У Магiлёўскiм абласным шпiталi правялi першую аперацыю па перасадцы ныркi

І жыццё працягваецца!

Гэтага моманту чакалі і пацыенты, і медыкі Магілёва. У абласным шпіталі праведзена першая аперацыя па перасадцы ныркі.

Аперацыя па перасадцы ныркі доўжылася тры з паловай гадзіны.
Фото meleuznow.ru
Начальнік упраўлення аховы здароўя Магілёўскага аблвыканкама Аляксандр Жылін не скрывае, што рыхтаваліся да яе не адзін год:

— Магчымасць прымянення метадаў трансплантацыі разглядалася яшчэ тры гады таму. А апошні год да гэтага рабіліся канкрэтныя крокі. Закупілі патрэбнае абсталяванне, прэпараты. Аб’ядналі аддзяленні гемадыялізу і нефралогіі. Урачы і медсёстры прайшлі стажыроўку ў рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры трансплантацыі органаў і тканак пад кіраўніцтвам доктара медыцынскіх навук, прафесара Алега Румо. 

Першым пацыентам стаў жыхар Шклова, які з-за пухліны страціў адну з нырак. Праз нейкі час анкалагічнае захворванне было выяўлена на другой, і хворы знаходзіўся на гемадыялізе. Аперацыя па перасадцы ныркі доўжылася тры з паловай гадзіны. Пад кіраўніцтвам Леаніда Ткачова з РНПЦ трансплантацыі яе правялі магілёўскія хірургі Сяргей Петрашэўскі, Яўген Котаў і Дзяніс Сіткевіч. Галоўны ўрач абласной баль-ніцы Сяргей Галуза не сумняваецца, што для медыцыны рэгіёна гэта  значны рух наперад:

— У нашым шпіталі таксама наладзілі і амбулаторнае назіранне за жыхарамі вобласці, якім былі зроблены аперацыі па трансплантацыі органаў. За кансультацыямі, патрэбнымі прэпаратамі ім больш не трэба ездзіць у Мінск. 

Дарэчы, сучасныя методыкі, кажа Сяргей Галуза, дазваляюць такім людзям весці звычайны лад жыцця, а ў некаторых выпадках і працаваць. Укараненне навейшых тэхналогій, высокая кваліфікацыя медперсаналу Магілёўскай абласной бальніцы дазваляюць разглядаць магчымасць падняцца на новую ступень у справе лячэння хворых і адкрыць уласнае аддзяленне трансплантацыі. Патрэба ў ім, па ўсёй бачнасці, ёсць. Толькі ў лісце чакання на перасадку ныркі ў вобласці — каля васьмідзесяці чалавек.

svet.markova@gmail.com
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter