I зноў «Белазаўскі акорд»

Жодзіна прымае конкурс маладых эстраднікаў «Белазаўскі акорд»

У чарговы раз на сцэне Палаца культуры БелАЗа пройдзе захапляльнае творчае спаборніцтва.

Штогадовы рэспубліканскі конкурс маладых эстрадных выканаўцаў «Белазаўскі акорд» пройдзе ў Жодзіне 28—29 верасня — сёлета ўжо дванаццаты.

З першых крокаў ён узяў курс на выяўленне новых таленавітых выканаўцаў, папулярызацыю беларускай песні, што з поспехам робіць усе гэтыя гады. Дарэчы, у рэпертуары кожнага ўдзельніка абавязкова павінна быць песня на беларускай мове.

«Белазаўскі акорд» дапамог раскрыцца, адчуць подых вялікай сцэны многім выканаўцам. Вось і зараз да яго актыўна рыхтуюцца і арганізатары, і артысты. А ўжо напрыканцы месяца мы пабачым, чым на гэты раз здзівяць гледачоў і журы маладыя таленты з Мінска, Магілёва, Гомеля, Барысава, Жодзіна, Ліды, Пружан, а таксама з Украіны і Расіі.

Мяркуецца, што творчае спаборніцтва пройдзе ў два этапы — конкурсны дзень і гала-канцэрт з цырымоніяй ўзнагароджвання. А ацэньваць пачынаючых артыстаў будуць Анатоль Ярмоленка, Эдуард Зарыцкі, Уладзімір Карызна, Віктар Бабарыкін, Аляксандра Кірсанава. Выканаўцы, што пройдуць у фінал, будуць мець гонар выканаць праграму з Прэзідэнцкім аркестрам Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам Віктара Бабарыкіна. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter