В понедельник в стране стартует Всемирная неделя предпринимательства

Ідэі каштуюць дорага

Сусветны тыдзень прадпры­мальніцтва право­дзіцца ў нашай краіне дзявяты раз, і праграма мерапрыемства, як заўжды, прыемна здзіўляе. Тут і Міжнародны форум прадпрымальніцтва, і AgriTech-канферэнцыя, і форум у Брэсце, і Startup-алея, і цырымоніі ўзнагароджання лепшых ментараў і прадпрымальнікаў. Мерапрыемствы сапраўды на любы густ — ад школьніка да Прэм’ер-міністра.  


Як адзначае намеснік міністра эканомікі Дзмітрый Матусевіч, плануецца вельмі насычаны тыдзень. Статус мерапрыемства пацвярджаюць запрошаныя госці — напрыклад, Прэм’ер-міністр Сяргей Румас, які плануе прыняць удзел у цырымоніі адкрыцця, а таксама ўзна­гародзіць пераможцаў нацыянальнага конкурсу «Прадпрымальнік года».

— Калі казаць пра канкрэтныя мерапрыемствы, то, безумоўна, інавацыйны вектар у нашай праграме будзе пераважаць. Гэта той кірунак, які можа даць нашай краіне рост эканомікі. Больш за тое, у нас тут ёсць добры патэнцыял.


Дзмітрый Матусевіч адзначае, што Сусветны тыдзень прадпрымальніцтва ў Беларусі ўпершыню ідзе ў рэгіён — у Брэсце 21 лістапада адбудзецца рэгіянальны форум.

— Для нас вялікае значэнне мае менавіта гэтае мерапрыемства, бо яно ідзе ў кантэксце той працы, што вядзе Урад па развіцці рэгіёнаў. Мы хацелі б паказаць, што інавацыйнасць мае экстэрытарыяльны характар. Дарэчы, лепшы ментар года атрымае сваю ўзнагароду менавіта там.

Брэст быў выбраны невыпадкова: іх тэхнапарк з’яўляецца адным з лепшых у краіне (сярод чатырнаццаці тэхнапаркаў у брэсцкага першае месца па колькасці рэзідэнтаў і колькасці створаных працоўных месцаў). Акрамя таго, Брэсцкая вобласць з’яўляецца адным з лідараў па колькасці малых і сярэдніх прадпрыемстваў. Рэгіёну са­праўды ёсць што паказаць. Дарэчы, з 550 праектаў з сектара МСП, прафінансаваных Банкам развіцця Рэспублікі Беларусь з пачатку гэтага года, 83 — брэсцкія. Так, банк спецыяльна прапаноўвае бізнесу з рэгіёнаў лепшыя цэнавыя ўмовы, але гэта ўсё роўна шмат кажа пра развіццё вобласці.     

Банк развіцця выступае адным з партнёраў Сусветнага тыдня прад­пры­мальніцтва. Па сло­вах кіраўніка фінансавай установы Андрэя Жышкевіча, банк асаблівую ўвагу надае мерапрыемствам, дзе гаворка пойдзе пра фінансаванне стартапаў.

Андрэй Жышкевіч адзначае, што ў Беларусі ўжо ёсць бізнес-інкубатары, розныя праграмы, інвест-фонды. Задача БРРБ заключаецца ў тым, каб дапамагчы гэтаму рынку сфарміравацца.

— Мы зараз актыўна пра­працоўваем канцэпцыю фармі­равання венчурнага фонду ранніх стадый інвесціравання.

 Неабходна, каб на рынку пачыналі інвесціраваць паў­навартасныя венчурныя ка­піталісты, лічыць кіраўнік Банка развіцця Рэспублікі Беларусь. Такія фонды могуць прыходзіць з-за мяжы, але важна, каб падобнымі капіталістамі станавіліся і беларускія інвес­тары.

Падчас Сусветнага тыдня прад­прымальніцтва таксама адбудуцца канферэнцыі FinTech Day, Investor’s Factory, спаборніцтва стартапаў Belbiz Battle, узнагароджанне лепшага ментара 2019 года. Банк развіцця прадставіць сваю праграму падтрымкі малога і сярэдняга бізнесу, узнагародзіць лепшыя банкі-партнёры.


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter