I вопыт, i маладосць

Радыёстанцыя “Беларусь”, якая адзначае ў гэтым годзе свой 45-гадовы юбiлей, з гэтага года павялiчыла аб’ём вяшчання. Калi радыёстанцыя толькi стваралася, галоўнай задачай было наладзiць сувязь з суайчыннiкамi за мяжой. Сёння “Беларусь” даводзiць праўду пра нашу гiсторыю, культуру, сучасныя рэалii не толькi прадстаўнiкам беларускiх дыяспар. Цяпер жа, калi павялiчыўся сутачны аб’ём вяшчання (9 гадзiн эфiру на беларускай, рускай, англiйскай, нямецкай i польскай мовах i 10 гадзiн англамоўнага iнтэрнет-вяшчання ў рэжыме рэальнага часу).

“Iнфармацыя, якую выдае радыёстанцыя, вельмi запатрабаваная, — адзначае галоўны дырэктар галоўнай дырэкцыi замежнага вяшчання Беларускага радыё Навум Гальпяровiч. — Пра гэта сведчаць лiсты, што дасылаюць нашы слухачы з ЗША, Iндыi, Кiтая, Новай Зеландыi, Германii, Аўстрыi, Вялiкабрытанii, Расii. Паралельна з асваеннем новых праграм мы працавалi над нашым сайтам у Iнтэрнеце, якi сёння дзейнiчае на пяцi мовах.
Як паказваюць апытаннi, аўдыторыю асаблiва цiкавяць урокi беларускай мовы па-англiйску. Карыстаюцца папулярнасцю i такiя праграмы, як “Беларусь ад А да Я”, “Ад каранёў славянскiх”, “Вытокi нашай духоўнасцi”, якiя знаёмяць людзей ва ўсiм свеце з гiсторыяй, культурай нашай краiны. У эфiры ўжо прагучалi ў перакладзе на англiйскую мову “Зямля пад белымi крыламi” Уладзiмiра Караткевiча, “Людзi на балоце” Iвана Мележа, славутая “Новая зямля” Якуба Коласа.
Больш за дзве тысячы слухачоў наведваюцца сёння на музычны форум, якi вядзецца на англiйскай і нямецкай мовах, складаецца па вынiках iнтэрнет-галасавання i вызначае лепшых беларускiх выканаўцаў. Дарэчы, зараз у лiдэрах гурт “Аляксандра i Канстанцiн”, Палiна Смолава.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter