I землякі — таксама цуд...

Сумесны праект “Народнай газеты”, Гродзенскага аблвыканкама, Бераставіцкага райвыканкама і рэдакцыі бераставіцкай раённай газеты “Бераставіцкая газета”Бераставіцкі раён займае даволі невялікую тэрыторыю на Гродзен-шчыне. Але нягледзечы на гэта ён багаты цудамі, ды яшчэ якімі! Сам раённы цэнтр Вялікая Бераставіца знаходзіцца за некалькі кіламетраў ад дзяржаўнай беларуска-польскай мяжы і пагранічнага пераходу “Бераставіца”. Гэта, як кажуць, таксама вароты ў Еўропу. Ну а калі не вароты, як Брэст ці Гродна, дык акно ці веснічкі. А таму мястэчка ва ўсе часы было ўтульным, чыстым, прыгожым. Словам, як казаў пісьменнік Уладзімір Ліпскі, які нядаўна пабываў тут, і мястэчка шляхетнае, і местачкоўцы з шляхетным гонарам. Адметная рыса многіх бераставічан — беражлівыя адносіны да сваёй гісторыі і культуры, да памяці аб знакамітых земляках, якіх таксама яны аднеслі да найвялікшых цудаў.
Свой Ламаносаў

z2.jpgКалі-нікалі і цяпер сярод журналістаў узнікаюць спрэчкі: хто з выхадцаў Беларусі быў сярод першых акадэмікаў Пецярбургскай Імператарскай акадэміі навук? Бераставічане ўпэўнены: ураджэнец Вялікай Бераставіцы Восіп Міхайлавіч Кавалеўскі, “бераставіцкі Ламаносаў”. Нарадзіўся ён у студзені 1801 года ў Вялікай Бераставіцы. Вучыўся ў Свіслацкай гімназіі, скончыў Віленскі універсітэт (1821 г.), працаваў у Віленскай гімназіі. У 1825 годзе разам з Янам Чачотам, Адамам Міцкевічам і іншымі быў арыштаваны, высланы ў Казань. У 1829—1833 гг. пабываў у Манголіі і Кітаі, прывёз адтуль багаты збор навуковых матэрыялаў. Выдаў двухтомную “Мангольскую хрэстаматыю” (за яе быў абраны членам-карэспандэнтам Пецярбургскай Імператарскай акадэміі навук), трохтомны “Мангольска-руска-французскі слоўнік” (Дзямідаўская прэмія). У 1847 г. абраны акадэмікам Пецярбургскай Імператарскай акадэміі навук. У 1855—1860 гг. — рэктар Казанскага універсітэта. З 1862 г. працаваў у Варшаўскім універсітэце дэканам гісторыка-філалагічнага факультэта. Памёр у лістападзе 1878 года.

 

Бераст і Тавіца


z1.jpgУ Вялікай Бераставіцы з пакалення ў пакаленне перадаецца прыгожая легенда пра Бераста і Тавіцу  — заснавальнікаў паселішча. Легенда, як і Бераставіца, па зместу вялікая, з песнямі і прыказкамі, але сутнасць яе ў агульначалавечым пачуцці — каханні.
Гэта было многія сотні, а можа, і тысячы гадоў назад. У адным, яшчэ язычніцкім паселішчы жылі Бераст і Тавіца, якія кахалі адзін аднаго. Але бацькі не давалі згоды на іх шлюб, бо адзін з іх быў з заможнай сям’і, а другі з беднякоў. Аднойчы ў цёмную ноч маладыя людзі, сабраўшы ў дарогу тое-сёе, зніклі з паселішча ў пошуках шчасця. І пешшу ішлі, і на чоўне плылі, і са звярамі змагаліся, і нарэшце прысталі да берага, змораныя, як кажуць, да паўсмерці, і заначавалі на бліжнім пагорку. А раніцай убачылі неверагодную прыгажосць навокал і вырашылі застацца тут назаўсёды. І дзяцей нарадзілі, і пажанілі іх, і жытло пабудавалі. І назвалася тое паселішча Бераст-Тавіца — Бераставіца...
І з’явіліся нядаўна на ўскраіне Бераставіцы Бераст і Тавіца, якія ветліва сустракаюць гасцей і ветліва іх праводзяць.

 

 

Вялікая сталiца


“Ёсць у свеце сталiцы — Масква, Парыж i Бераставiца”, — так любяць гаварыць у мястэчку. Старажылы кажуць, што гэты афарызм нарадзіўся таму, што тут у розны час праходзілі значныя падзеі: ваенныя бітвы, сустрэчы паслоў, заключэнне перамір’я... Таму і назвалі Бераставіцу  Вялікай. Вось толькі  некалькі прыкладаў.
...19 верасня 1794 г. у Бераставіцы адбылася бітва паміж паўстанцамі Тадэвуша Касцюшкі і расійскімі войскамі. У “Данясенні Галоўнакамандуючаму карнымі войскамі ў Вялікім княстве Літоўскім Рэпніну” значыцца: “В плен взято 120 человек, в т.ч. несколько офицеров... на месте положено 250, а прочие разбежались по лесам...” У данясенні пазначаецца, што сярод расійскіх вайскоўцаў толькі  двое загінуўшых і некалькі параненых. “Чудеса храбрости в том бою проявил командир экскадрона, майор князь Пётр Багратион...” Праўда, некаторыя гісторыкі называюць гэту падзею не “боем”, а “крывавым пабоішчам”... Зазначым, што пасля паражэння ў Вялікай Бераставіцы паўстанне пайшло на спад...
...Верасень 1920 года. Савецкія войскі Заходняга фронту пад камандаваннем Тухачэўскага пасля разгрому пад Варшавай імкліва адступалі на ўсход. Савецкае камандаванне вырашыла даць рашучы бой наступаўшым польскім легіёнам на рацэ Свіслач, якая працякае недалёка ад мястэчка. Планавалася менавіта на гэтым рубяжы пераламаць ход савецка-польскай вайны... Калі б гэта ўдалося, то, магчыма, і дзяржаўная савецка-польская мяжа да 1939 года праходзіла б не каля Стаўбцоў, а каля Бераставіцы. Але задумка не спраўдзілася... З 20 па 24 верасня — пяць дзён!!! — ішлі кровапралітныя баі на лініі Свіслач — Вялікая Бераставіца — Індура... Мястэчка пераходзіла некалькі разоў з рук у рукі. З савецкага боку, кажуць, упершыню на Заходнім фронце была прыменена авіяцыя. Сотні загінуўшых з абодвух бакоў... Чырвонай Арміі прыйшлося “адступаць”...
Гэта толькі дзве падзеі... А іх у гісторыі Вялікай Бераставіцы было вельмі шмат... Дарэчы, цяпер бераставічане думаюць аб тым, якім помнікам адзначыць гэтыя  гістарычныя бітвы.

Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі — апошняе прыстанішча Яна Кароля Хадкевіча


z4.jpgАдкуль бы ні ехаў, ці ні ішоў падарожнік — ён абавязкова ўбачыць велічны гмах старажытнага бераставіцкага касцёла Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Пабудаваны ў 1615 годзе ў стылі ранняга барока па фундацыі аднаго з прадстаўнікоў знакамітага роду Вялікага Княства Літоўскага Гераніма Хадкевіча, ён быў духоўным прыстанішчам і месцам апошняга супакаення для многіх прадстаўнікоў гэтага роду. Вось і праслаўлены военачальнік таго часу Ян Кароль Хадкевіч, моц зброі і духу якога неаднаразова адчулі на сабе і шведы, і ратнікі Масковіі, і янычары турэцкага султана, прасіў пасля гібелі ў бітве  ці смерці ад ран “пахаваць” яго сэрца ў некропалі Бераставіцкага касцёла. І як сцвярджаюць аўтарытэтныя польскія даследчыкі, гэта было зроблена ў 1621 годзе пасля смерці Яна Кароля Хадкевіча ў час Хацінскай бітвы пасля поўнага разгрому туркаў. А чаму менавіта ў Бераставіцы? Бо, сцвярджае легенда, ён вельмі ўпадабаў адну бераставічанку, што прыслужвала ў мясцовым маёнтку Хадкевічаў. І цяпер, кажуць, раз у год, у дзень яго нараджэння, белая здань падымаецца над паўразбураным будынкам касцёла і лунае над мястэчкам. Гэта вялікі гетман шукае сваю каханую. І хто ўбачыць гэтае відовішча, будзе моцны сілай і духам, мужным, багатым, каханым, прыгожым.
Цяжкі лёс у гэтага касцёла. Але і слаўны. Сталічныя даследчыкі сцвярджаюць, што ў скляпеннях касцёла друкаваліся першыя нумары “Мужыцкай праўды”. Бо настаяцель касцёла Ігнацій Казлоўскі і мясцовы каморнік Фелікс Ражанскі былі блізкімі саратнікамі Кастуся Каліноўскага, узначальвалі нелегальную рэвалюцыйную арганізацыю ў Вялікай Бераставіцы. Нездарма ж у 1865 годзе па загаду генерал-губернатара Мураўёва ён быў зачынены, а Казлоўскі і Ражанскі былі асуджаны да пакарання смерцю. Кажуць, што ў Бераставіцу прыязджаў і Уладзімір Караткевіч, каб пабыць у гэтым касцёле, калі працаваў над раманам “Каласы пад сярпом тваім”.

Дрэва жыцця


z.jpgДва гады таму Вялікая Бераставіца святкавала 500-годдзе. Не свайго заснавання, а першага ўпаміну ў пісьмовых крыніцах, бо мястэчка намнога старэйшае. Надумалі гэтую падзею як-небудзь увекавечыць. Спачатку меркавалі валуном, а потым вырашылі дэкаратыўнай скульптурнай кампазіцыяй. І назваць яе “Дрэва жыцця”. Няхай яна будзе помнікам і Вялікай Бераставіцы, і ўсім пакаленням бераставічан: працаўнікам і ваярам, творцам і хлебаробам, знакамітым землякам і простым местачкоўцам. Стварыў кампазіцыю гродзенскі скульптар, заслужаны дзеяч культуры Беларусі Уладзiмiр Церабун. Яе аснову складае ўмоўная крона дрэва з двух ствалоў, як сімвал велічнасці і сілы прыроды, яе вечнасці. Адначасова ў кроне дрэва можна ўбачыць умоўны сілуэт фігуры чалавека з працягнутымі да сонца рукамі, якія трымаюць крону. Характэрная асаблівасць “Дрэва жыцця” і тое, што ў яго кроне і каранях пластыка жывой прыроды, птушкі з птушанятамі і іншая дробная жыўнасць. А ў цэнтральнай частцы круга, сімвалізуючага сонца, размясцілася вавёрка пад каралеўскай каронай — сімвал мястэчка яшчэ з далёкіх стагоддзяў. Уся кампазіцыя выканана з бронзы. Яе вышыня 4,2 метра.

 

Музей каменных цудаў


z3.jpgМенавіта так называюць школьны музей мінералаў Эйсмантаўскай сэрэдняй школы. Да нядаўняга часу ён быў адзіным на Гродзеншчыне.
У музеі больш за 250 экспанатаў. Гэта карысныя выкапні з розных куткоў Беларусі і іншых краін свету. Тут і мясцовы торф і рэчыцкая нафта, карэліцкая жалезная руда і салігорская калійная соль, і многае іншае. Ёсць у экспазіцыі і рэдкія мінералы: малахіт, ізумруд, шпінэль (рубін) і іншыя з Урала і Забайкалля, Кольскага паўвострава і Карпатаў. У вітрынах музея прыцягваюць увагу мінералы і з далёкіх краін: пясчанік афрыканскі з Алжыра, “сонечны камень” з Аўстраліі, вулканічны туф з італьянскага Везувія і многае іншае.
Арганізатар і стваральнік  музея настаўнік гісторыі Леанід Раманавіч Калеснік. Значная колькасць экспанатаў з яго асабістай калекцыі. У школьным музеі шмат наведвальнікаў не толькi мясцовых, бываюць тут турысты з Польшчы, Літвы і Расіі.

 

Адзінае ў Беларусі

На Бераставіччыне многа чаго або “першае”, ці “пераломнае”, ці “адзінае”. Археолагі НАНБ да нядаўняга часу лічылі Верхаўлянскае свяцілішча, што на Бераставіччыне, адзіным такога тыпу помнікам язычніцкага культу на ўсёй Беларусі. Круглая ў плане пляцоўка дыяметрам каля 7 метраў абкружана ровам глыбінёй да 2 метраў. На пляцоўцы знаходзіліся “палаючыя ахвярнікі”, каля якіх тагачасныя людзі-язычнікі выконвалі свае рытуальныя дзеянні. Аналагічныя свяцілішчы выяўлены ў Паўночнай Букавіне, на Смаленшчыне... А тыдзень назад — яшчэ адно свяцілішча на Бераставіччыне.

Ваш голас вельмі важны!

Дарагія чытачы!
Каб прыняць удзел у выбары цудаў нашай роднай Беларусі, проста запоўніце анкету і пастаўце адзнаку па сямібальнай шкале кожнаму з прапанаваных сёння цудаў Бераставіцкага раёна. Анкеты адпраўляйце на адрас рэдакцыі “Народнай газеты” з прыпіскай на канверце “7 цудаў Беларусі”.
Свае меркаванні аб праекце вы можаце выказаць на сайце рэдакцыі ў Інтэрнэце: www.ng.by

7 цудаў                 Бераставіцкага раёна       Ваша адзнака


Свой Ламаносаў

Бераст і Тавіца

Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі

Вялікая сталіца

Адзінае ў Беларусі

Дрэва жыцця

Музей каменных цудаў

У спіс цудаў Бераставіцкага раёна прапаную ўключыць (чаму)?

______________________________________________________________


Маё імя і прозвішча______________________________________________

Адрас _________________________________________________________

Тэлефон_________________  Чытач “Народнай газеты” з ______ года.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter