюс—Полацк. Леанід Берняковіч упэўнены, што электрастанцыя будзе цікавая далёка не з адной пазіцыі:

— Па-першае, яна вельмі карысная як альтэрнатыўная крыніца электраэнергіі, а таксама як адметны аб’ект для турыстычнага наведвання, бо размяшчаецца ў прывабным і зручным месцы.

Плануецца, што ўсе работы будуць выкананы на працягу 2014—2015 гадоў. Дарэчы, гэта не першы альтэрнатыўны энергетычны праект у Мядзельскім раёне — у аграгарадку Занарач пабудавана ветраэнергетычная ўстаноўка магутнасцю 1 МВт.

За тры гады рэалізацыі дзяржаўнай праграмы, як зазначае намеснік старшыні райвыканкама, шмат пераўтварэнняў адбылося ў Нарачанскім краі. Прыметна гэта ў курортнай зоне, дзе сучаснае аблічча і начынне набылі здраўніцы рэгіёна, пабудавана шмат новага — туркомплексы, дамы і зоны адпачынку. Напрыклад, у санаторыі «Спадарожнік» узведзены новы корпус на 136 месцаў са спа-цэнтрам, рэстаранам і гэтак далей.

— Можна з упэўненасцю канстатаваць, што ён запатрабаваны, як, дарэчы, і ўсе іншыя здраўніцы. На сёння нашы санаторыі маюць загрузку 90—100 %, — дадае Леанід Берняковіч.

Нельга не згадаць і новы аўтавакзал, пабудаваны ў курортным пасёлку Нарач, — мясцовыя жыхары ўжо забыліся пра былыя нязручнасці і вельмі хутка асвоілі і ацанілі яго самыя сучасныя і найноўшыя выгоды. Літаральна на вачах набывае больш дакладныя абрысы этнатурыстычны комплекс у вёсцы Наносы і гэтак далей.

— Да завяршэння дзяржпраграмы застаецца ўжо не так шмат часу, але належыць зрабіць яшчэ нямала для таго, каб курортная зона Нарачанскага краю набыла свой завершаны, адметны выгляд. Мы працягваем працаваць, — падсумоўвае Леанід Берняковіч.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter