Проект реконструкции участка дороги М10 на следующей неделе презентуют в Лондоне

Iдэя ў пошуках iнвестара

У  пачатку наступнага тыдня ў Лондане пройдзе Road Show першага беларускага праекта дзяржаўна-прыватнага партнёрства (ДПП) для патэнцыяльных інвестараў. Колькі з іх прымуць удзел у самім конкурсе, пакуль невядома, аднак зразумела адно: праект рэканструкцыі ўчастка аўтадарогі М-10 (Рэчыца – Калінкавічы) увойдзе ў гісторыю як першы прыклад супрацоўніцтва на прынцыпах ДПП. Нягледзячы на тое што сам тэрмін з’явіўся ўжо даволі даўно, рэальных агульных праектаў з выкарыстаннем такога механізма ў бізнесу і дзяржавы да гэтага часу не было.

Нацыянальнай інфраструктурнай стратэгіяй да 2030 года вызначаны топ-100 інфраструктурных праектаў, у тым ліку для магчымай рэалізацыі на прынцыпах ДПП.
Калаж  Уладзiмiра ПАЛОНСКАГА

Упершыню прынцып ДПП замацавалі ва Указе № 461 «Аб рэканструкцыі аўтамабільнай дарогі», які быў падпісаны мінулай восенню. Асноўная мэта праекта — павысіць транспартна-эксплуатацыйныя характарыстыкі ўчастка дарогі працягласцю 85 кіламетраў, скараціць час у дарозе і за кошт гэтага палепшыць якасць жыцця насельніцтва і навакольнага асяроддзя. У ходзе рэалізацыі прыватны партнёр на працягу двух гадоў рэканструюе ўчастак і давядзе яго да параметраў I-В-катэгорыі, а таксама будзе несці адказнасць за стан і абслугоўванне ўчастка на працягу 20 гадоў. Пасля гэтага дарога зноў пяройдзе ва ўласнасць дзяржавы. Кампенсаваць затраты прыватнага партнёра мяркуецца за кошт бюджэтных сродкаў.

Намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення аўтамабільных дарог Міністэрства транспарту і камунікацый Сяргей Лявончык
каменцiруе:

— Да ўвагі міжнародных інвестараў у Лондане прадставяць як сам праект, прапанаваны да рэалізацыі, так і інвестыцыйны клімат і магчымасці нашай краіны. Пасля Road Show усе жадаючыя будуць запрошаны да ўдзелу ў конкурсе, які пройдзе, як чакаецца, у першым квартале гэтага года. Для Беларусі гэта першы пілотны праект, прапанаваны да рэалізацыі на прынцыпах ДПП. Такая форма супрацоўніцтва добра знаёма міжнародным інвестарам і з’яўляецца ўзаемавыгаднай і надзейнай для абодвух бакоў. Зацікаўленасць праектам мы бачым: на Road Show зарэгістраваліся больш за 50 удзельнікаў з розных краін. Сказаць, колькі з іх прымуць рашэнне ўдзельнічаць у конкурсе, цяжка, але я ўпэўнены, што цікавасць, безумоўна, будзе, а пераможа ўдзельнік з лепшай прапановай.

У Міністэрстве транспарту і каму-нікацый нагадваюць: падрыхтоўка праекта вялася два гады, за гэты час прайшло нямала кансультацый з міжнароднымі экспертамі, распрацавана заканадаўства. Пачынаць заўсёды няпроста, канстатуюць спецыялісты, аднак старт дадзены, а гэта значыць, што за першым праектам будуць і іншыя.

ПУНКТ  ГЛЕДЖАННЯ

Валерый БАРАДЗЕНЯ, першы прарэктар Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу:


— Усе мы спадзяёмся, што старт будзе паспяховым і мы зможам развіваць праекты ДПП і вырашаць важныя задачы. Вы спытаецеся, якія? Гаворка пра тое, што дзяржаўны бюджэт павінен браць на сябе доўгатэрміновыя абавязацельствы, бізнес павінен браць на сябе рызыкі, усведамляць і пралічваць іх. Усе разумеюць: гэта даволі складаныя праекты, доўгатэрміновыя, дарагія, як правіла. Аднак, думаю, нам усё пад сілу, калі мы будзем дзейнічаць сумесна. Тут я хацеў бы правесці аналогію: вельмі ўдалым «праектам» (хоць і не звязаным з ДПП) стала сумесная праца бізнесу і ўлады па падрыхтоўцы новай рэдакцыі Падатковага кодэкса. У кароткія тэрміны ўдалося правесці вялікую работу, знайсці кансэнсус па шматлікім спрэчным пытанням, якія перашкаджалі дзелавым колам. Дзяржаўна-прыватнае партнёрства – гэта прыкладна такая ж праца: калі трэба знаходзіць агульныя падыходы і яднаць інтарэсы дзяржавы і бізнесу.

ПАДРАБЯЗНАСЦІ

Алена ПЕРМІНАВА, начальнік галоўнага ўпраўлення інвестыцыйнай палітыкі Міністэрства эканомікі:


— Важна, каб першы вопыт аказаўся станоўчым. Таму што дзяржаўна-прыватнае партнёрства — гэта новая і вельмі перспектыўная мадэль супрацоўніцтва дзяржавы і бізнесу пры рэалізацыі важных сацыяльных інфраструктурных праектаў. 16 студзеня ў штаб-кватэры Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця ў Лондане запланавана правядзенне інвестыцыйнай канферэнцыі, прысвечанай прэзентацыі першага пілотнага праекта ДПП па рэканструкцыі ўчастка аўтамабільнай дарогі М-10. Роўд-шоу неабходна для маркетынгавага прасоўвання праекта і накіравана на прыцягненне цікавасці вядомых сусветных кампаній. 

Прадстаўнічая беларуская дэлегацыя выступіць на канферэнцыі з прэзентацыяй інвестыцыйнага клімату і дзелавога патэнцыялу краіны. Асобныя панэлі будуць прысвечаны тэхнічным, фінансавым і прававым асаблівасцям праекта М-10, а таксама прэзентацыі прававога рэжыму Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парка «Вялікі камень». Акрамя таго, запланаваны шэраг двухбаковых сустрэч з кіраўніцтвам і менеджментам ЕБРР, а таксама з прадстаўнікамі міжнароднай інвестыцыйнай супольнасці.

У выпадку паспяховага старту першага праекта ДПП будуць і іншыя. Нацыянальнай інфраструктурнай стратэгіяй да 2030 года вызначаны топ-100 інфраструктурных праектаў, у тым ліку для магчымай рэалізацыі на прынцыпах ДПП.

За два гады прыватны партнёр павінен давесці 85 км участка дарогі М-10 да параметраў І-В-катэгорыі.
Фота Аляксандра КУШНЕРА

ТЫМ  ЧАСАМ

Прыватныя нюансы 1 лютага ўступаюць у сілу дапаўненні і змяненні ў Закон аб ДПП. Новаўвядзенні выключаюць магчымасць выбіраць прыватнага партнёра без правядзення конкурсу, а таксама абавязваюць яго пераможцу пакрыць іншым удзель-нікам, якія рыхтавалі прапановы аб рэалізацыі праекта ДПП, абгрунтаваныя затраты. Парадак кампен-сацыі вызначыць Савет Міністраў. Гэта стане стандартнай умовай конкурсу ДПП для стварэння працуючага механізма і прававых падстаў для такога пакрыцця.

Яшчэ адна асаблівасць. Згод-на з новай рэдакцыяй закона прыватным партнёрам можа быць камерцыйная арганіза-цыя, створаная ў адпаведнасці з нашым заканадаўствам, альбо беларускі індывідуальны прадпрымальнік, з якімі заключана пагадненне аб дзяржаўна-прыватным партнёрстве. А вось удзельнічаць у конкурсе могуць юрыдычныя асобы (або іх група), замежная арганізацыя (група), якая не з’яўляецца юрыдычнай асобай, беларускі індывідуальны прадпрымальнік. Юрысты звяртаюць увагу: калі замежная кампанія становіцца пераможцам конкурсу, па законе яна павінна стварыць камерцыйную арганізацыю ў Беларусі. Таксама ўпершыню дазволена кансорцыумам выступаць калектыўным удзельнікам конкурсу ДПП. У выпадку перамогі групы юрыдычных асоб яны змогуць стаць прыватным партнёрам, стварыўшы кампанію ў Беларусі.

Дарэчы, нават калі заяўку на конкурс падасць адзін удзельнік, будзе лічыцца, што конкурс адбыўся. У такім выпадку камісія разглядае конкурсную прапанову і прызнае яго пераможцам, калі дакументацыя адпавядае ўсім патрабаванням. Раней на гэтай падставе конкурс прызнаваўся несапраўдным, а з адзіным удзельнікам заключалі пагадненне аб ДПП на прапанаваных ім умовах.

konoga@sb.by 
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter