У Тэатры-студыі кінаакцёра рыхтуюць прэм’еру камедыі пра ваўкоў і авечак

І зноў пра ваўкоў і авечак

Аляксандр Яфрэмаў зрабіў стаўку на неўміручую класіку
Калі верыць прымаўцы, то практычна ніколі не бывае так, каб ваўкі былі сытымі, а авечкі засталіся цэлымі. Як правіла, слабыя заўсёды пакутуюць ад моцных. І гэта тычыцца не толькі звяроў, але і людзей. Камусьці наканавана быць ціхімі і прастадушнымі, а камусьці драпежнымі і небяспечнымі. Гісторыя старая, як свет. Ды і самой п’есе “Ваўкі і авечкі” Аляксандра Астроўскага ўжо больш за 140 гадоў. Аднак у пастаноўцы заслужанага дзеяча мастацтваў, народнага артыста Беларусі Аляксандра Яфрэмава яна выглядае свежай і цікавай.

Маладая, прыгожая і багатая ўдава Купавіна марыць пра шчасце і каханне. Яна нават не падазрае, якія страсці кіпяць вакол яе і якія падкопы строяць яе знаёмыя, якім не даюць спакою яе багацце, вялікае лясное ўгоддзе і цудоўны маёнтак. Хто пераможа ў баі хітрасці, разліку і інтрыг, можна будзе даведацца, прыйшоўшы 19 і 20 красавіка на прэм’еру спектакля “Ваўкі і авечкі” ў Тэатр-студыю кінаакцёра. У пастаноўцы заняты заслужаныя артысты Беларусі Уладзімір Грыцэўскі, Тамара Мужэнка, Ала Проліч, Анатоль Цярпіцкі, Святлана Сухавей, папулярныя акцёры тэатра і кіно Валерыя Арланава, Юрый Баранаў, Станіслаў Вількін, Анатоль Голуб, Антон Жукаў, Яна Хадановіч і іншыя.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter