ICO будзе далей?

Замежныя інвестары распавялі, чаму яны не хочуць укладваць грошы ў новыя праекты з крыптавалютамi

Пакуль вы чытаеце гэтыя радкі, некалькі стартапаў па ўсім свеце адтрымалi сотні тысяч долараў ад інвестараў, прапаноўваючы ім уласную крыптавалюту наўзамен фінансавання сваёй ідэi. Увесь свет зараз літаральна перажывае бум ICO: аб'ём прыцягнутых інвестыцый ужо перавысіў 3,3 мільярда долараў, і гэтая лічба расце з кожнай хвілінай. Што гэта: чарговая фінансавая бурбалка і піраміда або сучасная альтэрнатыва традыцыйным венчурным фондам? Інвестары з замежжа, якія прыехалі ў Мінск на мерапрыемствы Сусветнага тыдня прадпрымальніцтва, расказалі пра рызыкі сучаснай тэхналогіі і пра тое, чаму не сталі б інвесцiраваць у праекты такiм чынам.

Сусветны аб'ём інвестыцый у ICO ўжо перавысіў 3,3 мільярда долараў. Гэта ў 11,5 раза больш, чым за ўвесь мінулы год
Фото Resumesample.info

Права на жыццё

Верасень гэтага года стаў, напэўна, самым знакавым і паказальным месяцам для ўладальнікаў крыптавалюты. Па-першае, для стартапаў гэта быў самы актыўны перыяд па аб'ёме прыцягнутых праз ICO інвестыцый: толькі ў верасні інвестары ўклалі больш за 850 мільёнаў долараў у праекты, якія рэалізуюцца праз першаснае размяшчэнне крыптавалют. За ўвесь мінулы год інвестыцыі ў ICO былі меншыя ў чатыры разы! Па-другое, у верасні цэнтрабанкі Кітая і Паўднёвай Карэі прызналі незаконнымі ў сваіх краiнах усе ICO і забаранілі такiя здзелкі. У іншых дзяржавах па ўсім свеце стаўленне да гэтай з'явы рознае: некаторыя прыраўноўваюць лічбавыя токены да каштоўных папер, іншыя пакуль яшчэ знаходзяцца ў лагеры нявызначаных. У Расіі, напрыклад, да 1 ліпеня 2018 года павінны падрыхтаваць заканадаўства, якое рэгулюе ICO. Літаральна гэтымі днямі намеснік старшыні Цэнтрабанка Расіі Вольга Скарабагатава выказала меркаванне, што рэгуляванне ICO павінна быць аналагічным таму, якое дзейнічае ў сферы IPO.

На прайшоўшым у кастрычнiку міжнародным форуме «БанкІТ» старшыня Праўлення Нацбанка Павел Калаур выказаўся па тэме даволі выразна:

— Хочаце майніць? Майніце. Але тут вельмі высокія рызыкі, і гэтую сферу трэба рэгуляваць. Пытанне ж ICO як краўдфандынгавага інструмента таксама мае права на жыццё з пункта гледжання разгляду ўладамі хоць бы для таго, каб максімальна абараніць тых грамадзян, якія будуць спрабаваць удзельнічаць у гэтым працэсе. Але гэта ўжо не мае дачынення да кампетэнцыі Нацбанка.

Залатая ліхаманка

Заснавальнік венчурнага фонду Life.Sreda Уладзіслаў Салодкі (Сінгапур) уваходзіць у топ-35 лепшых фінтэхінвестараў свету. Гэта чалавек, які ведае пра грошы ўсё. І перад беларускімі гульцамі ён быў шчыры:

— Мы — скептыкі і прагматыкі, таму разумеем: падчас любой залатой ліхаманкі трэба прадаваць рыдлёўкі, а ў золата мы ўкладвацца не жадаем. Пры гэтым тыя, хто кажа, што ICO нічога не варта, не маюць рацыі. Праблема ў тым, каб распачаць нейкія меры, якія дазволілі б ICO легалізавацца. Калі гэтага не адбудзецца, усе праекты перамесцяцца з шэрага сегмента ў чорны. А гэта ўжо велізарныя фінансавыя і крымінальныя рызыкі.

Пры гэтым эксперт пералічвае сегменты, у якіх ICO будзе паспяховым і прынясе прыбытак: інфраструктурныя праекты, праекты ў медыцыне, лагістыцы, страхаванні. А вось у фінансавым сектары такiя праекты будуць менш цікавыя. 

Між тым на гэтым рынку ICO ёсць праблема для яе гульцоў, якую пакуль яшчэ не атрымалася вырашыць: тыя, хто праводзіць ICO, рызыкуюць проста не вывесці гэтыя грошы. Банкі Сінгапура, ЗША, Вялікабрытаніі замарожваюць рахункі фармальна на 30 дзён, аднак сродкі могуць завіснуць на некалькі месяцаў. У асяроддзі інвестараў ходзіць нават жарт: вакол занадта шмат мільянераў, але ніхто не можа заплаціць за сваю каву. Камісія за вывад наяўных часам дасягае да 30% са здзелак.

— Многія фінансавыя цэнтры баяцца таго, што новыя інструменты — гэта мыльная бурбалка. Буйным кампаніям наогул складаней развівацца, чым тым, у каго нічога няма, — рэзюмуе Уладзіслаў Салодкі. — А вось краінам, якія не з'яўляюцца фінцэнтрамі, стартаваць у новым кірунку значна прасцей. На самай справе практычна ні адзін рэгулятар не выступае катэгарычна супраць ICO. Усе хочуць новую эканоміку, новых інвестараў, але ўсе баяцца, што мясцовыя жыхары будуць у гэта гуляць. Такая ж сітуацыя, напрыклад, і ў Сінгапуры. Таму сёння важную задачу выканае той, хто зможа вырашыць галоўную праблему вываду сродкаў у ICO. Магчыма, Беларусь зможа адыграць сваю ролю.

ЦЫТАТА

Джон Брэдфард, партнёр фонду Motive Partners, «хросны бацька» еўрапейскіх акселератараў:


— Я не інвесцiраваў бы ў ICO. Кропка. Прычына, па якой людзі туды ўкладваюць такія вялізныя грошы, у тым, што ў іх занадта шмат крыптавалюты і няма рэальных грошай. Як толькі біткойны і эфіры пачнуць падаць, усё ICO адразу скончыцца.

ДАВЕДКА

ICO дазваляе стартапам прыцягваць фінансаванне ў абход традыцыйных рынкаў капіталу, нагадваючы сумесь першаснага размяшчэння акцый на біржы (IPO) і краўдфандынгу. У асноўным стартапы прадаюць уласную віртуальную валюту, або токены, якія можна выдаткаваць на іх паслугі.

konoga@sb.by


Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Версия для печати
Заполните форму или Авторизуйтесь
 
*
 
 
 
*
 
Написать сообщение …Загрузить файлы?