«Гістарычны слоўнік беларускай мовы» создавался почти 60 лет. Его авторы - претенденты на получение Госпремии

І тахр, і тузін

Пад вокладкамі 37 выпускаў «Гістарычнага слоўніка беларускай мовы» не проста апісанне старабеларускіх лексем ад кароткага слова «а» да зразумелага сучаснікам «ящикъ». Тут змешчана 500 гадоў беларускай гісторыі. Прадстаўлена побач лексіка Францыска Скарыны і Сымона Буднага, Фёдара Еўлашоўскага і Мялеція Сматрыцкага, Іпація Пацея і Пятра Скаргі і многіх іншых вядомых і невядомых асоб, чые імёны не захаваліся да нашых дзён. Тут ключ для адказу на пытанне, хто такія беларусы і чаму яны завуцца высокаразвітым еўрапейскім народам. Амаль шэсцьдзесят гадоў спатрэбілася навукоўцам Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа, каб слоўнік у завершаным выглядзе ўбачыў свет.

 
Навуковы супрацоўнік Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Ганна Федарэнка.
 
Член-карэспандэнт НАН Беларусі доктар філалагічных навук, прафесар Аляксандр Булыка.
Фота аўтара


Чытаю назвы на скрынках картатэчнай шафы ў аддзеле гісторыі беларускай мовы Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа: «сусед — сщыро», «тайна — такт», «шляхта — шпиговати»…

— З гэтай картатэкі ўсё, можна сказаць, і пачалося. Менавіта яна паслужыла асновай «Гістарычнага слоўніка беларускай мовы», — тлумачыць навуковы супрацоўнік Ганна Федарэнка. — Вы бачыце толькі адну шафу, а такіх шэсць. Усяго картатэка налічвае 1 мільён 60 тысяч картак і ўжо сама па сабе з’яўляецца культурнай каштоўнасцю, бо прадстаўляе ўнікальнае сховішча лексікі даўняй беларускай пісьменнасці.

Ганна Уладзіміраўна выцягвае адну са скрынак — у ёй шчыльна размешчаны карткі з выпісанымі чарнілам сказамі. Адразу і не расчытаеш — спатыкаешся аб літары, якія ў сучаснай беларускай мове не выкарыстоўваюцца. Тэксты ж узяты з рукапісных і друкаваных крыніц ХІV—ХVІІІ стагоддзяў.

— Моваведы прааналізавалі каля 120 старажытных кніг і рукапісаў (летапісы, хронікі і хранографы, воінскія і рыцарскія аповесці і раманы, мемуарныя і публіцыстычныя творы, жыціі, павучэнні, біблейскія тэксты, статуты), тысячы старонак актавага матэрыялу (прывілеі, судовыя рашэнні, тастаменты, міждзяржаўныя дамовы і пагадненні), — расказвае навуковы супрацоўнік.

Справа няпростая. Перш-наперш трэба было скласці поўны пералік старабеларускіх помнікаў. Вучоныя карысталіся даследаваннямі бібліёграфаў і філолагаў В. Сопікава, І. Каратаева, В. Ундольскага, А. Зёрнавай, Я. Карскага, А. Сабалеўскага і іншых. Затым неабходна было вызначыць месцазнаходжанне гэтых крыніц і атрымаць да іх доступ. Член-карэспандэнт НАН Беларусі, доктар філалагічных навук, прафесар, рэдактар усіх выпускаў слоўніка Аляксандр Булыка ўспамінае:

— У Беларусі захавалася вельмі мала старажытных пісьмовых помнікаў. Яны аказаліся вывезенымі ў Расію, Польшчу, Літву, Латвію, іншыя краіны. Таму многія матэрыялы выпісвалі з-за мяжы. Вядома, нам дасылалі не арыгіналы — фотакопіі і мікрафільмы. Трэба было расчытаць тэксты, уручную напісаць карткі, выпрацаваць прынцыпы складання слоўніка.

Толькі гэты першы этап заняў дванац­цаць гадоў — з 1960 па 1972 год. Над стварэннем картатэкі працавалі 17 чалавек. Пасля моваведы прыступілі да ўласна лексікаграфічнай апрацоўкі сабранага матэрыялу і яго выдання.

— Самае складанае было раскрыць сэнс слова, — успамінае Аляксандр Мікалаевіч. — З аднаго кантэксту часам было цяжка зразумець, што яно значыць. Параўноваліся матэрыялы розных помнікаў. Калі ўзнікалі пытанні, раіліся паміж сабой, шукалі словы ў іншых слоўніках, напрыклад старапольскім. Цяжкасць заключалася яшчэ ў тым, што ў саміх пісьмовых крыніцах здараліся памылкі і недакладнасці. Параўноўваліся друкаваныя выданні з рукапісамі, рабіліся бясконцыя папраўкі. Памятаю, як не мог зразумець сэнс зафіксаванага на картцы слова «бовтузинъ». А пасля разабраўся, што гэта не адно слова, а тры, проста ў сказе ­«будуць куповати… рѣчи тахромъ або въ тузинъ» яны былі напісаны разам. «Або ў тузін» значыць «або па 12 штук».

Картатэка налічвае 1 мільён 60 тысяч картак і ўжо сама па сабе з’яўляецца культурнай каштоўнасцю.

Першы выпуск «Гістарычнага слоўніка беларускай мовы», у якім апісаны лексемы ад «а» да «биенье», убачыў свет у 1982 годзе.

— Гэта быў самы цяжкі і адказны вы­пуск, — гаворыць Аляксандр Бу­лыка. — Загадчык сектара гісторыі беларускай мовы, член-карэспандэнт НАН Беларусі, доктар філалагічных навук, прафесар Аркадзій Жураўскі, які кіраваў праектам і быў галоўным рэдактарам чатырнаццаці першых выпускаў, даручыў мне распрацаваць некалькі слоўнікавых артыкулаў на самыя складаныя словы, раздрукаваць на машынцы і пакласці на стол, каб усе астатнія глядзелі, як трэба рабіць. Калі з’явіўся ўзор, працаваць стала прасцей. Але тым не менш кожны слоўнікавы артыкул патрабаваў вельмі шмат увагі, засяроджанасці і ўдумлівасці.

Сёння, адкрываючы слоўнік, побач з загаловачным словам мы бачым не толькі яго тлумачэнне, але і граматычную памету, якая ўказвае на часцінамоўную прыналежнасць слова, ілюстрацыю цытатамі з помнікаў пісьменнасці, што дастаткова поўна характарызуюць ужывальнасць слоў у старабеларускай мове.

— Важна было адлюстраваць у слоўнікавым артыкуле першую фіксацыю слова, адзначыць усе выяўленыя ў помніках графіка-арфаграфічныя, словаўтваральныя і граматычныя варыянты аднаго слова, раскрыць усе яго значэнні (некаторыя мелі адно значэнне, а некаторыя і больш за 20 (!), паказаць наяўнасць фразеалагічных і ўстойлівых словазлучэнняў з ім. Акрамя гэтага, трэба было прэзентаваць ілюстрацыйны матэрыял так, каб былі прадстаўлены розныя жанры пісьменнасці, — расказвае пра работу лексікографаў Ганна Федарэнка.

Усяго ў 37 выпусках слоўніка (апошні ўбачыў свет у 2017 годзе) апісана каля 75 тысяч лексем старабеларускай літаратурна-пісьмовай мовы. Агульны аб’ём выдання складае 14 136 старонак. Слоўнікавыя артыкулы распрацоўвалі некалькі пакаленняў беларускіх моваведаў: А. Жураўскі, А. Булыка, Т. Блізнюк, І. Будзько, П. Вярхоў, Р. Гамзовіч, А. Груца, Н. Паляшчук, Н. Кажура, І. Крамко, З. Кудрэйка, Г. Лапцёнак, В. Мяснікова, А. Напорка, Н. Пышкала, Л. Рабаданава, С. Рапацэвіч, У. Свяжынскі, З. Турцэвіч, А. Хромчанка, Г. Ціванова, Л. Шыпалава, Г. Федарэнка, Э. Ялоўская, А. Яновіч, Э. Ярмоленка. На жаль, некаторыя з іх так і не дачакаліся завяршэння праекта, але відавочна, што без іх намаганняў ён не быў бы рэалізаваны.

Адзначым, што першыя спробы лексікаграфічнай апрацоўкі слоўнікавага складу старажытнай беларускай пісьменнасці адносяцца да сярэдзіны ХІХ стагоддзя і звязаны з імёнамі І. Насовіча, І. Навіцкага, М. Гарбачэўскага.

Сярод прааналізаваных кніг — «Трыбунал» 1586 года.
— Неабходнасць падрыхтоўкі спецыяльнага слоўніка старабеларускай мовы разумеў у свой час і Яўхім Карскі. Але ў сувязі з вялікім аб’ёмам працы складанне слоўніка вучоны адносіў да задач больш-менш аддаленай будучыні і лічыў, што здавальняюча гэту работу зможа выканаць нейкая спецыяльная навуковая ўстанова, — гаворыць Ганна Федарэнка.

Вялікае значэнне надавалася слоўніку ў сярэдзіне 20-х гадоў ХХ стагоддзя. На думку навукоўцаў, ён мог бы стаць крыніцай узбагачэння лексікі сучаснай беларускай літаратурнай мовы.

— На жаль, тады работа над слоўнікам была спынена ў яе пачатковай стадыі: пачаліся 30-я гады — час рэпрэсій. Пытанне аб узнаўленні праекта было зноў пастаўлена толькі ў 1960 годзе, — расказвае Ганна Ула­дзіміраўна і тут жа дадае: — Ад разумення таго, што думкі пра слоўнік з’явіліся яшчэ ў ХІХ стагоддзі і што ты ўдзельнічаў у гэтай працы і давёў яе да канца, адчуваеш вялікае хваляванне і гонар. «Гістарычны слоўнік беларускай мовы» — першае і адзінае завершанае ва ўсходнеславянскім мовазнаўстве апісанне слоўнага запасу беларускай мовы XIV—XVIII стагоддзяў.

Нездарма работа «Лексiкаграфiчнае апiсанне слоўнага фонду беларускай мовы XIV—XVIII cтст. («Гiстарычны слоўнiк беларускай мовы» ў 37 выпусках)» вылучана на атрыманне Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь 2020 года ў галіне навукі і тэхнікі. «Гістарычны слоўнік беларускай мовы» — крыніца пазнання мінулага Беларусі, якая дае багатыя і разнастайныя звесткі аб сацыяльна-эканамічным і грамадска-палітычным жыцці, матэрыяльнай і духоўнай культуры беларускага народа ў старажытнасці. На базе матэрыялаў слоўніка напісаны сотні навуковых работ (манаграфій, артыкулаў, дысертацый), прысвечаных гісторыі як асобных слоў, так і цэлых лексічных пластоў — калі з’явіліся, што абазначалі, дзе ўжываліся. Ён можа стаць крыніцай папаўнення сучаснага лексічнага фонду. Да прыкладу, слова «мыто» было забыта на стагоддзі, а сёння зноў функцыянуе ў мове.

Выкарыстоўваецца слоўнік таксама пры выкладанні гістарычных і філалагічных дысцыплін у вышэйшых і сярэдніх навучальных установах, пры стварэнні падручнікаў, дапаможнікаў і практыкумаў па гістарычнай граматыцы, гістарычнай лексікалогіі, марфалогіі, сінтаксісе, фразеалогіі, стылістыцы і г. д. Вядомы ён і замежным даследчыкам, якія цікавяцца лёсам беларускай мовы, міжмоўнымі сувязямі, пытаннямі паходжання слоў. Гэта выданне каштоўнае не толькі для моваведаў. Яно запатрабавана ў асяроддзі гісторыкаў, археолагаў, юрыстаў, культуролагаў, літаратуразнаўцаў, пісьменнікаў. Работа мае велізарнае значэнне з пункта погляду аховы нацыянальнай культурнай спадчыны Беларусі — гэта помнік беларускай культуры наогул. І галоўнае, слоўнік сведчыць, што беларусы — высокаразвіты еўрапейскі народ, які мае даўнюю гісторыю, багатую культуру, старажытную і прыгожую мову.


ДАРЭЧЫ

За фундаментальную работу «Лексiкаграфiчнае апiсанне слоўнага фонду беларускай мовы XIV—XVIII cтст. («Гiстарычны слоўнiк беларускай мовы» ў 37 выпусках)» калектыў аўтараў — Аркадзій Жураўскі (пасмяротна), Аляксандр Булыка, Іван Крамко (пасмяротна), Валянціна Мяснікова, Ганна Федарэнка — вылучаны на атрыманне Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь 2020 года ў галіне навукі і тэхнікі.

МЕРКАВАННЕ

Ігар Капылоў, дырэктар філіяла «Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа» Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі:

— «Гістарычны слоўнік беларускай мовы» называюць праектам стагоддзя беларускай гуманітарнай навукі. Нічога падобнага да гэтага не было ў нашай гісторыі. Праекты па стварэнні слоўнікаў такога тыпу яшчэ не завершаны і ў нашых суседзяў — у рускіх, украінцаў. Фактычна гэты слоўнік ахоплівае мову больш чым 500-гадовага перыяду. Ён унікальны тым, што пад адной вокладкай змяшчае лексіку разнажанравых тэкстаў. Да таго ж усе моўныя скарбы беларусаў, разрозненыя часам і месцам, прыведзены ў сістэму. Чым важна гэта выданне для сучаснікаў? Калі мы знаходзімся ў стане пабудовы дзяржавы і фарміравання нацыянальнай ідэі, вельмі важна ўсведамляць, што мы маем такую багатую гісторыю і што наша мова была дзяржаўнай мовай такой магутнай еўрапейскай краіны, як Вялікае Княства Літоўскае. Сведчаннем чаго і з’яўляецца слоўнік. Існуе думка, што нацыя сфарміравалася тады, калі ёсць пераклад Бібліі на нацыянальную мову. А я гэту думку працягваю — і калі ёсць такі гістарычны слоўнік.

mila@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter