Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Званнем “Почётный ветеран Сыктывкара” адзначаны сябры суполкі “Беларусь” у Рэспубліцы Комі

І стваралі, і будавалі

“У далёкім 1969 годзе адбыўся першы гарадскі злёт ветэранаў сталіцы, — успамінае Уладзімір Пысцін, старшыня савета ветэранаў горада Сыктыўкар. — На ім 800 дэлегатаў пачалі летапіс такога руху. З самага пачатку ветэранская арганізацыя стала рэальнай сілай, з якой нельга было не лічыцца”.

Супляменнікі — ганаровыя ветэраны Сыктыўкара
На яе рахунку цяпер шмат добрых спраў. Пра гэта можа падрабязна распавесці Тамара Курманава, намесніца старшыні савета ветэранаў, старшыня камітэта па гісторыі ветэранскага руху Сыктыўкара. Галоўнае, лічыць яна, што не забытыя людзі, якія прысвяцілі сябе развіццю горада і рэспублікі. Напрыклад, заснавана званне “Ганаровы ветэран Сыктыўкара”, якога ўдастоена ўжо больш за 180 сыктыўкарцаў. Сярод іх ёсць і журналісты. Менавіта пра іх у 2015 годзе Ул. Пысцін у суаўтарстве з А. Сугоравым выдаў кнігу “Звания почётный — достойны”. У ёй ёсць нарыс і пра беларуса Мітрафана Курачкіна.

З Нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларусь” у Комі ганаровага звання ўдастоены Ягор Якімчанка, Мітрафан Курачкін, Галіна Балюй, Аркадзь Крупенька і Зінаіда Губер.

Раскажу коратка пра іх. Ягор Аляксеевіч Якімчанка нарадзіўся 5 мая 1952 года ў  вёсцы Люба Слаўгарадскага раёна, што на Магілёўшчыне. Ён закончыў у Гомелі (1972) політэхнічны тэхнікум і быў размеркаваны на працу ў Комі. Ён — будаўнік, і вельмі добры! За добрасумленную працу мае мноства ганаровых грамат. Ягор Якімчанка ніколі не цураўся грамадскай працы. Усць-Вымскае зямляцтва хадайнічала аб прысваенні яму звання “Почётный ветеран Сыктывкара” (на здымку ён стаіць першы злева). Пра жыццёвы шлях Ягора Аляксеевіча падрабязней можна даведацца з яго кнігі “Нам не дано предугадать”, выдадзенай у суаўтарстве з А. Сугоравым у 2016 годзе ў Сыктыўкары.

Мітрафан Іванавіч Курачкін (на здымку стаіць справа) па прафесii журналіст, Заслужаны работнік Рэспублікі Комі. Пра яго шмат напісана ў кнігах, часопісах, газетах. З Аркадзем Крупенькам яны склалі адметную кнігу пра беларусаў “След на северной земле” (2006). У ёй жа надрукаваны вялікі нарыс Ул. Каракчыева “Белорусский характер” (с. 82-94). Мітрафан Курачкін выдаў дзве ўласныя кнігі: “Магия обыкновенных букв” (2015) і “Смеяться, право, не грешно”. Ён шмат друкуецца ў літаратурных альманахах. Да звання яго прадставіла ветэранская журналісцкая арганізацыя горада Сыктыўкара.

Галіна Аляксееўна Балюй (на здымку сядзіць злева) — даўняя ўдзельніца народнага хору беларускай НКА “Купалінка”. Пра яе жыццёвы шлях можна прачытаць у згаданай вышэй кнізе “След на северной земле”, у артыкуле “С песней по жизни” (с. 283). Званне “Почётный ветеран Сыктывкара” Галіне Балюй прысвоена па прадстаўленні ветэранскай арганізацыі Рэспубліканскай стаматалагічнай паліклінікі, у якой яна працавала з 1971 па 2003 год.

Аркадзь Сцяпанавіч Крупенька (на здымку сядзіць у цэнтры) — чалавек вядомы не толькі ў Комі, але і ў Маскве, і ў Мінску. Заслужаны работнік Рэспублікі Комі. Пра яго надрукавана шмат артыкулаў у рэспубліканскіх газетах і ў беларускіх СМІ. А. Крупенька і сам часта піша нататкі ды артыкулы. Напярэдадні новага года пошта даставіла нам з Мінска газету “Голас Радзімы”, у якой змешчаны яго артыкул пра адкрыццё ў Сыктыўкары Дома дружбы народаў. Артыкул называецца “Наваселле ў Сыктыўкары”. Званне “Почётный ветеран Сыктывкара” яму прысвоена па ініцыятыве усць-куломцаў, дзе вядомы беларус працаваў доўгі час і кіраваў раёнам: быў першым сакратаром Усць-Куломскага райкама КПСС. Нарыс пра яго раім прачытаць у кнізе “След на северной земле” (с. 62-69). А. Крупенька доўгі час быў нязменным старшынёй беларускай НКА, а нядаўна яго абралі Ганаровым старшынёй гэтай арганізацыі.

Зінаіда Уладзіміраўна Губер (на здымку сядзіць справа) — адна з тых, хто стаяў ля вытокаў стварэння мастацкай самадзейнасці беларускай дыяспары. Падрабязна пра яе лёс расказана ў вялікім нарысе “Рождённая на поселении “, які надрукаваны ў кнізе “След на северной земле” (с. 49-54). Званне “Почётный ветеран Сыктывкара” ёй нададзены па хадайніцтве беларускай аўтаноміі.

Тамара Курачкіна, 

член Саюза журналістаў Расіі

Голас Радзімы № 25 (3529), пятніца, 7 ліпеня, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter