Симулятор космических полетов, локализаторы взрывов: чем еще удивляли на выставке Smart-патент 2018

Iдэi каштуюць дорага

Учора ў Мінску адкрыўся кірмаш інавацыйных ідэй Smart Patent-2018. У гэтым годзе арганізатары атрымалі больш як 100 заявак і абралі для ўдзелу 73 лепшыя праекты. Карэспандэнт «Р» пабывала на выставе і акунулася ў новыя тэхналогіі, здольныя калі не змяніць свет, то сапраўды яго палепшыць.

.....Палац мастацтваў на Казлова, 3 на два дні ператварыўся ў месца, дзе прэзентуюць самыя смелыя ідэі. Дзіўна, але многія праекты разам з  прафесіяналамі ў розных сферах прадстаўлялі і школьнікі. Знайсці тут можна ўсё: настольную гульню з дабаўленай рэальнасцю, сімулятар касмічных палётаў, лёгкаматорны самалёт, 3D-прынтар і нават лакалізатар выбухаў.



Ігар Юркевіч, намеснік старшыні Мінгарвыканкама, вітаючы гасцей і ўдзельнікаў выставы, адзначыў:

— Кірмаш праходзіць ужо ў восьмы раз, і з кожным годам ён толькі набірае абароты. Мы аб’ядноўваем новыя ідэі, падыходы і, самае галоўнае, моладзь. На працягу двух дзён кожны зможа знайсці сабе інвестара або партнёра.

Андрэй Касоўскі, першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях, зазначыў, што ў дзяржавы для інавацый заўсёды былі, ёсць і будуць фінансы:

— У мінулым годзе навукаёмістасць ВУП павялічылася і склала 0,6 працэнта. Мы пачынаем рух уверх і заўсёды адкрытыя для моладзі. Прыемна, што на выставе шмат праектаў у галіне прамысловых тэхналогій, ІТ, медыцыны, біятэхналогій і энергетыкі.

Кірмаш праходзіць ужо ў 8-ы раз, і з кожным годам ён толькі набірае абароты.

Кожны стэнд — нібы маленькі свет са сваімі асаблівасцямі. Увагу адразу прыцягваюць два хлопчыкi, апранутыя ў белыя халаты. Аднаму з іх — Аляксандру Бяляеву, прадстаўніку праекта ў вобласці біятэхналогій,  усяго 11 гадоў. Але ў хлопчыка ўжо напалеонаўскія планы: ён разам з выкладчыкамі з Цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці распрацаваў комплекс, які дапаможа дыягнаставаць аўтаімунныя захворванні на ранніх стадыях.

— Напрыклад, мы зможам выявіць цукровы дыябет 1-га тыпу або рассеяны склероз, — тлумачыць школьнік, дэманструючы праграму на ноўтбуку. — Для гэтага возьмем кроў пацыента і на цэнтрыфузе аддзелім яе ад плазмы. У ёй утрымліваецца імунаглабулін

тыпу Е. З дапамогай праграмы выявім, на што гэты імунаглабулін адрэагаваў. Такім чынам, даведаемся і раскажам пацыенту, на што ён хворы. Мы хацелі б укараніць навацыю ў паліклініках — раз у паўгода людзі могуць здаваць аналіз крыві і правярацца на аўтаімунныя захворванні.

Недалёка размясціўся яшчэ адзін цікавы стэнд з колбамі і каляровымі вадкасцямі. Лізавета Шаўцова, распрацоўшчык праекта, прысвечанага лячэнню стафілакока і стрэптакока, дзеліцца:

— На Далёкім Усходзе расце дрэва маака амурская. З яго мы атрымалі экстракт і даследавалі на антымікробную актыўнасць. У працэсе высветлілася, што экстракт памяншае рост анты-біётыкаўстойлівых мікраарганізмаў — стафілакока і стрэптакока. Магчыма, неўзабаве мы атрымаем лекі ад сур’ёзных хвароб.

Здзівіў гасцей яшчэ адзін праект, які не мае аналагаў у краіне. Яго аўтару Кірылу Жыдаловічу ўсяго 14 гадоў, хлопчык вучыцца ў 9-м класе мінскай школы.

— Я назваў сістэму для вырошчвання раслін «Аўтапаліў», — расказвае Кірыл. На яго стале размясціліся простыя прыстасаванні: бутэлька вады, вазоны, злучаныя  мноствам трубак. — У сістэме пакуль 4 вазоны, але можна павялічыць іх да 15. У кожным ёсць датчыкі — калі праграма «адчуе», што грунт перасушаны, то ў яго пальецца вада. Таксама сістэма сочыць за ўвільгатненнем паветра і святлом. Гэта значыць, людзі змогуць наогул не даглядаць расліны, але яны ўсё роўна не загінуць.

Хлопец абяцае, што выкладзе тэхналогію ў адкрыты доступ і кожны зможа ёй карыстацца.

glushko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter